Паспяховы год для астравецкага аўтамабільнага парка

09:28 / 31.10.2011

Напэўна, кожны жыхар нашага раёна карыстаўся паслугамі аўтамабільнага парка №4. Збіраючыся ў дарогу, мы ўсё часцей аддаём перавагу грамадскаму аўтатранспарту, справядліва ацаніўшы яго рэгулярнасць, хуткасць дастаўкі пасажыраў да месца назначэння і параўнальна невялікі кошт білетаў. Безумоўна, да гэтых пераваг можна аднесці і прафесійны падыход да выканання работы персаналам прадпрыемства.
Напярэдадні прафесійнага свята Дня аўтамабіліста мы сустрэліся з “правай рукой” дырэктара аўтамабільнага парка №4 – галоўным інжынерам Васіліем Лаўрэнцьевічам Басалаем, каб распытаць аб справах арганізацыі.


– Гэты год быў паспяховым для нас – мы выканалі ўсе пастаўленыя перад намі задачы. Так, калі ў мінулым годзе за 9 месяцаў прадпрыемства атрымала даходаў на суму 3,4 мільярда рублёў, то ў гэтым годзе – 5,6 мільярда. Гэта адлюстравалася і на павышэнні зарплаты работнікаў – сярэдняя зарплата зараз складае 1363000 рублёў. Па грузавых перавозках у параўнанні з мінулым годам план перавыканалі на 195 працэнтаў, па пасажырскіх – на 135 працэнтаў. Традыцыйна больш за ўсё даходаў прынесла нам грузавая калона. Асноўнымі заказчыкамі тут з’яўляюцца Гроднапрамбуд і дарожныя арганізацыі вобласці, якія заняты на будаўніцтве інфраструктуры будучай АЭС. Штодзённа 5-6 машын мы адпраўляем на работы ў ДРБУ-159. Увогуле аўтамабільны парк налічвае 28 адзінак грузавых машын і 31 аўтобус, і ён пастаянна абнаўляецца. Так, у гэтым годзе мы набылі 3 грузавыя машыны – 2 дваццацітонныя самазвалы і седлавы цягач МАЗ, і два аўтобусы МАЗ.
Акрамя сваёй асноўнай дзейнасці – пасажырскія і грузаперавозкі – аўтапарк аказвае паслугі па рамонту легкавога транспарту на станцыі тэхабслугоўвання: рамонт кузаваў, замена газаразмеркавальнага механізму рухавіка, балансіроўка шын і іншыя паслугі. Для захаванасці сваіх аўтамабіляў жыхары і госці пасёлка могуць карыстацца паслугамі стаянкі, якая размяшчаецца на тэрыторыі аўтамабільнага парка.
Вялікая ўвага ўдзялялася ў гэтым годзе навядзенню парадку на тэрыторыі аўтамабільнага парка – заасфальтавалі тэрыторыю, адрамантавалі майстэрні, бытавыя пакоі, актавую залу, кабінеты ў адміністрацыйным будынку, цэнтральную кацельню, набылі два новыя катлы магутнасцю 90 кВт. Адным словам, умовы працы работнікаў прадпрыемства выходзяць на якасна новы ўзровень.
Але, як кажуць, “не хлебам адзіным”. Умеюць аўтамабілісты і адпачываць. Па ініцыятыве Зоі Іосіфаўны Бабёр, якая ўзначальвае прафсаюзны камітэт, работнікі аўтапарка пабывалі на Аўгустоўскім канале, наведалі Гродзенскі маёнтак “Каробчыцы”.






Ні адно прадпрыемства не можа стабільна развівацца, калі ў гэтым не зацікаўлены калектыў. У гэты святочны дзень хацелася б адзначыць многіх нашых работнікаў, але ў першую чаргу тых, хто адпрацаваў у аўтапарку доўгія гады. Немагчыма падлічыць, колькі гадзін правялі за рулём вадзіцелі з 30-гадовым стажам работы, колькі кіламетраў дарог аб’ездзілі яны. Да прафесійнага свята начальнік гаража А.А. Галавешкін узнагароджаны нагрудным знакам “Ганаровы транспартнік”. Ганаровай граматы ААТ “Гроднааблаўтатранс” удастоены вадзіцель грузавой машыны А.В. Бледны і вадзіцель аўтобуса П.П. Бараноўскі. Добрым прыкладам для моладзі служаць нашы ветэраны працы вадзіцелі аўтобусаў У.С. Аўдзей, Ф.А. Сільвановіч, С.С. Мілашэўскі, Ф.А. Раткевіч, Ч.Ю. Тапуць, Ф.В. Саўко, Г.Б. Алёкса, В.І. Керна, вадзіцелі грузавых машын А.І. Шыць, А.М. Платонаў, Э.Р. Нарковіч, Г.С. Алёкса, В.В. Петрык, кантралёр Э.С. Танковіч, інжынер СТА У.М. Кацінель, манціроўшчык шын М.І. Варашкевіч, білетныя касіры В.З. Глужнева і С.У. Гук, слесар па рамонту аўтамабіляў І.М. Віткоўскі, электрагазазваршчык Р.І. Андрушкевіч, інспектар па кадрах З.І. Бабёр.
Віншую ўсіх работнікаў са святам і жадаю моцнага здароўя, шчасця, аптымізму, упартасці і настойлівасці ў дасягненні пастаўленых мэт!

Вольга ШОЎКУН.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.