Итоги сельскохозяйственного года подвёл начальник управления сельского хозяйства и продовольствия

15:00 / 16.11.2014
Стагоддзямі не мяняецца ўклад жыцця селяніна: вясной – сей, летам – даглядай, а восенню – пажынай. Змянілася толькі адно: раней уся праца рабілася ўручную, а зараз на дапамогу чалавеку прыйшлі навука і тэхніка… Але ад гэтага клопатаў у працаўнікоў сельскай гаспадаркі не паменшала.

Мы папрасілі падсумаваць папярэднія вынікі сельскагаспадарчага года начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Руслана Мікалаевіча Сачко.

– Сёлетні валавы намалот збожжавых пераўзышоў рэкордны збор зерня 2008 года. Для астравецкіх хлебаробаў гэты год стаў, безумоўна, “залатым”, што не можа не радаваць. У чым вы бачыце асноўную прычыну такога поспеху?

– Мы сабралі на 10 тысяч тон збожжа больш, чым у мінулым годзе, – 79,1 тысячы тон. А рэкордны 2008 год па валаваму намалоту зерня пераўзышлі на 300 тон. І гэтыя лічбы не могуць не радаваць: будзем з хлебам. Рэкордны сёлета ўраджай!

Як мы да яго прыйшлі? Па-першае – гэта старанная падрыхтоўка. У глебу трапіла павышаная колькасць угнаенняў, асноўныя тэхналагічныя моманты сяўбы і догляду за пасевамі таксама былі вытрыманы. Па-другое – карпатлівая праца кожнага працаўніка, занятага на ўборцы, пачынаючы ад камбайнера і заканчваючы эканамістам. Падчас раённых “Дажынак”, якія сёлета праводзіліся ў аграгарадку Гервяты, праца і дасягненні лепшых хлебаробаў былі адзначаны не толькі падзячнымі пісьмамі, але і грашовымі прэміямі. І, канешне, адной з прычын такога цудоўнага ўраджаю стала спрыяльнае надвор’е.

Хочацца адзначыць, што сёлета ўсе справіліся з даведзеным планам паставак на дзяржаўныя хлебапрыёмныя пункты. А што тычыцца збожжа, якое засталося ў гаспадарках пасля выканання дзяржзаказу, то частка яго будзе выкарыстана для прыгатавання канцэнтраваных кармоў і пойдзе на корм грамадскаму статку. Складаны 2013 год, калі ўсе гаспадаркі, акрамя СВК “Гудагай”, не змаглі па валавай вытворчасці паўтарыць мінулы 2012 год, думаю, больш не паўторыцца.

– Да жывёлагадоўлі мы з вамі яшчэ вернемся… А зараз хацелася б даведацца, як сёлета ўрадзілі іншыя сельскагаспадарчыя культуры. Ці гэты год стаў толькі “збожжавым”?

– Увогуле 2014 год паказальны ў раслінаводстве. Не падвёў нас і “другі хлеб”. З 250 гектараў бульбянішчаў мы накапалі 9130 тон бульбы, ураджайнасць якой склала 365 цэнтнераў з гектара (самы высокі паказчык у СВК “Варняны” – 408 ц/га). Гэта другое месца ў вобласці, бульбаводы Астравеччыны прапусцілі наперад толькі сваіх калег з Гродзенскага раёна.

Вырошчваннем цукровых буракоў зараз займаюцца ўсе гаспадаркі раёна, акрамя саўгаса “Падольскі”, дзе прыярытэтным накірункам у раслінаводстве паранейшаму застаецца ільнаводства. На круг “цукровікі” далі па 608 цэнтнераў. Для параўнання: у мінулым годзе ўраджайнасць цукровых буракоў склала 596 цэнтнераў з гектара. Па гэтым паказчыку ў лідары сёлета выйшлі буракаводы СВК “Варняны” (931 ц/га) і “Гервяты” (622 ц/га).

Кукуруза, у адрозненне ад астатніх сельскагаспадарчых культур, паказала сябе крыху горш. Ураджайнасць яе зерня склала 86 цэнтнераў з гектара (у мінулым годзе было 100).

– Які задзел у кармавой базе зроблены на сёлетнюю зімоўку? У мінулым годзе ледзь не з сярэдзіны зімы амаль ва ўсіх гаспадарках раёна адчуваўся недахоп кармоў…

– З даведзеным заданнем па кармах мы справіліся на 98%. Па стану на 10 лістапада ў раёне нарыхтавана больш за 64,8 тысячы тон кармавых адзінак. У параўнанні з мінулым годам, сёлета ўсе гаспадаркі, акрамя саўгаса “Падольскі”, “сплюсавалі”. На ўмоўную галаву нарыхтавана 38,4 цэнтнера кармавых адзінак. Па гэтым паказчыку з невялікім мінусам спрацавалі толькі ў СВК “Міхалішкі” (-0,5) і саўгасе “Падольскі” (-4,4). Планавы паказчык па нарытоўцы сена мы выканалі толькі на 80%, адна гаспадарка раёна – СВК “Міхалішкі” – перавыканала план на сімвалічныя 4 працэнты. Што тычыцца сенажу, то да зімне-стойлавага перыяду яго нарыхтавана больш за 98 тысяч тон, а найлепш з яго нарыхтоўкай справіліся ў СВК “Варняны” (26,9 тысяч тон) і ў Гервятах (25,8 тысяч тон). Найбольш забяспечаны сіласам СВК “Варняны” і СВК “Міхалішкі”, а ўсяго па раёну яго нарыхтавана больш за 126 тысяч тон – крыху не дацягваем да мінулагодняга паказчыка.

– Напэўна, самы час ад кармоў перайсці да іх спажывальнікаў. Якая карціна вымалёўваецца ў раённай жывёлагадоўлі?

– За дзесяць месяцаў бягучага года, у параўнанні з аналагічным перыядам 2013 года, колькасць буйнай рагатай жывёлы павялічылася на 982 галавы. У грамадскі статак сёлета дадалося 527 кароў. Аднак атрыманы прыплод цялят крыху меншы, чым у 2013 годзе, – 8415 галоў, летась ён склаў 8599.

– На канец мая гэтага года ў раённай вытворчасці малака назіраліся пэўныя праблемы. З павелічэннем росту пагалоўя грамадскага статка валавы надой малака павялічыўся, але знізіліся амаль на кілаграм сярэднясутачныя надоі ад каровы. Ці змянілася сітуацыя ў раённай малочнай вытворчасці за летнее-пашавы перыяд утрымання?

– Прычыны зніжэння вытворчасці малака – у праблемах кармавой базы мінулай зімоўкі: гэта і недахоп кармоў, і іх якасць, якая не адпавядала нормам. На 1 лістапада валавая вытворчасць малака склала 431 тысячу цэнтнераў. Раённым лідарам у гэтым паказчыку стаў СВК “Гудагай”, які атрымаў больш за 114 тысяч цэнтнераў. Астатнія гаспадаркі таксама спрацавалі з плюсам да аналагічнага перыяду мінулага года.

А вось з надоямі малака ад каровы па-ранейшаму адчуваюцца пэўныя праблемы ў трох гаспадарках раёна. Толькі варнянцы і гудагайцы пераўзышлі ўзровень мінулага года і ад адной каровы атрымалі ў сярэднім адпаведна 4491 і 5085 кілаграмаў. Па гэтаму паказчыку мы займаем 7 пазіцыю ў вобласці з сямнаццаці раёнаў. Калі браць валавы надой малака ў разрэзе апошняга месяца, то па раёне ён складае 43476 цэнтнераў, а гэта на 14 працэнтаў больш, чым у 2013 годзе. Найбольшыя надоі ад адной умоўнай галавы за месяц атрымалі ў СВК “Варняны” (+88 кілаграмаў да мінулага года), СВК “Гудагай” (+43 кілаграмы) і СВК “Гервяты” (+30 кілаграмаў).

– Калі вытворчасцю малака займаюцца ўсе гаспадаркі раёна, то свінагадоўляй – толькі СВК “Варняны”: і як з гэтым абстаяць справы?

– Так, на сённяшні дзень свінагадоўля засталася толькі ў СВК “Варняны”. Да прыкладу, на пачатак 2013 года пагалоўе свіней у СВК “Гервяты” перавышала тысячу галоў, у СВК “Міхалішкі” яно складала каля 600 свіней, а ў цэлым па раёне даходзіла да 17 тысяч галоў. А на 1 лістапада гэтага года яно зменшылася на 486 свіней. Сваю негатыўную ролю тут адыграла вострая не толькі ў раёне, але ў рэспубліцы праблема распаўсюджвання афрыканскай чумы свіней.

– Хацелася б даведацца аб дасягнутых за 10 месяцаў выніках у вытворчасці мяса.

– Рэалізацыяй мяса ў нашым раёне ў асноўным займаюцца СВК “Варняны” і СВК “Гервяты”. У гэтым годзе два валаўтвараючыя комплексы спрацавалі з мінусам да ўзроўню мінулага года: варнянцы толькі на 70 працэнтаў выканалі план па рэалізацыі свініны, а гервятцы – на 75 працэнтаў па рэалізацыі ялавічыны. За дзесяць месяцаў пераапрацоўшчыкам пастаўлена 5026 тон мяса, а гэта на 18 працэнтаў менш, чым у 2013 годзе. Недабор мяса ўзнік у выніку змяншэння аб’ёмаў прадукцыі.

Што тычыцца адкормачнай галіны, то валавыя прывагі буйной рагатай жывёлы на пачатак лістапада склалі 4200 тоны, і свіней – 1324 тоны. Раённы паказчык сярэднесутачнага павелічэння вагі буйной рагатай жывёлы крыху вышэйшы за сярэднія лічбы па вобласці і складае 673 грамы. А ў свінагадоўлі ён набліжаецца да 520 грамаў.

– А якая рэнтабельнасць вытворчасці ў гаспадарках?

– У цэлым па раёне за 9 месяцаў гэтага года яна складае 13,4 працэнты. Па дадзеных эканамістаў, самая высокая рэнтабельнасць вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі – у СВК “Гудагай” (23,4). У СВК “Міхалішкі” і “Гервяты” гэты паказчык крыху большы за 15 працэнтаў, у саўгасе “Падольцы” – каля 10 працэнтаў. А найменшую рэнтабельнасць паказала прадукцыя СВК “Варняны” – толькі 5 працэнтаў.

– Калі на мове грошай гаварыць пра тоны і цэнтнеры сельгаспрадукцыі, то якую выручку атрымалі гаспадаркі раёна?

– За дзевяць месяцаў сумарная выручка гаспадарак склала 343,5 мільярды рулёў. Найбольш грашовых сродкаў атрымаў СВК “Варняны” – 89,6 мільярдаў рублёў, затым ідуць СВК “Гервяты” і “Гудагай” – адпаведна 85,7 і 80,7 мільярдаў. А СВК “Міхалішкі” і саўгас “Падольскі” сельскагаспадарчай прадукцыі рэалізавалі больш чым на 42 мільярды рублёў.

– Не лічбамі адзінымі характарызуецца дзейнасць кааператываў. За кожным паказчыкам стаіць чалавек. Якая зараз сёння зарплата ў работнікаў сельскай гаспадаркі?

– У сельскагаспадарчай галіне раёна сярэдняя зарплата складае 4268 тысяч рублёў. Па-ранейшаму самымі высокааплачваемымі работнікамі застаюцца механізатары – іх заробак у сярэднім за месяц набліжаецца да 6 мільёнаў рублёў. А найменшая зарплата традыцыйна ў паляводаў – 2241 тысяча рублёў. Найбольшыя заробкі – у сярэднім каля 4,5 мільёнаў рублёў – атрымліваюць рабочыя ў СВК “Гервяты”, “Гудагай” і “Варняны”.

– Прапаную вам са старонак газеты павіншаваць усіх працаўнікоў, хто заўтра будзе адзначаць сваё прафесійнае свята.

– У сельскай гаспадарцы занята значная частка жыхароў Астравецкага раёна. Заўтрашні дзень аднолькава святочны як для кіраўніка гаспадаркі, так і для спецыяліста або рабочага, а значыць – для ўсяго нашага рэгіёну. І нездарма Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці прыпадае на канец восені. Можна спыніцца і азірнуцца назад, каб падвесці вынікі, убачыць усе дасягненні і недахопы – і зрабіць задзел на наступны год. Сёлета, дзякуючы зладжанай рабоце, мы змаглі дабіцца рэкордных паказчыкаў на ўборцы хлеба. Крыху падвяла жывёлагадоўля, але, спадзяюся, сумеснымі намаганнямі ў наступным годзе многія мінусы ў гэтай галіне пераправім на плюсы не толькі дзеля дасягнення стабільных фінансавых вынікаў, але і дзеля дабрабыту кожнага працаўніка сельскай гаспадаркі.

Здароўя, плёну, дабрабыту ў сем’і і ажыццяўлення задуманага!

– Што ж, Руслан Мікалаевіч, мы вас таксама віншуем з надыходзячым прафесійным святам. Новых поспехаў і рэкордаў!

--------------------------------------

Гутарыла Алена ГАНУЛІЧ.