Быстрыца і яе жыхары
Быстрыца... Першаадкрывальніца гісторыі Астравеччыны. Мястэчка, упершыню ўзгаданае ў летапісах у 1390 годзе, калі кароль Ягайла заснаваў тут касцёл і кляштар канонікаў рэгулярных святога Аўгустына. У 1407 годзе Быстрыца – уласнасць караля ВКЛ Вітаўта і цэнтр Быстрыцкай воласці. У Быстрыцкім кляштары склаў свае першыя манаскія клятвы Міхал Гедройць, будучы благаславёны, у якога і сёння просяць заступніцтва тысячы людзей. Цела брата Міхала спачывае ў адным з касцёлаў Кракава. А звонку пабудавана прысвечаная яму каплічка.
У 1526 годзе Быстрыца – уласнасць караля Жыгімонта І, але валодае ёй віленскі ваявода Альбрэхт Марцінавіч Гаштольд (аўтар Першага Статута ВКЛ, яму, дарэчы, належаў і Астравец).
Рака Вілія ў тыя часы была куды больш мнагаводнай, і па ёй купцы актыўна сплаўлялі лес. Вельмі зручна: нарыхтуй лес дзе-небудзь, дзе ён танны, скінь у раку, і вада даставіць табе бярвёны, хочаш – у Вільню або нават у Коўна. Лаві ды прадавай ў тры разы даражэй. Праўда, на кожнага дзялка заўсёды знойдзецца яшчэ дзелавейшы. Двойчы – у 1536 і 1542 гадах – віленскія мяшчане падавалі ў суд чалабітную з просьбай адмяніць мытны збор, які Мікалай Радзівіл у 1522 годзе ўвёў на кожны плыт, што праплываў па рацэ Віліі праз Быстрыцу. У 1542 годзе кароль Жыгімонт Стары сваім прывілеем вызваліў мяшчан ад уплаты мыта за прагон плытоў цераз Быстрыцу.
А праз 450 гадоў мытня непадалёк ад Быстрыцы аднавілася, і сучасныя купцы зноў вымушаны плаціць мыта за правоз сваіх тавараў – вось і не вер, што існаванне развіваецца па спіралі!
У канцы ХІХ стагоддзя ў Быстрыцы было валасное праўленне, народнае вучылішча, у якім вучыліся 72 хлопчыкі і 4 дзяўчынкі, прытулак, лаўка, 2 пастаялыя двары, прыёмны пакой для хворых, хлебазапасны магазін, піцейны дом… У 1938 годзе (нават не верыцца) у мястэчку пражываў 1051 жыхар.
А сёння ў Быстрыцы налічваецца толькі каля 200 чалавек. Інфраструктура прадстаўлена магазінам, базавай школай, фельчарска-акушэрскім пунктам, сельскім Домам культуры, бібліятэкай. Дзейнічае касцёл Узнясення Святога Крыжа, ёсць капліца святога Яна (каля крыніцы).
Мястэчка спрадвеку падзяляецца на тры неафіцыйныя часткі: Башкірыю, Кутнікі і Плябанцы.
Башкірыя – гэта вуліца ўздоўж Віліі. Як расказваюць мясцовыя жыхары, да вайны на ёй жылі амаль адны яўрэі.
–Яны зямлю не апрацоўвалі, – расказвае мясцовая жыхарка Станіслава Адамаўна Віюк. – Свой хлеб зараблялі майстэрствам. Адны трымалі крамы – як Шлёма, Файба… Другія, як Догін, мелі воўначасальную машыну – з усёй акругі везлі да іх сваю воўну гаспадары. Гаспадыні потым пралі з яе ніткі і ткалі. З баваўнянай тканіны яны шылі сабе вопратку. А яшчэ ткалі прыгожыя (перабіраныя!) дываны. Займаліся яўрэі і перапальваннем вапны. Мясцовы люд дабываў з гары вапну ў выглядзе цвёрдых камоў, а яўрэйскія майстры ў сваіх печах даводзілі яе да мяккасці. Гатовы будаўнічы матэрыял яны прадавалі ў Вільні.
–Чаму гэты канец вёскі называецца Башкірыяй – цяжка сказаць, – паціскае плячыма загадчыца мясцовага Дома культуры Соф’я Браніславаўна Дэнюш. – Можа, таму што тут людзі заўсёды трымалі шмат авечак? Дарэчы, сёння “хадзячыя кафтаны” захаваліся толькі ў гэтым канцы вёскі.
Школа. Гадавальнік старшынь
Да Башкірыі адносіцца і Быстрыцкая базавая школа. Яна размяшчаецца ў такім маляўнічым месцы, што апісаць яго пад сілу хіба што масцістаму паэту – на лукаватым беразе Віліі, уся ў зеляніне і кветках. Нават не хочацца думаць пра тое, што ўжо не першы год над школай вісіць дамоклавы меч закрыцця.
–У нас набываюць веды 40 вучняў, – расказвае дырэктар школы Эла Эдвардаўна Главінская. – А дапамагаюць ім у гэтым 12 вопытных педагогаў. Рабят няшмат, і таму кожны з іх навідавоку. Няньчымся – як са сваімі. Цяпер вось у школе працуе летнік, дык знайшлі магчымасць звазіць дзяцей на Нарач, у Ізабяліна на Янаўскае вадасховішча, дзе яны пакаталіся на катамаранах і лодцы. Канешне, не купаннем адзіным жыве летнік – сёння вось у нас праходзіць аперацыя «Чысцюля», у рамках якой мы праполваем кветкавыя клумбы. Удзел у гэтай аперацыі, дарэчы, ідзе ў залік рабятам пры праходжанні летняй практыкі.
–Прыгажосцю ландшафту вакол школы нельга не захапляцца. Ды і апека, якой 12 настаўнікаў могуць агарнуць 40 вучняў, не ідзе ні ў якае параўнанне з вялікімі школамі. Але, Эла Эдвардаўна, апалагеты закрыцця маленькіх школ сцвярджаюць, што ў вялікіх у вучняў больш шансаў атрымаць глыбокія веды. І як наступства гэтага – паступіць у ВНУ. Што думаеце на гэты конт?
–Колькі сёння ў Астравецкім раёне сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў? – пытаннем на пытанне адказвае дырэктар школы. – Восем? Дык вось два з васьмі ўзначальваюць гадаванцы нашай школы – Аляксандр Часлававіч Вярбовіч і Генадзь Феліксавіч Дэнюш. Няхай хоць адна школа Астравеччыны пахваліцца такім дасягненнем! І свой кандыдат тэхнічных навук у нас ёсць – Эдвард Уладзіслававіч Свіла. І галоўны спецыяліст Палаты Нацыянальных культур Ірына Браніславаўна Мятліцкая (Бутовіч) – наша былая вучаніца. І дырэктар прадпрыемства грамадскага харчавання Марыя Уладзіміраўна Масойць, і галоўны аграном нашай гаспадаркі Уладзімір Уладзіслававіч Сідаровіч, і галоўны заатэхнік Леанарда Эдвардаўна Кісель (Масойць)…
Эла Эдвардаўна працягвае пералік выпускнікоў, і гледзячы на яе запал, на шчырую любоў да школы, якую, дарэчы, у свой час закончыла і яна сама, так і хочацца папрасіць кіраўніцтва раённай адукацыі: людзі! Калі ласка, не закрывайце Быстрыцкую базавую школу – у ёй цудоўна жывецца і вучням, і настаўнікам…
«Дарэктар» крамы
–Гэта мой бацька Антон Вярбовіч усё жыццё прадаўцом у Петраполі адпрацаваў, – адхрышчваецца ад “дарэктарства” Часлаў Антонавіч Вярбовіч. – А я і думаць не думаў пра магазін. Пасля арміі я ў Мінску хацеў застацца – бралі тады на трактарны завод. У камсамол нават спецыяльна для гэтага ўступіў – камсамольцаў латвей бралі. Прыехаў дамоў толькі для таго, каб атрымаць пашпарт. А мне – пачакай месяц-два. “А пакуль суд ды справа, – прыехаў да мяне тагачасны старшыня Варнянскага спажывецкага таварыства Зянон Іванавіч Мекін, – папрацуй ты, Часлаў, загадчыкам магазіна ў Быстрыцы. Ты глянь, які магазін табе давяраем – новенькі, толькі што здадзены ў эксплуатацыю!”
Вось так у 1964 годзе пайшоў я працаваць у магазін. І месяц, і два, і паўгода… А там – справа маладая: закахаўся і ажаніўся. І застаўся Мінск нязбыўнай марай. Жонка, дзеці, праца. Не, не так, спачатку праца, потым сям’я. Цікавая праца – хто ж спрачаецца! Але і дурная разам з тым…
У той час гандляваць было непараўнальна больш складана – кожны другі тавар адносіўся да разраду дэфіцытных. Трэба было вельмі пастарацца, каб прывезці ў магазін чарговы такі дэфіцыт. Стараўся. Жонка Ірына Адольфаўна за прылаўкам стаяла, а я ад аднаго кладаўшчыка да другога парогі абіваў. Дзе падмажаш, дзе дабром папросіш, дзе чаркай залатвіш, але недасягальныя ў тыя часы камбікорм і мука для свіней у Быстрыцкім магазіне не выводзіліся. З Трокенік–Слабодкі да нас па іх прыязджалі.
Сёння мне ўжо 70 гадоў, і я даўно на заслужаным адпачынку. Не пашчасціла вось у жыцці – жонка адышла ў іншы, лепшы свет. Застаўся адзін. Дома – адзін, але у суседняй вёсцы жывуць дзеці і ўнукі. Мяне яны не забываюць – прыязджаюць, дапамагаюць. Клічуць мяне пераязджаць да іх, а я не згаджаюся – дома ж і сцены сіл дадаюць. У магазін? А як жа! Бываю, назіраю паціху, як гандаль ідзе. Лягчэй ім – тавару цяпер процьма ўсялякага. І цяжэй ім – прыватнік канкурэнцыю стварае. Яму прасцей цэнамі вар’іраваць – у сваім жа кашальку. Не, як ні кінь – змяніліся парадкі ў спажывецкай кааперацыі…
Млынар
Іосіф Уладзіслававіч Браніцкі – патомны млынар. Яго бацька трымаў вадзяны млын – вунь яны, рэшткі былой плаціны, бачны і сёння. Іосіф Уладзіслававіч з вадой звязвацца не стаў – змяніў “нажэндзе” на электрычнае, і рухавік яго млына круціць пачаў ток.
–Чым малоць ёсць, а вось што – адсутнічае, – уздыхае млынар. – Па-першае, людзі цяпер менш збожжа сеяць сталі. А па-другое, кожны другі сам набыў электрычны млын. Так што ў млынарскага бізнесу відавочны закат. І падобна назаўсёды…
Леснікі-мастакі
Кожны, каму даводзілася ісці-ехаць па Катлоўскаму лясніцтву, не мог не заўважыць камянёў, на якіх намаляваны розныя лясныя жывёліны. А яшчэ – плакатаў экалагічнага зместу. Аўтар кожнага з падобных твораў – Аляксандр Іванавіч Змітровіч, ляснік Катлоўскага лясніцтва, жыхар вёскі Быстрыца.
Творчы падыход да жыцця і ў яго калегі Рамана Браніслававіча Ласёніса. Загляньце на сядзібу да Ласёнісаў – шмат прыгожых вырабаў чакае вас на панадворку. Да стварэння нават самай празаічнай, абіходнай у гаспадарцы рэчы Раман Браніслававіч падыходзіць з пазіцыі мастака. І, як грыбы пасля дажджу, вырастаюць у яго двары фантастычныя падстаўкі, столікі, крэслы, дэкаратыўныя вазы…
Плябанцы
Гэта цэнтральная і самая галоўная частка Быстрыцы, а яе сэрца – касцёл Узнясення Святога Крыжа.
150 гадоў таму граф Тышкевіч падчас воднага падарожжа па Віліі пабываў у Быстрыцы і вось што ён напісаў у сваёй кнізе “Вілія і яе берагі”:
–Мураваны касцёл у Быстрыцы не мае чыстага стылю; гэта кампазіцыя, у якой спалучаюцца прапорцыі італьянскага смаку, змешаныя з формамі касцёлаў, якія ў Польшчы будуюцца найчасцей. Будынак касцёла даўжынёй 18, а шырынёй 9 сажняў, з фронту ён мае дзве стройныя даволі высокія вежы… Касцёл гэты цяпер патрабуе значнага рамонту, асабліва звонку: паламаныя кроквы пагражаюць хуткім абвалам даху; грэмсы ад вільгаці паабрываныя…
Пасля візіту графа касцёл, відаць, падрамантавалі.
–За польскім часам у ім працаваў ксёндз Лікша, – расказвае Станіслава Адамаўна Віюк. – Перад прыходам рускіх многія ксяндзы паўцякалі ў Польшчу, а наш пробашч адмовіўся. “Столькі гадоў аддаў я парафіі і касцёлу, – казаў ён. – Хіба магу пакінуць іх проста так? Не. Я застануся з касцёлам і падзялю яго лёс”. Каля касцёла ўжо тады была пабудавана плябанія – у ёй ксёндз і жыў. Але прыйшлі рускія і выкінулі ксяндза з яго ўтульнага дома. Перасялілі ў старую, зусім лядашчую хатку – халодную, з працякаючым дахам і скразнякамі. У гэтай хібарцы (а можа – ад нервовага стрэсу) наш пробашч расхварэўся і неўзабаве памёр. А касцёл хацелі зачыніць. Але людзі не далі. Сталі хадзіць па дамах, збіраць грошы – касцельныя падаткі плацілі кожны раз своечасова, і не было прычыны зачыняць храм. Потым купілі бляху, перакрылі касцёл. Маліліся адны, без святара. Проста збіраліся ў касцёле разам, адмаўлялі ружанчык, літаніі чыталі.
Гадоў каля 20-ці таму імшы ў Быстрыцкім касцёле стаў праводзіць ксёндз Здзіслаў Пікула, але асноўным яго храмам быў Варнянскі касцёл, а паколькі катастрафічна не хапала святароў, ён быў замацаваны яшчэ за 4-мя парафіямі. Вядома, такая сітуацыя не магла поўнасцю задавальняць парафіян, і яны маліліся, каб добры Бог паслаў ім свайго ойчаньку.
Відаць, добра маліліся – ксёндз Уладзіслаў Гжэгорэк, які ўзначаліў парафію, за гады сваёй працы ў Быстрыцкім касцёле зрабіў неверагодна многа: поўнасцю адрамантаваў храм звонку; яго намаганнямі зарослая старымі дрэвамі і хмызняком прыкасцельная тэрыторыя, якую ад дарогі аддзяляла напаўразбураная каменная агароджа, стала светлай, дагледжанай, акуратнай. Поўнасцю адноўлена агароджа, вакол касцёла з’явілася бетонная дарожка, па якой у святочныя дні ідзе працэсія. Адрамантавана плябанія і добраўпарадкавана тэрыторыя вакол яе. Цяпер рамонтныя работы вядуцца ўнутры храма.
Калі б нашчадак графа Тышкевіча прыбыў сёння ў Быстрыцу, паглядзеўшы на цудоўны стан касцёла Узнясення Святога Крыжа, яму б заставалася толькі здзіўлена паціснуць плячыма – няўжо гэта той самы храм з паламанымі кроквамі, пра які 150 гадоў таму пісаў ягоны продак?
Вучаніцы касцельнага арганіста
Аднойчы (за 3-4 гады да пачатку Другой Сусветнай вайны) ў Быстрыцкай (вядома ж, польскай) школе здарыўся пярэпалах. Ну можа, не зусім так грандыёзна, але клас за класам усіх вучняў школы прыводзілі ў кабінет дырэктара, дзе адбывалася праверка іх музычных даных. Шукалі не проста здольных – адбіралі самых таленавітых. А адабраўшы, накіравалі іх да касцельнага арганіста.
Успамінае адна з адабраных тады музычна адораных дзяцей, а сёння жанчына далёка немаладога ўзросту Станіслава Адамаўна Віюк:
–Арганістам у нашым касцёле да вайны працаваў музыкант з Польшчы. Ён жыў у касцельным доме. Сёння там размяшчаецца клуб. А ў тыя гады вялікая зала была прызначана для адпачынку парафіян (да прыкладу, туды прыходзілі танцаваць вяселлі), а адзін пакой займаў арганіст. Вось у ім і адбывалася наша навука. Палову пакоя займаў раяль, вакол якога станавіліся мы…
Арганіст сам быў прафесійным музыкантам, таму і нас вучыў не проста спяваць, а ведаць нотную грамату. У яго мы займаліся больш за тры гады, і праз нейкі час ужо маглі спяваць “з ліста”. Спявалі часцей за ўсё на імшах. Асабліва любілі фэсты. Самы вясёлы быў заўсёды на святога Яна. Вакол касцёла тады раскладалі свой тавар прыезджыя прадаўцы, а збоку ад іх радоў (можа з Вільні?) прывозілі сапраўдную карусель, на якой дзятва кружылася ледзь не да самай ночы…
Потым грымнула вайна, і арганіст з’ехаў у Польшчу. У касцёле на аргане стаў іграць Станіслаў Кяжун – з мясцовых. Нармальна іграў, але гэта быў самавучка – зусім іншы ўзровень.
Мы – касцельны хор, створаны польскім арганістам – працягвалі спяваць падчас літургіяў. Спявалі нават тады, калі ксяндза ў храме не стала. Спяваем і сёння.
Аднойчы, калі ў нашым касцёле прысутнічаў біскуп, мы ўспомнілі маладосць і падчас імшы заспявалі на латыні. Біскуп вельмі здзівіўся, распытваўся пасля заканчэння набажэнства, што гэта за прафесіяналы такія пяялі ў касцёле?
А быстрыцкія прафесіяналкі здзіўлялі сваім рэпертуарам не толькі ў касцёле – вельмі хутка яны сталі спяваць яшчэ і на самадзейнай сцэне. Прычым не толькі ў Астравецкім раёне. Квінтэт у складзе Станіславы Адамаўны Віюк, Яніны Іосіфаўны Сімановіч, Рэгіны Антонаўны Сасноўскай, Анэлі Іосіфаўны Буткевіч і Марыі Браніславаўны Макевіч шмат гастраляваў за межамі раёна і нават рэспублікі. Польскія фалькларысты, слухаючы іх песні, хапаліся за галовы: мы такіх песень не ведаем!!!
Граф Канстанцін Тышкевіч у кнізе “Вілія і яе берагі” напісаў пра Быстрыцу:
–Што да песні: пайшло тут латвей, чым дзе б то ні было. Сельскае ўпраўленне даставіла нам дзяўчат і жанчын, вядомых у гэтай мясцовасці спявачак. Дзяўчаты і жанчыны, разадважыўшыся, навыперадкі адна перад адной пачалі дыктаваць свае сельскія песні; запісалі мы іх немалую колькасць. Тут у сэнсе песень існуе вялікая разнастайнасць – кожная ваколіца падчас сваіх абрадаў, на ўрачыстасцях або пры працы спявае свае песні.
Так што ўнікальнасць песеннага рэпертуару існавала ў Быстрыцы спрадвеку. Той жа быстрыцкі вакальны квінтэт спявае польскія, беларускія, рускія песні. Адной з іх Станіславу Адамаўну навучыла яшчэ яе бабуля: “Стаяла бярозанька на ўсходзе сонца, заплакала дзяўчына, гледзячы ў аконца…”
–Мы яшчэ памятаем, але хто будзе помніць гэтыя песні пасля нас? Прыязджалі, канешне, і пры нас нейкія экспедыцыі, запісвалі нашы песні, але дзе яны? Пыляцца ў лепшым выпадку на навуковых паліцах. А так хочацца перадаць іх наступнаму пакаленню. Каб не памерлі песні разам з намі – сённяшнімі сваімі носьбітамі…
Загадчыца культурнага жыцця
З 1975 года мясцовы Дом культуры ўзначальвае Соф’я Браніславаўна Дэнюш. Жаночы фальклорны квінтэт – і яе дзецішча таксама. А яшчэ пры сельскім клубе працуе вакальны квартэт, у які аб’ядналіся настаўніцы базавай школы.
Соф’я Браніславаўна – вялікая аматарка тэатральнага мастацтва, відаць, таму ледзь не першым, што яна арганізавала ў сваім клубе быў драматычны гурток.
–Людзі з задавальненнем удзельнічалі ў пастаноўках, – расказвае яна. – Выязджалі ў іншыя вёскі, ставілі свае міні-спектаклі і апладысменты нам гледачы дарылі гарачыя. На жаль, вёска старэе, пастарэлі і мае самадзейныя артысты – вось ужо два гады, як драмгурток перастаў існаваць. Дарослы, маю на ўвазе. Затое працуе дзіцячы. Нядаўна здалі новы спектакль “Новы калабок”. У планах – чарговы сцэнарый.
–На вёсцы многае можна і хочацца зрабіць, – працягвае Соф’я Браніславаўна. – Адна толькі бяда – уцякае з мястэчка моладзь.
І з касой, і на ровары...
Дома Альбіна Іванавіча Яновіча не было. Ды, калі разабрацца толкам, і не магло быць – хіба сапраўдны гаспадар сядзіць на лавачцы, калі на белым свеце касавіца ў разгары?!
Ён прыйшоў (шпарка, энергічна) проста з пакосу. Прысеў, задаволена ўсміхнуўся. Маўляў, ну і трава сёлета прэ – толькі паспявай касой махаць. Пракосы густыя, тоўстыя. З кармамі будзе зімаваць жывёла.
Альбіну Іванавічу сёлета 87 гадоў, а ён і кароўку трымае, і цялушачку. І кабанчыкаў парачка ў ягоным хляве рохкае. І ўсюды сам паспявае. А калі дайсці не атрымліваецца, сядае на веласіпед…
–Жыццё такое, што няма часу ленавацца, – усміхаецца ён. – Жонка вось у апошнія гады расхварэлася – не памочніца яна мне цяпер, усюды сам мушу паспець. Дачка, канешне, прыходзіць дапамагае. Блазе жыве непадалёк. Але ж і яе шкада – у дачкі свая гаспадарка.
Альбін Іванавіч нарадзіўся і вырас не ў Быстрыцы – на адным з хутароў. Але, як сам расказаў, прыгледзеў аднойчы на танцах быстрыцкую дзяўчыну, запрасіў на танец, павёў праводзіць да дому.
–І як глянуў, сярод якой прыгажосці стаіць дом яе бацькоў, улюбіўся – і ў дзяўчыну, і ў прыроду, – расказвае Альбін Іванавіч. – Ажаніўся рашуча і хутка. Тым больш што была мая Яніна Іосіфаўна адзінай дачкой у сваіх бацькоў. Тыф тады ў нашых мясцінах многа ахвяраў сабраў. Яня таксама хварэла, але выжыла… А нас у бацькоў – шасцёра. Тут моцна трэба было падумаць, выбіраючы сабе нявесту…
–Калі прыйшлі калгасы, – працягвае мой візаві, – Яня стала працаваць у паляводстве, а я ўсё пераспрабаваў – і даглядчыкам быў, і конюхам, і загадчыкам свінафермы, і паляводам… Я да ўсяго здатны – працы ніколі не баяўся. І цяпер не баюся. Даў Бог сілу, значыць, трэба рухацца. Легчы чалавек заўсёды паспее. Хадзі, пакуль ходзіцца!
Добра, калі ёсць праца
Леакадзія Станіславаўна Кяжун – патрыярх Быстрыцы. У тым сэнсе, што менавіта яна – самая старэйшая жыхарка мястэчка Быстрыца. Леакадзія Станіславаўна нарадзілася ў 1917 годзе, гэта значыць, што сёлета ёй спаўняецца 93 гады.
Нарадзілася, вырасла, дачакалася дзяцей і нават унукаў яна ў Башкірыі (вядома, у Башкірыі Быстрыцкай), і пераязджаць нікуды не збіралася. Але здарыўся пажар – хата згарэла, як свечка. Шчасце, што чацвёра малых дзяцей з палаючага дома змаглі выбрацца праз акно самастойна.
Новы дом яны набылі ў Плябанцах. Нічога, прывыклі – не за мора ж з’ехалі. І зямля тут гэткая ж самая – усё больш пры пясочку. Каб на ёй добры ўраджай атрымаць, моцна папрацаваць трэба. Толькі Леакадзія Станіславаўна працы не баіцца.
–Ну і што з таго, што мне пераваліла за 90? – паціскае плячыма жанчына. – Хіба ад гэтага гародніна сама буяць пачне? Не, яе і пасадзіць трэба, і прапалоць, і падкарміць.
Агарод у Леакадзіі Станіславаўны чысты – ні пустазелінкі. Радочкі роўненькія, прыгожыя.
–Дажджы сёлета льюць без перадыху, дык трава на градах прэ – не адбіцца, – паказвае свае спрацаваныя рукі жанчына. – Пялюся і пялюся. Лічы, з агароду не вылажу. Вось толькі ўчора буракі дапалола. Сама? Дык, а хто ж мне будзе палоць?! Не, жыву не адна – з сынам, але прыходзіцца разлічваць больш на свае сілы. Сама саджу агарод, сама даглядаю. І кароўку яшчэ падаю, і малачко спарадкую. Канешне, ёсць – а як жа інакш? Хіба можна жыць на вёсцы, не трымаючы кароўкі?!
Леакадзія Станіславаўна замаўкае на хвілінку, а потым выпрамляецца, нават неяк маладзее і тлумачыць мне, нібы неразумнаму дзіцяці:
–Ды няцяжка мне – як вы не зразумееце?! Не, не так кажу – у маім узросце кожная работа цяжэе ў некалькі разоў. Але як добра, што яна ёсць! Разрыў у жыцці прысутнічае, калі маеш занятак. Гэта ж прыйдзе нядзелька – сядзіш у хаце, як дурны. Сумна. Дзень бясконцы. А ў панядзелак выйдзеш на вуліцу – птушкі пяюць, сонейка грае. Весялей на душы. Качак вось сёлета купіла – ну і пражоры! Аблятуць вакол хаты і зноў мешанку шукаюць. Не паспяваю падкладаць ім у карытца. Але ж гляджу на гэтых пушысцікаў, і настрой падымаецца – жывое, маленькае, у мяне абароны шукае…
–Неяк не вельмі справядліва ў нас наладжана, – працягвае Леакадзія Станіславаўна. – Так мы цяжка працавалі – усё ўручную, усё праз пуп. А пенсію нам налічылі – нібы кот наплакаў. Сорамна каму прызнацца: ледзь не да 100 гадоў дажыла, а і 300 тысяч у месяц не зарабіла. А я ж яшчэ і маці-гераіня – васьмёра дзяцей выгадавала…
–І з мястэчкам нашым не так робяць. Апусцілі зусім. Якія там Трокенікі былі даўней! Пару хат! Гэта цяпер насадзілі ў гліну новых дамоў. А чаму было не зрабіць цэнтр у Быстрыцы? У час жа і касцёл, і могілкі, і школа, і крама, і доктар свой… Занядбалі мястэчка. Сёння да касцёла людзі ідуць – галоваў не відацца, так дарога правалілася, а нікому і бяды няма. Добра, канешне, што святы вёскі рыхтуюцца, але і ў буднія дні трэба памятаць пра вёску і яе жыхароў.
Падрыхтавала Ганна ЧАКУР.