"Островецкий лесхоз" – успешный и процветающий

08:00 / 15.09.2012
6313

На ДЛГУ “Астравецкі лясгас” ускладзены шматлікія функцыі – пасадка лясных культур, ахова ляснога фонду, вядзенне паляўнічай гаспадаркі, догляд за лесам і яго ахова ад пажараў, незаконных вырубак і іншых парушэнняў, рэалізацыя дзяржаўных праграм і праектаў развіцця лясной гаспадаркі для павышэння прадукцыйнасці, а таксама забеспячэння галін эканомікі і насельніцтва ўсімі відамі лясной прадукцыі. Астравецкі лясгас з усімі гэтымі задачамі спраўляецца на самым высокім узроўні.


Апроч усяго пералічанага, у Астравецкім лясгасе – і гэта выгадна адрознівае яго ад іншых падобных прадпрыемстваў – інтэнсіўна развіваецца прамысловая дзейнасць. Традыцыйным накірункам застаецца дрэваапрацоўка. За 7 месяцаў бягучага года ў дрэваапрацоўчым цэху перапрацавана 20 184 кубаметраў драўніны, выраблена 5,5 тысячы кубаметраў піламатэрыялаў, каля 1,5 тысячы кубаметраў ацыліндраваных вырабаў з нізкатаварнай драўніны, 188 кубаметраў паганажных вырабаў. Усяго ў дрэваапрацоўчым цэху выраблена прадукцыі ў супастаўных цэнах прыкладна на 30 мільярдаў рублёў. Два гады назад быў запушчаны прэс па выпуску паліўных брыкетаў, дзякуючы чаму ў лясгаса з’явілася магчымасць зарабляць дадатковыя грошы з адходаў перапрацоўкі лесу. Прэс даўно выйшаў на сваю праектную магутнасць. За 7 месяцаў бягучага года выпушчана 694 тоны паліўных брыкетаў на суму 90 тысяч долараў ЗША – усе яны адпраўлены на экспарт.
Але асноўнай прадукцыяй дрэваапрацоўчага цэха застаюцца піламатэрыялы – абразныя піламатэрыялы хвойных і мяккаліставых парод; ацыліндраваныя вырабы; штыкетнік; профільныя дэталі з драўніны для будаўніцтва – дошкі для падлогі, плінтусы, налічнікі, абшыўка “блок-хаус”. У мінулым годзе прадпрыемства набыло дзве дадатковыя сушыльныя камеры, каб хапала магутнасці прасушыць усю прадукцыю дрэваапрацоўкі. Варта адзначыць, што 60 працэнтаў выпускаемай прадукцыі ў дрэваапрацоўчым цэху ідзе на экспарт у розныя краіны Еўропы – Германію, Польшчу, Францыю, Галандыю, Бельгію і іншыя. За 7 месяцаў бягучага года на экспарт адправілі прадукцыі на суму 1,2 мільёна долараў ЗША.
Адным з накірункаў прамысловай дзейнасці з’яўляецца пабочнае карыстанне лесам – на грыбах, ягадах, травах, мёдзе, веніках прадпрыемства зарабіла ў бягучым годзе 354 мільёны рублёў.
У гэтым годзе на выніковай калегіі Мінлясгаса ДЛГУ “Астравецкі лясгас” атрымаў Ганаровую грамату Міністэрства за высокія дасягненні ў паляўнічагаспадарчай дзейнасці ў 2011 годзе. І гэтая ўзнагарода цалкам заслужаная, бо за апошнія гады лесапаляўнічая гаспадарка, якая займае тэрыторыю 35 тысяч гектараў, атрымала дынамічнае развіццё. Ужо сёння даходы ад гэтай дзейнасці складаюць 171 мільён рублёў. 117 мільёнаў атрымалі ад замежнага паляўнічага турызму – па традыцыі да нас прыязджаюць паляўнічыя з Расіі і Украіны. Важнай падзеяй мінулага года стала адкрыццё другога Дома паляўнічага каля вёскі Быстрыца – цяпер у лесапаляўнічай гаспадаркі іх два, а значыць, можна прымаць яшчэ больш турыстаў і аматараў палявання.
Некалькі гадоў назад на базе паляўнічай гаспадаркі быў пабудаваны вальер плошчай 206 гектараў, які складаецца з трох адсекаў, дзе вырошчваюцца плямістыя алені, дзікія кабаны, еўрапейскай лані і высакародныя алені, завезеныя з Белавежскай пушчы з мэтай стварэння новай папуляцыі.
Астравецкія паляўніцтвазнаўцы ніколі не стаяць на месцы, а заўсёды шукаюць новыя шляхі развіцця. Так, каб прыцягнуць яшчэ больш турыстаў, Астравецкі лясгас у мінулым годзе заключыў дагавор з Інстытутам лесу Нацыянальнай Акадэміі Навук аб пракладцы экалагічнай сцежкі. Акрамя таго, Астравецкі лясгас плануе павялічыць плошчу вальера і праводзіць на яго тэрыторыі паляванне з арбалета і лука.
Астравецкі лясгас – прадпрыемства, якое ніколі не стаіць на месцы, і тым самым забяспечвае сабе далейшы росквіт і развіццё.


--------------------------------------------
Вольга ШОЎКУН, фота аўтара.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений