Открываем новое об известном художнике, уроженце Островетчины, Марьяне Богуше-Шишке

17:42 / 24.04.2016
1
богуш шишкаІмя Мар’яна Шышкі-Богуша, папулярнага ў свеце мастака, ішло да  Астравецкага раёна досыць доўга. Замаруджанне выклікалася тым, што ў ранейшых – ды і ў цяперашніх – манаграфіях і альбомах месца яго нараджэння, былы маёнтак Трокенікі, вызначаўся і вызначаецца даволі прыблізна – “на Віленшчыне”, таму беларускіх мастацтвазнаўцаў ён амаль не цікавіў. Яны лічылі, што Трокенікі знаходзяцца дзесьці ў сённяшняй Літве.

Маё ж асабістае знаёмства з нашым суайчыннікам таксама пачалося позна і выпадкова.

У 1988 годзе я ўдзельнічаў у чарговым кангрэсе славістаў у славацкай сталіцы Браціславе, выступаў там з дакладам пра Францыска Скарыну як прыхільніка збліжэння і ўзаемаразумення паміж людзьмі, народамі, краінамі і канфесіямі. А ў якасці “ўзнагароды” за гэтае выступленне мой калега, прафесар Кракаўскага ўніверсітэта і ўраджэнец Беларусі Здзіслаў Нядзеля, перад адпраўленнем цягніка прынёс мне ў падарунак польскі даведнік пра эмігрантаў з тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай.

Ведаючы, што ў такім даведніку я натраплю на сваіх землякоў, адразу ў вагоне пачаў гартаць кнігу, звяртаючы ўвагу толькі на месца нараджэння асоб. І неўзабаве натрапіў на словы: “БОГУШ ШЫШКА (так раней пісалася яго прозвішча. Заўв. А.М.) Марыян”. Нарадзіўся ж гэты мастак, матэматык і педагог 15 лютага 1901 года (гэта значыць, што зусім нядаўна мы павінны былі б адзначыць 115-годдзе яго з’яўлення на свет, ды неяк забыліся) “у маёнтку Трокенікі на Віленшчыне”, у сям’і дробнага шляхціца.

Трокенікі? – падумалася тады. – Дык я ж там быў падчас першай сваёй журналісцкай практыкі ў “Астравецкай праўдзе”! Згадаўся мне прыгожы неабарочны, патынкаваны набела сядзібны дамок, акружаны старымі прысадамі. Размешчаны ён непадалёку ад Полацкага тракта, які працінае Астравецкі раён з захаду на ўсход… Але, можа, не тут нарадзіўся славуты мастак? Можа, на тэрыторыі былой Віленскай губерні (ваяводства), а сённяшняй Літвы ёсць яшчэ Трокенікі?

Вярнуўшыся ў Мінск, я ўважліва прагледзеў розныя даведнікі. Не, іншых Трокенікаў на Віленшчыне няма і не было – толькі гэтыя, якія ўпершыню пісьмова згаданы яшчэ ў 1462 годзе… Тут жа пашкадаваў, што гэтыя звесткі не трапіліся мне крыху раней, да першай навуковай камандзіроўкі ў Англію ў 1982 годзе або падчас яе. Тады я абавязкова зрабіў бы ўсё магчымае, каб адшукаць земляка, сустрэцца з ім.

А можа, яшчэ не позна? Адразу паляцелі мае лісты ў Лондан – у Беларускую бібліятэку і музей імя Францішка Скарыны(!), беларускае пасольства, дзе тады працаваў знаёмы па Нью-Ёрку дыпламат і пісьменнік Уладзімір Шчасны, да нашчадка князёў Мсціслаўскіх і Заслаўскіх прафесара Анджэя Цеханавецкага, чыя маці паходзіла з Варнян. Адказы былі несуцяшальныя: наш суайчыннік цяжка хворы, знаходзіцца ў хоспісе. Праўда, адзін з маіх лістоў яму зачыталі, і ён даў згоду перадаць праз Уладзіміра Шчаснага ў Астравец і ў мінскі музей “Беларусы ў свеце” восем сваіх твораў.

А 28 студзеня 1995 года мастака не стала. У некралогах яго называлі “мастаком стагоддзя”. У Англіі, Польшчы і Францыі адкрыліся жалобныя выставы, у Лондане выйшла манаграфія Яна Віктара Сянкевіча “Мар’ян Богуш-Шышка: Жыццё і творчасць” (пераказаны мне экзэмпляр быў тады ж перададзены ў Астравец).

Урэшце летам 1996 года ў Трокенікі прыбыла ўдава мастака лэдзі Сесілі Сондэрс, пачынальніца хоспіснага лячэння ў Англіі, асоба каралеўскай крыві. Госцю на радзіме яе мужанябожчыка сустрэлі  тагачасная загадчыца раённага аддзела культуры Данута Чарнушэвіч, астравецкія медыкі, дырэктар Беларускага дзіцячага хоспіса ў Мінску Ганна Гарчакова, мясцовыя хлебаробы, самадзейнікі, якія выканалі на прывітанне беларускія жніўныя песні. Ад імя Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў я падзякаваў лэдзі Сондэрс за садзейнічанне ў перадачы падараваных палотнаў. Тут жа яны былі размеркаваны: аўтапартрэт мастака трапіў у мінскую музейную экспазіцыю пра беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі ў свеце, твор з біблейскай тэматыкай – у Быстрыцкі касцёл, дзе Шышка быў ахрышчаны, выява сонца – у Астравецкую раённую бібліятэку; астатнія пяць палотнаў засталіся ў Трокеніцкай бібліятэцы, размешчанай у сядзібе яе колішніх уладальнікаў. Прысутныя, у тым ліку лэдзі Сондэрс, выказалі спадзяванне, што тут з цягам часу ўзнікне карцінная галерэя замежных мастакоў, якія нарадзіліся на тэрыторыі Астравецкага краю. А такіх, па маіх падліках, ужо тады набіралася ў розных краінах звыш дзясятка.

sondersЗакончылася трокеніцкая сустрэча смачным беларускім абедам, падчас якога зноў гучалі народныя песні.

Тут жа паміж Лонданам і Мінскам завязаліся дзелавыя кантакты, пачаўся абмен візітамі, медыцынскім вопытам паміж лонданскім (першым у Англіі) і мінскім (першым у Беларусі) хоспісамі.

Адышла лэдзі Сондэрс у іншы свет у 2005 годзе. Пра гэта, як і пра многае іншае, я даведаўся ў самым канцы лютага бягучага года з вялікага, на чатыры старонкі дробнага шрыфту, артыкула таго ж Яна Віктара Сянкевіча “Шышка-Богуш (Богуш-Шышка) Мар’ян”, змешчанага ў чарговым, 206-ым, сшытку 53 тома фундаментальнага энцыклапедычнага выдання “Польскі біяграфічны слоўнік” (“Polski Słownik Biograficzny”), які ўбачыў свет у Кракаве-Варшаве ў мінулым годзе. Побач з вядомай ці малавядомай інфармацыяй тут аказалася багата і раней мне невядомай. Да прыкладу, паведамляецца, што на пачатку свайго творчага шляху, у 1927-1929 гадах, Шышка-Богуш выкладаў маляванне на беларускай зямлі, у Кобрынскай сярэдняй школе. Сабраўшы там работы сваіх вучняў, лепшыя ў студзені 1934 года выставіў пад назвай “Мастацтва дзіцяці” ў Варшаве, дзе іх варта было б адшукаць. Як і пейзажы, абразы ды партрэты, паказаныя ім ужо на персанальных выставах у Гдыні, дзе ён таксама працаваў настаўнікам, а яшчэ і ўзначальваў арганізаваную ім філію Саюза мастакоў. Калі б вярнуць гэтыя творы з забыцця, то, спадзяюся, частку іх можна было б атрымаць і для Трокенікаў.

У верасні 1939 года Мар’ян пайшоў добраахвотнікам на фронт, узначаліў атрад марской пяхоты. Трапіўшы ў фашысцкі палон, вёў канспіратыўна сярод вязняў заняткі па маляванні і матэматыцы, асабіста зрабіў “каля 400(!) рэалістычных малюнкаў алоўкам і алейнымі фарбамі інтэрнаваных асоб”. Нават патаемна пісаў “Падручнік матэматычнага аналізу” (зразумела, ён не захаваўся). Пасля вызвалення англічанамі мастак накіраваўся ў Італію, дзе ІІ Польскім корпусам арміі Андэрса камандаваў яго блізкі сваяк Зыгмунт Шышка-Богуш. З яго дапамогай арганізаваў пад Рымам мастацкую школу для здольных вайскоўцаў, якая плённа працягвала сваю дзейнасць пасля перасялення ў Лондан (там яе называлі “Школай Богуша”).

У Англіі наш суайчыннік вёў актыўную і рознабаковую творчую і навуковую дзейнасць: па-ранейшаму пісаў партрэты і пейзажы, усё больш захапляўся рэлігійнай тэматыкай, вёў заняткі з равеснікамі і моладдзю, гуртаваў вакол сябе эмігрантаў з беларуска-літоўскіх зямель, арганізоўваў выставы ў Англіі і Германіі, Польшчы і Францыі, пісаў і публікаваў працы па тэорыі і гісторыі мастацтваў (у тым ліку – пра жывапіс у Вялікім Княстве Літоўскім, якую варта было б перакласці на беларускую мову).

Захварэўшы, апошнія гады свайго жыцця Мар’ян Шышка-Богуш (так яго цяпер, пасля з’яўлення ўказанага вышэй даведачнага выдання, трэба называць, таму што “Шышка” – гэта прозвішча, а “Богуш” – толькі родавы “прыдомак”) дагледжана правёў у першым лонданскім хоспісе. Там у спакоі стварыў многія свае карціны, там жа некаторыя з іх, асабліва рэлігійныя па тэматыцы, пакінуў.

Цяпер творчая спадчына мастака расцярушана па ўсёй Еўропе – адзін пералік гарадоў яе знаходжання займае ў біяграфічным даведніку вялікі абзац. Многае з таго, што належыць аўтарству “мастака стагоддзя”, сёння знаходзіцца ў яго нашчадкаў ад першага шлюбу ў Кракаве – сына Анджэя, які нарадзіўся ў 1934 годзе і стаў доктарам гуманітарных навук, і ўнучкі Алы Богуш-Добаш. Наколькі мне вядома, яны згодны перадаць частку спадчыны ў Трокенікі, калі мастацкі музей нашых суайчыннікаў, які там можа стварыцца ў памятнай сядзібе, будзе насіць імя Мар’яна Шышкі-Богуша.

Такім чынам, пакуль будзе пабудаваны запланаваны ўжо асноўны будынак Астравецкага гісторыка-этнаграфічнага музея (цяпер, напісалі мне з райвыканкама, на яго пакуль няма сродкаў), ёсць сэнс раней стварыць яго філіялы, зрабіўшы бягучы рамонт у існуючых будынках – каля будучай АЭС або па дарозе да яе. А гэта не толькі Трокенікі, але і Бабраўнікі з іх бібліятэкай-музеем, Варняны з унікальнай тыпавой сельскай забудовай XVIII стагоддзя і сядзібай Абрамовічаў, Малі (сядзіба першага консула Расіі ў Японіі і вучонага Іосіфа Гашкевіча), Міхалішкі (касцёл у стылі ранняга барока і сядзіба рэфарматараў Бжастоўскіх). Магчыма, яшчэ ў Гервятах (неагатычны касцёл і сядзіба Дамейкаў), у мястэчку Гудагай (цудадзейны касцёл), у Лошы (сядзіба Дабжынскіх, асяродак выяўленчага мастацтва), у Рымдзюнах (музейная экспазіцыя літоўскага этнасу). Вядома, нельга забываць і ўжо існуючы музей у Баранях, радзіму Казіміра Сваяка…

У “Астравецкай праўдзе” я даволі часта сустракаю інфармацыю, што прыезджыя работнікі, якія цяпер будуюць Астравецкую АЭС, самі адшукваюць музейныя экспазіцыі ў бліжэйшых вёсках, каб усё ж пераканацца, што “Астравец – свету не канец”. Падобныя разважанні гучалі на з’ездах і фестывалях беларускага замежжа, кангрэсах Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў з вуснаў прадстаўнікоў Латвіі і Малдовы, Польшчы і Расіі, Украіны і Францыі. А вядомая літоўская мастачка Бірутэ Куцкайтэ, ураджэнка Гервяцкага краю, перадала ўжо на Астравеччыну, з прыцэлам на Трокенікі, свае творы, здольныя запоўніць цэлы пакой. Ёсць таксама ахвяраванні з Латвіі, Польшчы, Расіі і нават Швецыі.

Усё большую цікавасць да Астравеччыны праяўляюць турыстычныя фірмы Мінска, падарожнікі з Літвы, Польшчы, атамшчыкі з-пад Пецярбурга. Часта, заплаціўшы за экскурсію грошы, яны спяшаюцца ў вёскі – Гервяты і Варняны, Гудагай і Міхалішкі. Але ў Астраўцы спыняюцца пераважна толькі, каб паабедаць ці пераначаваць. Чаму? Ды таму, што там, у вёсках, гісторыя больш багатая (калі не лічыць, вядома, у райцэнтры касцёл ХVIII стагоддзя), лепш выкладаецца і больш уздзейнічае на ўспрыняцце, пачуцці і нават логіку.

Дык давайце абмяркуем, што будзе больш карысна і танна: ці будаванне ў Астраўцы яшчэ аднаго стандартнага раённага музея, ці шырокая і арыгінальная, непаўторная (Беларуская АЭС у нас адна!) музеефікацыя (пры цэнтралізаваным кіраўніцтве) багатай раённай прасторы?!

Сядзиба Маръяна Богуша ШишкиА што датычыцца спадчыны Мар’яна Шышкі-Богуша, то каб яго кракаўскія нашчадкі падзяліліся ёю з Трокенікамі, адкуль іх карані – астравецкай грамадскасці найбольш плённа будзе звярнуцца праз Міністэрства замежных спраў Беларусі (яно цяпер адказвае за дыяспару) у наша Пасольства ў Варшаве ці прама выйсці як на пасрэдніка на Беларускі культурны цэнтр пры ім. Яго толькі што ўзначаліў новы кіраўнік – Міхаіл Рыбакоў, які ў курсе гэтай і падобных культурных спраў і ведае, як іх вырашаць.

Мар’ян Шышка-Богуш сапраўды варты, каб яго імя ўвекавечыць там, дзе ён нарадзіўся. І, як сказала ўсім нам у Трокеніках лэдзі Сесілі Сондэрс, сам мастак быў бы такім рашэннем задаволены.

Адам МАЛЬДЗІС.