Прызёр рэспубліканскага конкурсу “Жывая класіка” Іван Баракаў жыве ў Астраўцы
Гімназіст Іван Баракаў стаў прызёрам рэспубліканскага конкурсу “Жывая класіка”, які прайшоў падчас Дня беларускага пісьменства і друку ў Іванаве.
Пасля перамогі ў раённым этапе Іван трапіў на абласны конкурс, дзе таксама стаў лепшым у сваёй узроставай катэгорыі.
Потым быў удзел у рэспубліканскіх паўфінале і фінале – за час усіх этапаў конкурсу яго ўдзельнікамі сталі звыш 15 тысяч юных талентаў з усёй краіны.
А ў Дзень беларускага пісьменства і друку 12 лепшых чытальнікаў з усёй краіны сустрэліся на фінале рэспубліканскага конкурсу “Жывая класіка”.
– Для дзяцей гэта быў карысны вопыт, – расказала маці астравецкага фіналіста Галіна Сяргееўна Баракава. – Паслухаць творы ў выкананні сваіх аднагодкаў і старэйшых школьнікаў, павучыцца трымацца на сцэне і атрымаць падарункі і ўзнагароды з рук намесніка міністра інфармацыі Ігара Бузоўскага – неперадавальныя пачуцці.
Пяцікласнік Іван Баракаў за выкананне замалёўкі “Васількі”, напісанай яго маці, настаўніцай пачатковых класаў гімназіі №1 Галінай Сяргееўнай Баракавай і прысвечанай памяці прадзядулі і ўсіх, хто загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны, быў узнагароджаны Дыпломам 3 ступені і пуцёўкай у дзіцячы аздараўленчы цэнтр “Зубраня”.
У планах таленавітага хлопчыка і яго маці ўдзел у гэтым жа конкурсе ў наступным годзе.
– Асноўная прычына таго, што мы не занялі першае месца, крыецца ў выбары твора. Па ўмовах конкурсу яго ўдзельнікі павінны чытаць класічныя творы, таму на наступны год абавязкова падрыхтуемся і пастараемся заявіць пра сябе, – расказалі Іван і Галіна Сяргееўна Баракавы.
Віншуем юнага астраўчаніна з перамогай! Так трымаць!