У Рымдзюнах прайшла прэзентацыя вясельнага дыска ад Арвідаса Кірды

16:20 / 21.12.2010

Вакальнае майстэрства спявачак з фальклорных калектываў Рымдзюн, Гялюн і Гіраў вядома далёка за межамі Астравеччыны. Але далёка не ўсе слухачы ведаюць, колькі ў іх поспеху хаваецца працы мастацкага кіраўніка Рымдзюнскага сельскага Дома культуры, навуковага супрацоўніка Літоўскай акадэміі музыкі Арвідаса Кірды.


Без сумненняў, Арвідас – фанат ва ўсім, што тычыцца літоўскага фальклору. Тры гады таму Дэпартамент нацыянальных меншасцяў Літвы падарыў яму высакаякасную апаратуру, з дапамогай якой Кірда змог запісаць і вясельныя, і пахавальныя, і прымеркаваныя да сельскагаспадарчых работ народныя песні рэгіёна. А нядаўна ён выпусціў аўдыя-дыск, на якім запісана 37 вясельных песень у выкананні самадзейных спявачак Рымдзюншчыны.
Прэзентацыя новага дыска адбылася ў мясцовым Доме культуры. “У сугучнасці сучаснага з мінулым” – так называлася сустрэча, удзел у якой прынялі Арвідас Кірда і яго жонка, доктар музыказнаўства Гайла Кірдэне, спявачкі з Гялюн, Гіраў, Рымдзюн, супрацоўніца літоўскага пасольства Віргінія Тарнаўскайтэ, дырэктар клуба Галіна Штура і яе маладыя памочніцы Ірына Качан і Наталля Вінсла. На прэзентацыю ў якасці гледачоў былі запрошаны вучні мясцовай школы,  але як толькі загучала музыка, гледачы самі ператварыліся ў артыстаў – падпявалі і сям’і Кірда, і мясцовым спявачкам самым актыўным чынам. А калі справа дайшла да народных танцаў, аказалася, што моладзь ведае іх ніколькі не горш, чым дарослыя. Прынамсі, бабулям, як яны ні стараліся, не ўдалося ператанцаваць сваіх унучанят.
На свяце, у якое вылілася прэзентацыя дыска, раўнадушных не было.


Ганна ЧАКУР.