Зіма на парозе. Ці гатовы?

15:58 / 29.10.2010
10118
Ці будзе цёпла ў кватэрах?

Летам мы забываемся пра зіму і холад. А вось работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі пачынаюць рыхтавацца да новага ацяпляльнага сезону адразу пасля заканчэння папярэдняга.
Пра гатоўнасць да зімы Астравецкага РУП “ЖКГ” нам расказаў галоўны інжынер прадпрыемства Сяргей Уладзіміравіч Сапач:

– Яшчэ ў пачатку лета былі распрацаваны і ўзгоднены арганізацыйна-тэхнічныя мерапрыемствы па падрыхтоўцы аб’ектаў ЖКГ да работы ў асенне-зімовы перыяд. Сёння практычна ўсе запланаваныя мерапрыемствы выкананы поўнасцю. Мы правялі гідраўлічныя выпрабаванні 39,2 кіламетра цеплавых сетак, выканалі прафілактычныя рамонты і выпрабаванні абсталявання 7 ацяпляльных кацельняў, якія знаходзяцца на балансе ЖКГ. Замянілі 2 кіламетры цеплавых сетак з прымяненнем прадізаляцыйных труб, пераклалі 1,8 кіламетра трубаправодаў халоднай вады, правялі работы па рамонту артсвідравін, водаразборных калонак, веж, гідрантаў, а таксама работы па прафілактычнаму рамонту сістэм ацяплення дамоў, цеплавых вузлоў, рамонту стыкаў панэляў, перакрыццяў, печак. На набыццё частотна-рэгулюючых правадоў для свідравінных помп было выдзелена 40 мільёнаў рублёў – абсталяванне ўстаноўлена і ўведзена ў эксплуатацыю.
У рамках праграмы па пераводу кацельных на мясцовыя віды паліва на кацельні №1 выконваюцца работы па ўстаноўцы катла маркі КВТ-4000, які працуе на драўніннай шчапе. Запуск гэтага катла ў эксплуатацыю дазволіць значна знізіць расходаванне газу на патрэбы ацяплення і поўнасцю выключыць расходаванне яго на патрэбы гарачага водазабеспячэння ў міжацяпляльны перыяд.
У гэтым годзе з-за халоднага надвор’я ацяпляльны сезон пачаўся раней звычайнага. Нагадаю, што ў школах, дзіцячых садках, бальніцах ацяпленне ўключаецца, калі тэмпература паветра ніжэй за +10 градусаў, а ў жылым фондзе – калі на вуліцы ніжэй за +8. Тэмпература ў памяшканні не павінна быць ніжэй за 18 градусаў цяпла. Такім чынам, ужо з 1 кастрычніка былі ўключаны сістэмы ацяплення ў школах, дзіцячых садках, медыцынскіх установах і ўстановах сацыяльнага забеспячэння з пастаянным знаходжаннем людзей. З 6 кастрычніка – у кватэрах, інтэрнатах, гасцініцы. А з 11 кастрычніка пачалі ацяпляцца грамадскія, адміністрацыйныя і іншыя будынкі. Для параўнання: звычайна ацяпляльны сезон пачынаецца 15 кастрычніка і заканчваецца 15 красавіка.
Пры ўключэнні ацяплення ўзніклі некаторыя цяжкасці: мы атрымалі шмат нараканняў ад насельніцтва з-за запаветранасці сістэмы. Але згодна з правіламі за 10 сутак з моманту ўключэння цяпла ўсе недаробкі павінны быць ліквідаваны. І на сёння гэтая праблема вырашана.
Так што насельніцтва раёна будзе зімаваць у цяпле. І няхай людзі не хвалююцца: нават калі здарыцца такая суровая зіма, якая была ў мінулым годзе, магутнасці катлоў нам хопіць, паліва – таксама.
На выпадак галалёдзіцы у нас яшчэ з мінулага года засталося 260 тон пясчана-солевай сумесі. Што горш з тэхнікай: яна ўжо зношана. У нас ёсць 1 пескараскідвальнік, 2 снегапагрузчыкі,  тэхніка для адвозкі снегу. Не хапае снегазагрузчыка і трактарнай тэхнікі.



Хопіць бульбы і цыбулі – халадам пакажам дулі

Многія з нас займаюцца сельскай гаспадаркай, нарыхтоўваюць грыбы і ягады: хто для ўласных патрэб, а некаторыя стараюцца на гэтым яшчэ і падзарабіць. Што тычыцца другіх, то яны забіваюць нават не двух, а трох зайцаў – забяспечваюць неабходнай прадукцыяй сябе, здаюць лішкі і зарабляюць на гэтым грошы і аказваюць дапамогу Астравецкаму райспажыўтаварыству ў нарыхтоўцы прадукцыі на міжсезонны перыяд.
Аб тым, як падрыхтаваліся раённыя нарыхтоўшчыкі да зімы, нам расказала галоўны эканаміст Астравецкага райспажыўтаварыства А.В. Гудойць:


– Сёлета раённая нарыхтоўчая кантора павысіла закупачныя цэны на прадукцыю. Так, калі ў мінулым годзе бульбу прымалі па 680 рублёў за кілаграм, то ў гэтым — па 1000 рублёў, капусту па 810 рублёў (у мінулым годзе па 600 рублёў), яблыкі — па 200 (летась – па 180 рублёў).
Сярод 18 відаў прадукцыі, што нарыхтоўвае Астравецкае райспажыўтаварыства, найбольш парадавала бульба, якая ўрадзіла на славу. За 9 месяцаў 2010 года было закуплена ў насельніцтва 446,9 тоны бульбы (пры тым, што звычайна гэтая лічба не перавышала 100 тон). Але і астатняй гародніны і садавіны нарыхтавана ў дастатковай колькасці: 19,8 тоны памідораў, 44,1 тоны агуркоў, 58,5 тоны цыбулі, 29,1 тоны капусты, 5,7 тоны морквы, 1,6 тоны буракоў. Розных пладоў насельніцтва здало 329,3 тоны, толькі вось з-за засушлівага лета менш звычайнага назбіралі і здалі людзі дароў лесу. Акрамя таго, нарыхтоўчы пункт прыняў ад насельніцтва 16,9 тоны мясапрадуктаў.
Аднак насельніцтва можа не толькі здаць, але і купіць неабходную прадукцыю. Так, да прыкладу, калі нехта не паспеў нарыхтаваць на зіму “другі хлеб”, то можна звярнуцца ў магазіны райспажыўтаварыства, якія працуюць таксама пад заказ, ці ў прыёмныя пункты і купіць бульбу па цане 1100 рублёў за кілаграм. Дарэчы, рэкамендуем объявления республики Дагестана.
Перад Астравецкім райспажыўтаварыствам стаіць яшчэ адна задача: забяспечыць пладова-агародніннай прадукцыяй увесь раён на міжсезонны перыяд, які пачынаецца 15 лістапада і заканчваецца 1 чэрвеня. Для гэтых мэт ужо закладзена на захоўванне 65 тон бульбы, 8 тон морквы, 8 тон буракоў, 17 тон цыбулі. Плады (4 тоны) і капуста (20 тон) - на падыходзе. Заданне па закладцы прадукцыі на міжсезонны перыяд 2010-2011 года Астравецкае райспажыўтаварыства выканала галоўным чынам за кошт закупкі лішкаў сельгаспрадукцыі ў насельніцтва. Так што папрацавалі разам і ўзаемавыгадна.
Справа за малым – добра захаваць ураджай. Для гэтага ёсць бульбасховішча, якое ўмяшчае 300 тон клубняў, агароднінасховішча аб’ёмам 600 тон, сокавая камера, камера глыбокай замарозкі, дзве камеры ахалоджвання.


Вольга ШОЎКУН.




Цяпло любіць прадбачлівых

Існуе меркаванне, што ў наш час грошы могуць вырашыць любую праблему. Як кажуць: любы капрыз за вашы грошы. Не спяшаўся б з падобнымі высновамі. Чамусьці з году ў год вырашыць паліўнае пытанне гаспадарам прыватных сядзіб – тых, да якіх яшчэ не падвялі “блакітнае паліва” – не ўдаецца нават з грашыма.


Парадокс? Газ набываем за мяжой, не без цяжкасцей, трэба прызнаць, але з ім – каб не сурочыць, пастукаем па расійскай трубе – праблем няма. Прынамсі, пакуль. А з нарыхтоўкай дроў, хоць і жывём у раёне, амаль палова тэрыторыі якога пакрыта лясамі, узнікаюць праблемы. Злыя языкі сцвярджаюць, што ў некаторых лясніцтвах людзі не могуць забраць дровы, якія былі выпісаны яшчэ вясной. А зіма ўжо нават не за гарамі – яна на парозе. Ды і восенню ў халодным доме не вельмі ўтульна.
У адным з апошніх нумароў мы ўжо даводзілі да чытачоў думку работнікаў лясгаса з гэтай нагоды. Неспрыяльнае, засушлівае лета, бураломы, доўгатэрміновыя камандзіроўкі работнікаў за межы раёна перашкодзілі своечасова нарыхтаваць патрэбную колькасць паліва.
Каб знайсці хоць нейкае выйсце са становішча, лясгас нават пайшоў на беспрэцэдэнтны крок: дазволіў самастойную нарыхтоўку дроў за плату, якую нават сімвалічнай не назавеш – 125 рублёў за “куб”. Выгадна? Здаецца, так. Праблема толькі ў тым, што вырашыць падобным спосабам паліўнае пытанне па сілах не кожнаму. Гаворка не аб пенсіянерах, сітуацыя з забеспячэннем дрывамі гэтай катэгорыі насельніцтва якраз больш-менш станоўчая. Але нават калі спажывец знаходзіцца ў росквіце сіл, ды не валодае патрэбнымі рэсурсамі кшталту той жа бензапілы, транспарту, урэшце навыкамі работы ў лесе – здабыць дровы саманарыхтоўкай вельмі праблематычна. Нельга закрываць вочы і на пытанне тэхнікі бяспекі. Карацей, пытанняў больш, чым адказаў. Мажліва таму, нягледзячы на аптымістычныя заявы кіраўніцтва лясгаса, у некаторых лясніцтвах выконваць іх на практыцы не спяшаюцца.
Што ж да прычын, то тлумачыць праблему з нарыхтоўкай дроў, якая ўзнікла, адным толькі бураломам у Шчучынскім раёне, думаю, таксама не варта. Будзем глядзець праўдзе ў вочы. Дровы – не самая першачарговая і не самая прыбытковая справа ў лясгасе. Хутчэй путы на нагах, якія перашкаджаюць засяродзіцца на галоўным. За тое, што хтосьці не прывёз своечасова дадому дровы, ляснічаму, можа, па шапцы і дадуць, але разам з галавой яе не здымуць – гэта бясспрэчна. Не гэтым вызначаецца паспяховасць яго дзейнасці і адпаведнасць пасадзе. Таму звычайна на працягу працоўнага дня работнікі лясніцтваў займаюцца нарыхтоўкай дзелавой драўніны, а на зваротным шляху, каб не ганяць трактар парожнім, накідаюць у прычэп дроў. Адзін дзень – адзін прычэп. Ад гэтага і сённяшні паліўны “цэйтнот”.
Хоць ад такога тлумачэння гаспадарам не лягчэй. Ды і праблема, колькі аб ёй ні гавары, колькі ні шукай рацыянальных тлумачэнняў, колькі ні “ўваходзь ў становішча” і ні разумей “часовых цяжкасцяў”, сама па сабе не вырашыцца. Тым больш, што пытанне імпартазамяшчэння і выкарыстання мясцовых відаў паліва з парадку дня ніхто не здымаў і ў бліжэйшай перспектыве – да варажбіткі не хадзі — яно знята не будзе.
Якое ж выйсце? Першае, што прыходзіць у галаву, – гэта думка аб прыватным прадпрымальніку. Попыт жа ёсць – значыць, павінен быць і прыбытак. Галоўнае — забяспечыць належны кантроль за іх дзейнасцю. Каб натуральнае прадпрымальніцкае жаданне зарабіць не перайшло ў сквапнасць і не ператварыла нашы лясы ў пустэльню. Думаецца, задача гэта вырашальная.
Цікава было б даведацца, што з гэтай нагоды думае кіраўніцтва лясгаса і самі прадпрымальнікі?
Яшчэ адзін мясцовы від паліва, на які багатая наша зямля, – торф. З яго вырабляюць брыкеты, якія таксама карыстаюцца попытам у насельніцтва. Многія, праўда, глядзяць на брыкет скептычна. Клопатаў з ім, валтузні непатрэбнай… Колькі ў печку прынясеш – столькі попелу і вынясеш. Па дарозе яшчэ і расцярушыш па хаце. Аднак знаўцы сцвярджаюць, што ў вялікі мароз без торфабрыкету не абыдзешся. Таму, улічваючы апошнюю суровую зіму і не зусім лагодныя песпектывы на будучую, брыкетам таксама людзі стараюцца запасціся. На момант падрыхтоўкі дадзенага матэрыялу кошт яго складаў каля 70-ці тысяч беларускіх рублёў за тону. За дзве з паловай тоны – а менавіта такая колькасць паліва на сядзібу датуецца дзяржавай – прыйдзецца вылажыць 175 тысяч. За дастаўку, пагрузку трэба заплаціць асобна. Як ні лічы, капейка атрымаецца даволі “кругленькая”. Дарэчы, кошт аднаго кубічнага метра дроў каштуе 23 000 рублёў. Гэта яшчэ адзін фактар – мажліва, самы галоўны – які прымушае людзей аддаваць перавагу дровам, а не брыкету.
І ўсё ж, у якім стане на гэты дзень забяспечанасць насельніцтва брыкетам?
“Возім…”, – няпэўна адказалі мне ў “Райпалівазбыце”. Праз невялікую паўзу роспачна ўдакладнінілі: “Ці многім яго можна завезці, калі, напрыклад, сёння Ашмянскі завод выдзеліў нам толькі 5 тон?!”
Значыць, шчаслівымі ў той дзень сталі толькі дзве сям’і. Не густа. Улічваючы, што аб санках большасць з нас успамінае толькі зімой, можна ўявіць, якой праблемай для спажыўцоў абернецца жаданне грэцца зімой за кошт спальвання брыкету.
Аднак дзіўна. Калі верыць справаздачы Ашмянскага торфабрыкетнага прадпрыемства, аб’ёмы вытворчасці торфабрыкетаў за апошнія пяць гадоў выраслі больш чым у 2 разы. Але яго чамусьці ўсё роўна не хапае.
На жаль, зварот на само прадпрыемства прычыну амаль не высветліў.
--Ажыятажны попыт на торфабрыкет сёлета характэрны не толькі для Астравецкага раёна, -- патлумачыў намеснік дырэктара Віктар Дзебесь. – Ведаю, што ў Ашмянскім раёне чарга на брыкет перавышае 400 чалавек. У Смаргонскім – яшчэ больш. Што ж тычыць Астравецкага, то ў нас падпісана пагадненне з вашым “Райпалівазбытам”, складзены графік, у якім распісаны пастаўкі паліва па кварталах і нават па днях. Згодна з гэтай дамовай ажыццяўляецца і дзяржаўная датацыя. У 2010 годзе мы павінны забяспечыць пастаўкі для Астравецкага раёна ў аб’ёме 2005 тон. Па стану на 1-ае кастрычніка ўжо вывезлі 1437 тон. А па свабоднай цане ў 154 000 рублёў за тону торфабрыкет можна набыць проста на нашым прадпрыемстве, без ніякіх чэргаў. Праўда, жыхары Астравеччыны, у адрозненне ад ашмянцаў і смаргонцаў, падобны спосаб нарыхтоўкі паліва не практыкуюць.
Вывад з пачутага напрошваецца толькі адзін. Жадаеш ільготнага брыкету – альбо чакай сваёй чаргі восенню, альбо варушыся летам, пакуль суседзі “спяць у шапку”. Інакш — паліва толькі па рыначнай цане – яно ў продажы заўсёды.
Вось толькі незразумела, чаму па “рыначны” брыкет неабходна ехаць у Ашмяны на завод, але нельга яго набыць у тым жа “Райпалівазбыце” ў Астраўцы?


Эдуард ІВАНАЎ.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений