Знакамітыя "Песняры" выступілі ў Астраўцы

19:01 / 05.04.2011

Легендарныя “Песняры” прыехалі ў Астравец за чатыры гадзіны да пачатку канцэрта. Здавалася, у гэтым “вагоне” часу без праблем ўдасца знайсці “акно”, каб хоць некалькі хвілін пагутарыць з музыкантамі. Аднак удзельнікі дзяржаўнага ансамбля настолькі сур’ёзна падышлі да свайго выступлення ў нашым горадзе, што за клопатамі па падрыхтоўцы да канцэрта, настройкай музычнай апаратуры, якую яны прывезлі з сабой, магчымасць сказаць некалькі слоў чытачам “Астравецкай праўды” знайшлася ў мастацкага кіраўніка “Песняроў” Вячаслава Шарапава толькі за некалькі хвілін да выхаду на сцэну.
— Не хвалюйцеся, я вас моцна не затрымаю…-- крыху ніякавата стаў апраўдвацца я.
— Мы ўжо ў такім узросце, што амаль не хвалюемся і нічога не баімся… Нават вашай атамнай станцыі!— на хаду парыраваў музыкант…


— Выдатна! У такім разе скажыце, якое журналісцкае пытанне вас ужо “дастала”?
— “Якія вашы творчыя планы?”
— Абыдземся без яго. А які адбітак на вашу творчасць накладвае статус аднаго з брэндаў Беларусі?
— О… Канешне, гэта вялікая адказнасць. Я б нават сказаў, што гэта свайго роду місія. Таму што нам дасталася вельмі няпростая доля – пасля адыходу Уладзіміра Мулявіна даказаць усім, што “Песняры” – гэта не проста калектыў пэўных асоб, а музычная традыцыя, якую стварыў Уладзімір Мулявін, і якая будзе жыць, пераходзіць з пакалення ў пакаленне і працягвацца. На шчасце, па-мойму, мы гэта ўжо даказалі. У дадзеным складзе калектыў існуе 8 гадоў, мы аб’ехалі вельмі шмат краін і гарадоў. Дзякаваць Богу – справы ідуць угору.
— Якімі якасцямі павінен валодаць музыкант, каб стаць удзельнікам вашага калектыву? І ці магчыма гэта зрабіць чалавеку “з вуліцы”?
— Калі ён здолее прад’явіць вялікую ступень таленту, і не толькі таленту, а і пэўнага самаахвяравання, без якога нельга працаваць у нашым калектыве, то, канешне, магчыма.
У вашым рэпертуары практычна няма кавер-версій вядомых песен. Гэта ваша прынцыповая пазіцыя?
— Па вялікаму рахунку, мы ніколі аб гэтым усур’ёз не задумваліся. Мы рабілі кавер-версіі, але выключна з нейкай пэўнай нагоды. Напрыклад, калі быў адпаведны заказ ад тэлеканала СТБ і беларускія музыканты спявалі сусветна вядома хіты.У межах падобнага праекта – чаму б і не? Мы тады выканалі “Hotel California” – і цяпер на канцэртах нас  часта просяць выканаць гэтую кампазіцыю. Мы не спяваем. Таму што адна справа – жарт у межах тэлепраекта, і іншая – сольны канцэрт.
— Вы ўжо не першы раз у Астраўцы. Якія ўражанні ад нашага гарадка ўвогуле і ад астравецкага гледача ў прыватнасці?
— Першае і галоўнае ўражанне – ад самой канцэртнай залы. Апошні раз, калі мы тут былі, яна была ў некалькі разбураным стане. Але нават тады нам вельмі спадабалася, што глядач вельмі блізка да нас – і мы вельмі блізка да гледача. Глядзім практычна адзін адному ў вочы. Няма той “сцяны”, якая адгароджвае артыста ад залы. Гэта вельмі прыемна.
А сёння, калі мы ўбачылі такі шыкоўны рамонт… І гучыць  усё цудоўна! Нават пры пустой зале добры гук! Таму ўражанні самыя прыемныя. Горад чысценькі, спакойны. І тое, што ён знаходзіцца ў прымежжы, таксама вельмі добра. Людзі тут больш інфарміраваныя, прагрэсіўныя. Таму  мы заўсёды з задавальненнем чакаем сустрэчы з астравецкім гледачом!


А затым было музычнае дзейства, якое зачаравала, захапіла з першых акордаў знакамітай “Спадчыны” – і не адпусціла да апошняй песні, не дазволіўшы нават на імгненне ўсумніцца ў тым, што на сцэне менавіта тыя “Песняры”, якіх мы любім, ведаем, якімі ганарымся — нашы!


Эдуард СВІРЫД.