"Што? Дзе? Калі?" для каманды "Надзея"

08:05 / 14.12.2011

Ветэранская каманда “Надзея” не займае пакуль першыя радкі турнірнай табліцы раённага чэмпіянату па інтэлектуальных гульнях. Але прыкметна набірае ачкі, што сведчыць аб добрым патэнцыяле. А галоўнае – з кожным разам у яе ігракоў мацнее жаданне дабівацца поспехаў, што не можа не выклікаць павагу. Дык будзем знаёмы!




У інтэлектуальным клубе гэтую каманду называюць ветэранскай: у яе склад увайшлі ветэраны працы, у асноўным – педагагічнай. Капітан Таццяна Мечыславаўна Граблеўская і Леакадзія Францаўна Александровіч – настаўнікі гісторыі, Ніна Аляксееўна Калчанава – літаратуры, Святлана Пятроўна Бацюлева – псіхолаг. І толькі Ала Вячаславаўна Віткоўская ды Дзеанізій Сцяпанавіч Сямёнаў працавалі ў іншых сферах — у прадпрымальніцтве і лясной гаспадарцы. Паўнапраўным сваім сябрам каманда лічыць спартыўнга трэнера Аляксея Зянонавіча Маргужа, але з-за спецыфікі прафесіі – частых выездаў на спаборніцтвы па боксу – яму не заўсёды выпадае магчымасць пазмагацца на інтэлектуальным рысталішчы. Затое, калі ўдаецца, задавальненне і зарад энергіі атрымлівае вялікія.
Сабрацца разам за межамі гульнёвай залы камандзе цяжка, таму мы дамовіліся пагутарыць перад пачаткам апошняй гульні года. Пытанні былі без прэтэнзіі на арыгінальнасць: ШТО, ДЗЕ, КАЛІ прабудзіла цікавасць да інтэлектуальных гульняў?
Ала Вячаславаўна Віткоўская: У першую чаргу тэлегульня ў клубе знатакоў, яшчэ з тае пары, калі яе вёў Уладзімір Варашылаў, а пасля яго смерці – Барыс Крук. Стараюся не прапускаць, гляджу кожную. Гэта цікава, жыва, пазнавальна. Такая інтэлектуальная зарадка! А калі ў Астраўцы арганізавалі раённы чэмпіянат, Таццяна Граблеўская прапанавала мне далучыцца – стварыць каманду інтэлектуалаў і ўдзельнічаць у гульнях. Згадзілася адразу і з радасцю. І калі я чагосьці не ведаю, дык ведаюць іншыя. Інтэлектуальная гульня важная найперш узаемным абагачэннем, абменам пазнаннямі ў розных галінах навукі, мастацтва, літаратуры. А ўвогуле, я – чалавек актыўны, люблю ўдзельнічаць у розных мерапрыемствах.
Ніна Аляксееўна Калчанава: А для мяне найбольш важныя найперш стасункі з цікавымі людзьмі. Мяне таксама ўгаварыла ўвайсці ў каманду Таццяна Мечыславаўна. Захацелася праверыць свае веды. Згодна з Алай Вячаславаўнай: займальна, пазнавальна. Не адкажаш на якое-небудзь пытанне сам, пачуеш адказ ад іншай каманды і запомніш. Тут даведваемся многа новага.
Дзеанізій Сцяпанавіч Сямёнаў: Усе мы “выйшлі” з тэлегульні. Я гляджу “Што? Дзе? Калі?” на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў, памятаю ігракоў тэлеклуба розных пакаленняў. Ёсць любімыя каманды, за якія з жонкай “хварэем” перад тэлеэкранам. Свае сілы на інтэлектуальным рынгу пачаў выпрабоўваць у Астраўцы, спачатку на трэніроўках-размінках у рэдакцыі, калі каманда журналістаў рыхтавалася да чэмпіянату на прыз ашмянскай раённай газеты. Пару разоў з’ездзіў на гульню балельшчыкам, а потым нават выступаў у ролі іграка. Спадабалася. Ды настолькі, што не прапусціў ніводнай астравецкай гульні і самастойна, прымасціўшыся ў баку ад каманд, спрабаваў адказваць на пытанні. А аднойчы Ніна Аляксееўна Рыбік “сасватала” мяне ў каманду “Надзея”.
Святлана Пятроўна Бацюлева: Я не буду арыгінальнай: тэлегульня, навіна пра тое, што ў Астраўцы таксама актывізаваліся эрудыты, запрашэнне прыняць удзел у гульні ад Таццяны Мечыславаўны і Леакадзіі Францаўны Александровіч. Спачатку яны толькі наведвалі гульні з цікавасці, а потым і самі сталі ўдзельнічаць. І з такім захапленнем мяне агітавалі!...
Таццяна Мечыславаўна Граблеўская, капітан: Вядома, тэлегульня адыграла сваю ролю – яна пабудзіла праводзіць падобныя спаборніцтвы эрудытаў у гімназіі, дзе я працавала. Самі прыдумвалі пытанні, калектыўна шукалі адказы на іх. На адным з раённых турніраў паспрабавалі выступіць камандай сваякоў – у складзе майго брата і стрыечных сясцёр. На жаль, па розных аб’ектыўных прычынах каманда распалася. Потым я прыходзіла на гульні адна, слухала пытанні і адказы, супастаўляла са сваімі... А цяпер вось разам гуляем.
Леакадзія Францаўна Александровіч: Не буду паўтарацца, скажу толькі: паспрабаваўшы гуляць у камандзе гімназіі, атрымала такое задавальненне, што адмовіцца ад прапановы Таццяны Мечыславаўны нават у галаву не прыйшло.
–У якой галіне ведаў вы адчуваеце сябе моцнымі?
Ала Вячаславаўна:
Культура, мастацтва, кіно – рэжысура, акцёры, літаратура – руская, савецкая, замежная. З навукай справа больш складаная, цяжка сачыць за новымі дасягненнямі. А ўвогуле люблю заданні на логіку, больш, чым на веды – тут памяць можа падвесці. Мне лягчэй тэарэму даказаць, чым яе вывучыць.
Ніна Аляксееўна: Шкадую, што мала бывае пытанняў аб жывапісе – мастаках, карцінах. Тут такі пласт неспазнанага...
Святлана Пятроўна: Галіна, у якой я спецыяліст па адукацыі — псіхологія, якраз рэдка закранаецца на інтэлектуальных гульнях. Але, спадзяюся, калі патрабуецца хутка думаць і прымаць рашэнне, выбраць правільную версію з выказаных, я магу дапамагчы камандзе.
Таццяна Мечыславаўна: Адназначна сказаць цяжка: часам хутка знойдзеш правільны адказ на пытанне з малазнаёмай галіны ведаў і “паплывеш” на добра вядомай гістарычнай, не ўспомніш нечага і – усё тут. А парой не ведаеш дакладна, ды на логіцы “выскачыш”.
Дзеанізій Сцяпанавіч: Мяне са школьных гадоў цікавілі прыродазнаўчыя навукі, руская і замежная літаратура. Прыемна, калі ўдаецца нешта ўспомніць і даць правільны адказ. А ўвогуле кожны ігрок валодае пэўным багажом ведаў і ўносіць свой уклад. Так і павінна быць у камандзе.
–А Аляксей Зянонавіч Маргуж, напэўна, вялікі знаўца ў пытаннях спорту?
Хорам: Не толькі. У яго вялікая эрудыцыя. Увогуле, мужчыны мысляць інакш, логіка ў іх іншая, што моцна выручае каманду.
Святлана Пятроўна: Нягледзечы на крыху большы за сярэдні ўзрост ігракоў, наша каманда яшчэ маладая па стажу ўдзелу ў чэмпіянаце. Нам пакуль не хапае згулянасці, але гэта, лічу, справа нажыўная. Мы вучымся ў вопытных інтэлектуалаў, спрабуем спасцігнуць тэхналогію гульні праз саму гульню, самаўдасканальваемся. Не спрабуем шукаць адказы на пытанні ў інтэрнэце – яны нараджаюцца за гульнёвым сталом, так бы мовіць, у нетрах каманды. Галоўнае для нас зараз – дасягнуць згулянасці. Жорсткага размеркавання роляў у камандзе няма. Так, ёсць капітан, які выбірае лепшую версію, сакратар, што трымае форму пытання, ёсць людзі з аналітычным мысленнем, але ў абмеркаванні пытання ўдзельнічаюць усе. Хіба што “слухачом” мы яшчэ не абзавяліся.
На мой погляд, мы знаходзімся на другім этапе – узаемаразумення, узаемадапамогі, узаемавыручкі. Якім будзе трэці этап, пакуль не ведаю, але, думаецца, згуртаванасці, цэльнасці дасягнем.
Дзеанізій Сцяпанавіч: За час раённага чэмпіянату мы толькі двойчы гулялі ў поўным складзе, звычайна садзіліся за стол учатырох або ўпяцярых і ў гэтым, лічу, наша галоўная праблема. У камандзе каштоўны кожны ігрок, бо кожны ведае нешта, чаго не ведаюць астатнія.
Ніна Аляксееўна: А яшчэ часу нам не хапае – паўхвілінкі, пятнаццаць секунд... Можа таму пакуль прайграем.
Святлана Пятроўна: Нельга сказаць, што мы прайграем – на некаторыя пытанні ўсё ж адказваем правільна. І выйграем – папаўняем запас сваіх ведаў. Галоўнае ўсё ж – удзельнічаць, а перамогі яшчэ будуць. А сапраўдны пройгрыш настае, калі чалавек пакідае поле бою.
–На пытанні, што задаюцца ігракам на тэлегульнях, спрабуеце адказваць? Лежачы дома на канапе, усё лёгка бяром (агульны смех: О, так!):
Таццяна Мечыславаўна: Спрабую, канешне, але не вельмі паспяхова, бо пытанні там павышанай складанасці.
Святлана Пятроўна: Раней на час абмеркавання я выключала гук, каб у цішыні падумаць над адказам. А цяпер – не, бо назіраю за тым, як ігракі выказваюць свае версіі, як капітан робіць выбар. Вядома, прыемна, калі правільная версія знаходзіцца і ў мяне. Зусім розныя адчуванні, калі проста наглядаеш за гульнёй і ўдзельнічаеш у ёй сам.
–І, нарэшце, як нарадзілася назва каманды?
Ала Вячаславаўна:
На першай гульні я прапанавала назваць каманду “Надзея”. Імя прыжылося. Можна, напэўна, было прыдумаць лепшае...
Святлана Пятроўна: Не скажыце! Між іншым, надзея звязана са старажытна-грэчаскім міфам аб Праметэі. Ён прынёс людзям агонь, але ўзамен пазбавіў іх дару прадбачання, пакінуўшы толькі сляпую надзею. Што такое прадбачанне? Ведаць усё наперад. Ды гэта ж нецікава, сумна. А надзея – гэта жыццё. Чалавек абапіраецца на свой і чужы вопыт, веды, сілы, розум і – дасягае поспеху. Вось і мы спадзяемся і верым у перамогу сваёй каманды.
–Дык няхай вашы спадзяванні збудуцца!


Таіса СЯМЁНАВА, фота аўтара.