Лучшие хлеборобы Островетчины получили дипломы и премии на республиканском фестивале "Дожинки"

08:00 / 02.10.2013
У мінулыя выхадныя ў Жлобіне Гомельскай вобласці прайшоў рэспубліканскі фестываль-кірмаш «Дажынкі», на які была запрошана прадстаўнічая дэлегацыя Астравецкага раёна на чале са старшынёй райвыканкама Адамам Дзмітрыевічам Кавалькам. Вярнуліся прадстаўнікі Астравеччыны дахаты з галоўнага свята хлебаробаў краіны з узнагародамі і важкімі падарункамі.

Тадэвуш Іванавіч Юркойць, які каторы ўжо год запар становіцца пераможцам раённага спаборніцтва на жніве, на гэты раз скарыў і рэспубліканскі п’едэстал гонару: у спаборніцтве старшых камбайнераў ён заняў другое месца і за гэтую перамогу атрымаў Ганаровы дыплом і салідную грашовую прэмію. Віктар Іванавіч Тумінскі, механізатар гэтай жа гаспадаркі, стаў адным з пераможцаў сярод другіх камбайнераў.
Былі адзначаны на свяце ў Жлобіне і прадстаўнікі маладой хлебаробскай змены. Андрэй Фёдаравіч Махонька з СВК «Гервяты» стаў адным з пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва сярод маладых камбайнераў, а Васіль Васільевіч Сячынскі з гэтай жа гаспадаркі – сярод маладых вадзіцеляў, занятых на адвозцы збожжа. Усе яны былі ўзнагароджаны Ганаровымі дыпломамі і грашовымі прэміямі.
Традыцыйна на свяце былі адзначаны і арганізацыі, якія прызнаны лепшымі ў навядзенні парадку на зямлі. Сярод такіх – ДЛГУ «Астравецкі лясгас» і Гудагайскі сельскі Савет. У якасці ўзнагароды і сродку для далейшага навядзення і падтрымання парадку на зямлі яны атрымаюць трактары МТЗ-952.
Што ж, віншуем пераможцаў – і парадуемся за землякоў!


------------------------
Ніна АЛЯКСЕЕВА.
На здымку: пераможца раённага і прызёр рэспубліканскага спаборніцтва на жніве Тадэвуш Іванавіч Юркойць, механізатар СВК «Варняны».