Творческий вечер Станислава Курилы прошёл в Островецкой библиотеке

10:31 / 21.12.2012

І зноў цэнтральная раённая бібліятэка парадавала прэм’ерай. “Прыцяжэнне Радзімы” – так называлася творчая вечарына паэта з вёскі Ігнацова Станіслава Антонавіча Курылы. Як і мае быць, “цвіком” праграмы стала прэзентацыя твораў аўтара, на гэты раз – адразу двух зборнікаў, лірычнага і гумарыстычнага. Назвы іх – адпаведныя: “Зоркі гараць” і “З неба я да вас зваліўся”. Першы ўбачыў свет дзякуючы супрацоўнікам раённай бібліятэкі, другі – стараннямі рупліўцаў з яе Варнянскага філіяла.


Думаецца, прадстаўляць земляка чытачам няма патрэбы – паэтычныя творы Станіслава ўжо некалькі гадоў друкуюцца на літаратурнай старонцы “Астравецкай праўды”. Памятаецца, некалькі гадоў таму ён даслаў у рэдакцыю першую нізку вершаў, дапоўніўшы кароткім аповедам пра сябе – у якасці прадмовы. З рэзюмэ вынікала, што наш зямляк доўгі час жыў і працаваў у Санкт-Пецярбургу – колішнім Ленінградзе. Пасля доўгага расстання вярнуўся на радзіму, у бацькоўскі дом. Тут яго і начэквала паэтычная муза. Пры больш дэталёвым знаёмстве з вершамі Станіслава ўразілі глыбіня пачуццяў і цудоўная, не забытая ў чужых краях матуліна мова. Вядома, вершы мелі некаторыя хібы, стракацелі дыялектнымі словамі і выразамі, але не выклікалі сумненняў у шчырасці аўтара. Асабліва ўдалымі падаліся нам байкі – што ні слоўца, то трапнае пападанне. Рэдагаваць, папраўляць, вядома, прыходзілася, аўтар без крыўды ўспрымаў крытычныя заўвагі і старанна працаваў над словам. І спаўна захапіўся беларускай літаратурай, найперш – паэзіяй. Гэтае захапленне-навука пайшло на карысць – пачалі нараджацца арыгінальныя, яркія, непаўторныя паэтычныя вобразы.


Якая непаўторнасць за акном!
Акінуць вокам – сцелецца наўсцяж.
Сатканы разнакветным дываном
Нідзе яшчэ не бачаны пейзаж.
Вось на пагорак смела ўзляцелі
Чародкі бела-сонечных бяроз,
І травы ізумрудныя спацелі
Ад выпаўшых вясёлак – кропляў рос...


Дзе вытокі паэтычнага натхнення Станіслава Курылы? Вядома, у роднай вёсцы, у дружнай працавітай сялянскай сям’і, дзе і бацькі, і дзеці былі Богам пацалаваныя – хто на гармоніку граў, хто спяваў, хто рукамі ствараў хараство. А Станіслаў складаў вершы. Старэйшая сястра Валянціна, што прыехала парадавацца літаратурнаму дэбюту брата, узгадвала, якім кемлівым, дасціпным быў ён у дзяцінстве, якую тонкую і чулую душу меў. А падрыхтаваны бібліятэкарамі біяграфічны фотавернісаж спаўна пацвердзіў сказанае. Дарэчы, знаёмства з “Астравецкай праўдай” у Станіслава адбылося менавіта ў школьныя гады, калі хлопчык адважыўся паслаць у рэдакцыю верш пра маму. І ён быў надрукаваны! Другі верш пабачыў свет у газеце “Красный воин” падчас службы ў войску.
І нарэшце паэт трымае ў руках два зборнікі вершаў – хай сабе і “самвыдатаўскія”! Творцу павіншавалі з гэтае радаснай нагоды галоўны рэдактар “Астравецкай праўды” Ніна Рыбік, супрацоўніца газеты Ганна Чакур, прыхільнікі яго творчасці Святлана Еўтушэнка, Людміла Кухарэвіч і аўтар гэтых радкоў. Кожны сказаў словы шчырай радасці і гонару за таленавітага земляка, пажадаў яму новых творчых поспехаў, невычэрпнага натхнення і нястомнай працы на ўдзячнай ніве паэтычных вобразаў.


Таіса СЯМЁНАВА.


Фота Вольгі ПІНЧУК.