В 2014 году собран рекордный урожай

09:00 / 20.09.2014
1
Сёння ў аграгарадку “Гервяты” – раённыя “Дажынкі”: традыцыйнае свята завяршэння збору ўраджаю. Сёлета ўпершыню за некалькі апошніх гадоў, калі пераможцаў спаборніцтва на ўборцы збожжавых ушаноўвалі на агульным мерапрыемстве, прысвечаным Дню работнікаў сельскай гаспадаркі, “Дажынкі” вынесены ў асобнае свята, якое абяцае прайсці з асаблівым размахам. І гэта невыпадкова: сабраны хлебаробамі ўраджай дазваляе парадавацца ўсім, хто яго вырошчваў і ўбіраў, ды і словы падзякі героям жніва будуць зусім не лішнімі.
Зрэшты, прадставім права ацаніць вынікі сёлетняга хлебаробчага года спецыялістам. Мы папрасілі зрабіць гэта начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Руслана Мікалаевіча Сачко.


– Кажуць, што куранят варта лічыць па восені. Што ж, саамы час… Руслан Мікалаевіч, раскажыце жыхарам раёна: што паказваюць гэтыя падлікі? Ці апраўдаліся надзеі на рэкордны ўраджай, якія грэлі душу кожнага прыналежнага да земляробчай справы з ранняй вясны да апошняга ўбранага лапіка хлебнай нівы і пра якія яны нават баяліся гаварыць услых, каб не сурочыць?
– Так, сёння ўжо без усялякай аглядкі на “а раптам…” можна сказаць: сёлета мы сабралі цудоўны ўраджай. Валавы збор збожжа склаў 79,1 тысячы тон – гэта на 10 тысяч тон больш, чым летась. А сярэдняя ўраджайнасць па раёну – 43 цэнтнеры з гектара: на 10 цэнтнераў больш, чым у мінулым годзе.
– Калі мне не здраджвае памяць, валавы намалот сёлета нават большы, чым у рэкордным 2008 годзе?
– Сапраўды, хоць не нашмат –  на 300 тон, – але сёлетні валавы збор зерня пераўзышоў рэкордны намалот 2008 года, пра які і сёння ўспамінаюць аграномы і камбайнеры.
– Агульнараённы поспех дасягнуты дзякуючы асобным “рэкардыстам”, ці прыбаўку атрымалі ўсе гаспадаркі?
– Менавіта так – усе, і гэта радуе найбольш. Праўда, прыбаўка гэтая розная: калі ў СВК “Гудагай” валавы збор атрымаўся большым, чым мінулагодні, на 3,7 тысячы тон, а ўраджайнасць з кожнага гектара – на 10,5 цэнтнера, то ў СВК “Міхалішкі” – адпаведна на 1,1 тысячы тон і 6,9 цэнтнера. Але пры ўсім тым нават тысяча дадатковых тон збожжа – рэзерв немалы. Не кажучы ўжо пра без малога чатыры…
– Мы ўсё гаворым пра сярэднія паказчыкі – ураджайнасць, вал – нібы пра сярэднюю тэмпературу па бальніцы… А як праявілі сябе асобныя культуры ў асобных гаспадарках? Хто тут “чэмпіён”, а хто – “аўтсайдэр”?
– Ну, калі раздаваць чэмпіёнскія “медалі” збожжавым культурам, то трэба адзначыць, што “золата” сёлета заваяваў ячмень: ён даў на круг 47,9 цэнтнера, а ў СВК “Гудагай” яго ўраджайнасць склала 50,3 цэнтнера. “Серабро” амаль што падзялілі азімая пшаніца і азімае трыцікале – 45,9 і 45,8 цэнтнера з гектара адпаведна (пшаніца ў СВК “Міхалішкі” дала на круг па 57 цэнтнераў, а трыцікале ў “Варнянах” – па 50 цэнтнераў). Трэцяе месца – у яравой пшаніцы, якой сабралі на круг па 43,4 цэнтнера, а ў СВК “Гервяты” – ажно па 57,2 цэнтнера. Авёс даў на круг на 40,9 цэнтнера. А вось ўраджайнасць жыта – усяго 35,9 цэнтнера.
А калі і далей карыстацца спартыўнай лексікай, то можна сказаць, што ёсць і “чэмпіёны сярод чэмпіёнаў”. Так, ячмень сорту “Кармаран” у СВК “Гервяты” даў па 70 цэнтнераў на круг. Гібрыд жыта “Пікасо” ў гэтай жа гаспадарцы – 76 цэнтнераў. Азімай пшаніцы “Ядвіся” ў СВК “Гудагай” сабралі па 70 цэнтнераў з гектара, а яе яравая “сястрыца” “Тома” ў СВК “Гервяты” дала ўвогуле па 72 цэнтнеры з гектара. Вы толькі задумайцеся: такія ўраджаі, па 70 і больш цэнтнера з гектара, збіраюць, хай сабе пакуль з асобных палеткаў, не ў Гродзенскім і не ў Бераставіцкім – у самым паўночным раёне вобласці, на Астравеччыне, у зоне рызыкоўнага земляробства!
– Ураджайнасць, валавы намалот – гэтыя лічбы, безумоўна, радуюць. А як яны трансфармуюцца ў фінансавыя паказчыкі? Вырошчванне якой з культур прыносіць найбольшы прыбытак?
– Тут без варыянтаў – безумоўна, гэта пшаніца. Розніца ў кошце тоны пшаніцы і жыта – прыкладна ў паўтара разы. Так што вырошчванне пшаніцы, як азімай, так і яравой, хоць і патрабуе большых фінансавых і працоўных затрат, тым не менш спаўна акупляецца. І таму занятыя ёю плошчы будзем пашыраць – за кошт змяншэння менш эканамічна выгаднага жыта.
Хоць увогуле найбольшы фінансавы вынік дае нават не рэалізацыя зерня, а выкарыстанне яго для прыгатавання высокапажыўнага корму для жывёлы. І таму нас найбольш радуе той факт, што сёлетні ўраджай дае магчымасць гаспадаркам у поўнай меры забяспечыць сябе кармамі, а значыць – у перспектыве атрымаць прыбаўку жывёлагадоўчай прадукцыі: менавіта з яе рэалізацыяй звязаны нашы асноўныя спадзяванні.
– “Дажынкі” – свята спецыфічнае, якое, напэўна, і было прыдумана для таго, каб ушанаваць і адзначыць тых, хто найбольш плённа працаваў на ўборцы ўраджаю. Прыадкрыйце заслону таямніцы: каго і за што будуць ушаноўваць у Гервятах?
– Традыцыйна былі распрацаваны ўмовы раённага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур як сярод гаспадарак, так і ўдзельнікаў жніва. Прычым вынікі яго падводзіліся не па літаральных фізічных паказчыках: у каго вышэй ураджайнасць, хто больш намалаціў ці перавёз зерня, бо гэта было б несправядліва: у розных умовах працуюць гаспадаркі раёна, на рознай тэхніцы – механізатары і вадзіцелі. Усе гэтыя нюансы мы пастараліся яго ўлічыць пры распрацоўцы ўмоў спаборніцтва і падвядзенні вынікаў. Так, пры вызначэнні лепшай гаспадаркі ўлічваўся тэмп росту валавой вытворчасці збожжа да сярэднегадавога ўзроўню трох апошніх гадоў, атрыманая ўраджайнасць, выхад збожжа на бала-гектар глебы. Зыходзячы з гэтых паказчыкаў, выводзіўся выніковы каэфіцыент работы сельгасарганізацыі па вытворчасці зерня. Да ўдзелу ў спаборніцтве дапускаліся толькі тыя гаспадаркі, дзе гэты каэфіцыент большы за адзінку: сёлета ў раёне яго пераўзышла толькі адна гаспадарка – СВК “Гудагай”, якая, і гэта ўжо не з’яўляецца нейкай таямніцай, і стала пераможцай раённага спаборніцтва.
У індывідуальным спаборніцтве камбайнавых экіпажаў, вадзіцеляў на адвозцы збожжа, аператараў сушыльных установак таксама ўлічваліся многія аспекты: не толькі колькасць намалочанага, перавезенага, дасушанага збожжа, але і марка, тэрмін эксплуатацыі тэхнікі, на якой працавалі ўдзельнікі жніва – такім чынам усе дасягнутыя ўдзельнікамі жніва вынікі былі прыведзены да так званай умоўнай вагі, у якой  улічаны ўсе гэтыя аспекты. Раённым спаборніцтвам прадугледжана ўзнагароджанне трох лепшых камбайнавых экіпажаў, трох вадзіцеляў на адвозцы, двух вадзіцеляў цэнтравывазу, аператараў сушыльных установак трох асноўных марак сушылак, маладзёжных экіпажаў і маладых вадзіцеляў.
Канкрэтна пра пераможцаў спаборніцтва і іх узнагароды гаварыць сёння не будзем: няхай гэта стане сюрпрызам. Раскажаце пра гэта пасля “Дажынак”. Магу толькі сказаць, што з раённага бюджэту на ўшанаванне герояў жніва выдзелена 290 мільёнаў рублёў.
Акрамя таго, ва ўсіх гаспадарках раёна падведзены ўласныя вынікі спаборніцтва, дзе таксама адзначаны лепшыя працаўнікі.
І сёння, калі мы падводзім вынікі ўборачнай кампаніі, я са старонак раённай газеты хачу ўсім людзям, якія, не шкадуючы сіл, працавалі на ўборцы хлеба – кіраўнікам і спецыялістам, камбайнерам і вадзіцелям, сушыльшчыкам і рамонтнікам, поварам і абслугоўваючаму персаналу, родным і блізкім удзельнікаў жніва – выказаць словы вялікай падзякі за іх нястомную, плённую працу. Дзякуючы ёй і быў атрыманы той рэкордны ўраджай, пра які мы гаварылі напачатку.
– Руслан Мікалаевіч, вы першы год узначальваеце сельскую гаспадарку раёна – і адразу ж такі вынік. Скажыце шчыра: прыемна? І ці гатовы нашы хлебаробы паўтарыць і пераўзысці сёлетні рэкорд?
– Ведаеце, сёння свята, і не хочацца гаварыць пра тыя цяжкасці і праблемы, якія існавалі падчас вырошчвання і ўборкі хлеба. Скажу толькі, што даўся гэты рэкорд не так лёгка, як можа падацца недасведчанаму. Хапала і праблем, і арганізацыйных няўвязак. І тыя сілы і сродкі, што былі ўкладзены пад ураджай гэтага года, дазвалялі спадзявацца на куды лепшы вынік, чым быў атрыманы. Так што рэкорд, канешне ж, радуе, але ўраджай мог і павінен быць куды лепшым. І на надвор’е сёлета ківаць не выпадае: неба ў гэтым годзе яўна было ў саюзніках нашых хлебаробаў. Але існаваў шэраг тэхнічных, тэхналагічных недапрацовак, арганізацыйных няўвязак. Паўтаруся: не хочацца гаварыць аб гэтым падчас свята. Але трэба памятаць, што дасягнутыя ў гэтым годзе паказчыкі – не мяжа для нашага раёна, і трэба зрабіць усё, каб сёлетні рэкорд заўтра стаў пройдзеным этапам і стартавай пляцоўкай для новых дасягненняў. І рэкорд патрэбен не дзеля рэкорда, а для дасягнення стабільных фінансавых вынікаў дзейнасці кожнай гаспадаркі і ў канчатковым выніку – для павышэння дабрабыту кожнага вяскоўца.
– Ну што ж, таго і пажадаем – вам асабіста і кожнаму хлебаробу раёна – у дзень святкавання раённых “Дажынак”. Са святам!
– Дзякуй!

-------------------------------
Гутарыла Ніна РЫБІК.