Журналісты вобласці пазнаёміліся з Мастамі
10:03 / 18.10.2019
У нагу з часам
Што тычыцца назвы Масты, то ў раёне існуе некалькі аднайменных населенных пунктаў. Горад узнік дзякуючы будаўніцтву ў 1927 годзе братамі Канапацкімі фанернага завода – сённяшняга адкрытага акцыянернага таварыства «Мастоўдрэў».
Менавіта з гэтага буйнейшага дрэваапрацоўчага прадпрыемства і пачалося знаёмства журналістаў з Мастоўскім раёнам.
У 2015 годзе закончылася мадэрнізацыя прадпрыемства, але яно працягвае развівацца. Па словах дырэктара Сяргея Асосава, у бліжэйшых планах адкрыццё лесапільнага цэха і цэха пілетаў.
– На мадэрнізацыю было зрасходавана каля 200 мільёнаў еўра – якаснае абсталяванне каштуе нятанна. Але яно сябе акупляе. Да таго ж сёння мы знаходзімся ў тройцы лідараў сярод прадпрыемстваў дрэваапрацоўкі рэспублікі, – расказаў дырэктар ААТ «Мастоўдрэў» Сяргей Асосаў.
Сёння на заводзе працуе каля 1 700 чалавек. Прадукцыя прадпрыемства карыстаецца попытам. Каля 95 працэнтаў яе ідзе на экспарт у краіны СНД, Еўропы і Бліжняга і Далёкага Усходу. Радуюць працаўнікоў і заробкі, сярэдні ўзровень якіх перасягнуў 1 100 рублёў.
Цудоўныя дываны
У аграгарадку Гудзевічы размешчаны адзін з цудаў раёна – літаратурна-краязнаўчы музей, экспазіцыя якога вядома далёка за межамі Мастоўшчыны.
Славіцца музей у першую чаргу дыванамі, вытканымі ў тэхніцы падвойнага ткацтва. Дарэчы, з 2011 года гэтая калекцыя ўваходзіць у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Вядомы музей і тым, што яго супрацоўнікам удалося аднавіць традыцыі ткацтва мінулага стагоддзя.
– Штогод у чэрвені на базе музея праходзяць майстар-класы па двайному ткацтву, – расказала яго кіраўнік Вікторыя Палойка. – Так мы стараемся перадаць свае ўменні наступным пакаленням.
У музеі знаходзіцца некалькі кроснаў. А нядаўна па старых эскізах былі зроблены невялікія перанасныя, каб пашырыць навучанне дзяцей і дарослых.
Асобная частка музея прысвечана літаратурнай Мастоўшчыне – тут асаблівае месца адведзена Элізе Ажэшцы, якая стварыла ў гэтай старонцы свой вядомы раман «Над Нёманам».
У складзе музея – і беларуская хатка, перавезеная з адной з вёсак раёна. У ёй можна пазнаёміцца з жыццём звычайнай сялянскай сям’і.
Новыя тэхналогіі
Не толькі цудоўнымі самаробнымі дыванамі славяцца Гудзевічы.
У аграгарадку працуе аднайменнае прадпрыемства – закрытае акцыянернае таварыства «Гудзевічы», дырэктар якога распавёў журналістам пра яго дасягненні і навінкі глебаапрацоўкі, якімі карыстаюцца ў сельгасарганізацыі.
Сярод сельскагаспадарчых прадпрыемстваў – іх, дарэчы, на Мастоўшчыне сем – «Гудзевічы» лічыцца перадавіком. Спецыялізуецца таварыства на вытворчасці мяса і малака, вырошчванні зерня, бульбы і цукровых буракоў.
На мехдвары пачэснае месца займаюць навінкі тэхнікі ад нямецкай фірмы «Лемкен» – гаспадарка набыла абсталяванне ў лізінг і вельмі задаволена яго работай.
– Галоўнае, што гэты агрэгат зніжае расходы на паліва і адпаведна – затраты на вытворчасць прадукцыі, таму што некалькі аперацый можна рабіць за адзін заход, – расказаў журналістам дырэктар прадпрыемства Андрэй Санько.
Сёння ЗАТ «Гудзевічы» прыбытак накіроўвае не толькі на набыццё новай сучаснай тэхнікі, але і на развіццё аграгарадка. У ім адкрыты сталовая і магазін, яшчэ адзін гандлёвы аб’ект у хуткім часе з'явіцца ў раённым цэнтры.
Дадзеную на пачатку працоўнай дзейнасці маладому кіраўніку параду «Працуй, сынок!» Андрэй Санько паспяхова ажыццяўляе на роднай мастоўскай зямлі.
Экалагічнае земляробства
На Мастоўшчыне створана 16 фермерскіх гаспадарак – і раён, як ні які іншы на Гродзеншчыне, можа ганарыцца іх развіццём.
Сярод іх асаблівае месца займае сялянска-фермерская гаспадарка «Гарызонт», якую ўзначальвае Генрых Мыслівец.
Асаблівасць гаспадаркі ў тым, што тут спрабуюць вырошчваць экалагічна чыстыя прадукты.
– Мы зніжаем выкарыстанне пестыцыдаў на вырошчванне агародніны, – дэманструючы сваю прадукцыю, расказвае фермер. – Зразумела, што ў адзін момант перайсці на арганічныя ўгнаенні практычна немагчыма, але можна адмовіцца ад выкарыстання гербіцыдаў.
На скрыжаванні дарог у вёсцы Пладовая размешчаны аднайменны магазін – менавіта ў ім і рэалізуе сваю прадукцыю фермер. Бульба, цыбуля, морква, буракі, перцы, тыквы, кабачкі, капуста – усё гэта можна набыць у натуральным і перапрацаваным выглядзе.
А як атрымаць добры ўраджай на аснове айчынных біяпрэпаратаў, журналістам расказалі супрацоўнікі Акадэміі навук.
«Прынёманскі»
Такая назва фізкультурна-аздараўленчага комплексу – невыпадковая.
У Мастах многае звязана з Нёманам.
Напрыклад, падвясны пешаходны мост над Неманам даўжынёй 193 метры – візітная картка горада. З нядаўняга часу да такіх візітак далучыўся фізкультурна-аздараўленчы комплекс «Прынёманскі», які ўрачыста адкрылі ў канцы жніўня.
Рэканструкцыя аб’екта прайшла за бюджэтныя сродкі. Сёння гэта адно з любімых месцаў адпачынку мастаўчан.
З першых вуснаў
Юрый Валяваты, старшыня Мастоўскага райвыканкама:
– Мастоўскі раён дынамічна развіваецца. У нас рэалізуюцца трансгранічныя праекты, укараняюцца новыя тэхналогіі ў сельскай і фермерскіх гаспадарках, будуецца жыллё. Вялікая ўвага надаецца сектару эканомікі.