"Паўночны вектар Гродзеншчыны"

15:16 / 13.07.2010
10884

9-10 ліпеня гасцінная Ашмяншына сустракала ўдзельнікаў першай рэгіянальнай выставы-кірмашу “Паўночны вектар Гродзеншчыны” і міжнароднага эканамічнага форуму “Новыя магчымасці і перспектывы супрацоўніцтва”.


Удзел у мерапрыемстве прынялі больш за 70 прамысловых прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу рознай галіновай накіраванасці Ашмянскага, Смаргонскага і Астравецкага раёнаў. Такога масавага праекта ў паўночным рэгіёне дагэтуль не было. На форуме прысутнічала больш за 200 гасцей, у іх ліку прадстаўнікі пасольстваў і дэлегацыі адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Польшчы, Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Малдовы, Азербайджана, Славакіі, Германіі, кіраўнікі Гродзенскай вобласці, дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў, а таксама дэлегацыі раёнаў Гродзенскай вобласці.
Урачыстае адкрыццё выставы пачалося на цэнтральнай плошчы Ашмянаў. Права ўзняць сцяг-сімвал першай рэгіянальнай выставы было прадастаўлена старшыням Ашмянскага і Смаргонскага райвыканкамаў Ю.У. Адамчыку і М.Б. Гою і намесніку старшыні Астравецкага райвыканкама В.А. Славінскаму.
– Паўночны рэгіён займае выгаднае геаграфічнае палажэнне, мяжуе з Мінскай і Віцебскай абласцямі, а таксама з Літоўскай Рэспублікай, што нам надае статус прыгранічнага рэгіёна, – адзначыў у сваім выступленні Юрый Уладзіміравіч Адамчык. – У нас створаны ўсе ўмовы і інфраструктура для развіцця малога і сярэдняга бізнесу. Галоўная мэта выставы – наладжванне эканамічнага супрацоўніцтва паўночных рэгіёнаў. У кожнага з нас распрацаваны прапановы па супрацоўніцтву з зарубежнымі партнёрамі, яны накіраваны на ўдзел замежнага капіталу ў рэальным сектары эканомікі. На выставе будуць прадстаўлены прапановы па ўстанаўленню і развіццю гандлёва-эканамічных сувязей, нарошчванню беларускага экспарту, устанаўленню кааперацыйных сувязей, а таксама канкрэтных інвестыцыйных праектаў, што прадугледжвае прыцягненне замежных інвестыцый.
Аб неабходнасці развіцця міжнародных сувязей у сучасных эканамічных умовах расказаў і намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама А.Г. Русанаў. У.Н. Дражын, Надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы ў сваім выступленні зазначыў, што падобныя форумы адкрываюць новыя магчымасці для развіцця экспарту на ўзроўні рэгіёнаў.
Урачыстае адкрыццё мерапрыемства завяршылася разразаннем сімвалічнай стужкі, кавалачак якой быў перададзены М.Б. Гою – у наступным годзе Смаргонь будзе прымаць выставу.



Вернісаж тавараў і паслуг


Наступным этапам праграмы было наведванне дэлегацыямі экспазіцый выставы. З боку Астравецкага раёна былі запрошаны ганаровыя госці са Швянчонскага раёна Літоўскай Рэспублікі і з Лідзбаркска-Вармінскага павета Рэспублікі Польшча ў складзе Вітаўтаса Вігяліса, Уладзіслава Абаровіча, Генадзіуса Трусаваса, Вітаўтаса Вайткявічуса, а таксама Яраслава Когута, Войцеха Баровага і Яна Гаргая.



Дарэчы, атмасфера мерапрыемства была не толькі дзелавой, але і творчай. Асабліва гэта праяўлялася ў афармленні прадпрыемствамі сваіх экспазіцый. Кожны стараўся прыцягнуць да сябе ўвагу і здзівіць наведвальнікаў самымі смелымі ідэямі. Адысці ад радоў з прадуктовымі таварамі было проста немагчыма: багацце і разнастайнасць сваёй прадукцыі прадэманстравалі Ашмянскі мясакамбінат, Смаргонскі хлебазавод, Астравецкае райспажыўтаварыства, СВК “Варняны”, “Гервяты”, Ашмянскі сыраробны завод. Дарэчы, экспазіцыя СВК “Варняны” перадавала сапраўдны вясковы каларыт, былі тут і стажок сена, і смажаныя дранікі, і забаўныя фігуркі з цеста, і два маленькія парсючкі за загародкай. А маладыя людзі ў фірмовых майках запрашалі кожнага завітаць да іх у госці.
З фермерскай гаспадаркі “Астравецкая” прыехаў на выставу “сябе паказаць” прыгожы індык. Спачатку ён трошкі бянтэжыўся, але праз некалькі гадзін асвоіўся і адчуваў сябе зоркай кірмашу – усе з ім хацелі сфатаграфавацца і палашчыць. Тут можна было прадэгуставаць і набыць смачнае дыетычнае мяса.
Інтарэс у гасцей выклікалі тавары з лёну, якія прадставілі Астравецкі УКПБА, “Ашмяны-лён”, “Смаргонскі ільнозавод”, Астравецкае райспажыўтаварыства.

Астравецкі завод “Радыёдэталь”, акрамя традыцыйнай, прадставіў зусім новую прадукцыю – энергазберагальныя ліхтары для вулічнага асвятлення. “Тэхнапласт” дэманстраваў шырокі выбар упакоўкі для кандытарскіх вырабаў. “Верас” — запчасткі да аўтамабіляў і вырабы з дрэва, “Клёнпласт” – вокны і дзверы з ПВХ. “Бел-ЭЛСА” прывёз на выставу газазварачны агрэгат з рухавіком унутранага згарання.
А экспазіцыя “Астравецкага лясгаса” з пахам свежых венікаў, драўніны і з поўнымі кошыкамі лісічак і чарніц пакарыла многіх наведвальнікаў. Тут можна было адпачыць у драўлянай альтанцы, а таксама набыць саджанцы, прадэгуставаць і купіць мёд.
Выстава-кірмаш тавараў і паслуг папярэднічала эканамічнаму форуму. Гэта самая зручная пляцоўка для папаўнення заказаў, падпісання пагадненняў і наладжвання выніковых дзелавых кантактаў.



Міжнародны форум


Пленарнае пасяджэнне міжнароднага эканамічнага форуму адкрылі Г.С. Люткоўская, намеснік старшыні Ашмянскага райвыканкама, і А.Г. Русанаў, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама. Яны зрабілі агляд сацыяльна-эканамічнага становішча трох раёнаў і сышліся ў думцы, што паўночны рэгіён унікальны па многіх пазіцыях, мае багаты патэнцыял для развіцця ва ўсіх накірунках. А падобны праект дазволіць не толькі азнаёміцца з новымі прапановамі рэгіянальных прамысловых прадпрыемстваў, але будзе садзейнічаць абагачэнню практычнага вопыту ў вывучэнні патэнцыялу паўночных раёнаў, закладзе добрую базу для заключэння ўзаемавыгадных кантрактаў і паслужыць плацдармам для ўмацавання супрацоўніцтва на міжнародным узроўні.



Уладзімір Несцеравіч Дражын выступіў з дакладам аб перспектывах беларуска-літоўскага супрацоўніцтва і яшчэ раз адзначыў важнасць такіх “кропкавых” рэгіянальных эканамічных форумаў, якія дапамогуць ажывіць бізнес у малых гарадах і будуць садзейнічаць далейшаму міжнароднаму супрацоўніцтву.
Дырэктар Нацыянальнага інвестыцыйнага агенцтва В.В. Каваленка зрабіў агляд інвестыцыйнага клімату ў Рэспубліцы Беларусь і адзначыў, што ён у нас адзін з лепшых у краінах СНД. Наша краіна займае 4 месца па аб’ему інвестыцый, якія прыцягваюцца.
Прадстаўнікі кіраўніцтва раёнаў расказалі аб інвестыцыйных магчымасцях паўночнага рэгіёна. Намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама па эканамічных пытаннях У.С. Ластоўскі падзяліўся са слухачамі тымі праектамі, якія будуць рэалізоўвацца ў 2011-2015 гадах, у сувязі з плануемым будаўніцтвам АЭС. Адзін з прыярытэтных напрамкаў эканамічнай дзейнасці кіраўніцтва раёна бачыць у мадэрнізацыі існуючых вытворчасцей і будаўніцтве новых высокатэхналагічных прадпрыемстваў.
У ходзе пасяджэння былі прадстаўлены новыя цікавыя праекты і напрацоўкі у сферы турызму, энергетыкі і трансгранічнага супрацоўніцтва.



Прэс-канферэнцыя

Пад вечар усе сабраліся на прэс-канферэнцыю, у якой прынялі ўдзел намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама А.Г. Русанаў, дырэктар Нацыянальнага інвестыцыйнага агенцтва В.В. Каваленка, старшыні Ашмянскага райвыканкама Ю.У. Адамчык і Смаргонскага райвыканкама М.Б. Гой і намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама В.З. Свіла.


На сустрэчу былі запрошаны журналісты раённых, абласной і рэспубліканскіх газет і Смаргонскага тэлебачання.

Старшыня Ашмянскага райвыканкама Юрый Уладзіміравіч Адамчык коратка расказаў пра выставу. А потым журналісты мелі магчымасць звярнуцца са сваімі пытаннямі да прэзідыума.
Размова на прэс-канферэнцыі ішла на самыя розныя тэмы, пытанні былі як вельмі канкрэтныя, так і шырокага гучання. Журналістаў цікавілі пытанні, звязаныя з аб’яднаннем Ашмянскіх мясакамбіната і масласырзавода, праекты ў сферы сельскай гаспадаркі, пытанні будаўніцтва АЭС і як гэта адаб’ецца на сацыяльна-эканамічным развіцці трох паўночных раёнаў, перспектывы выставы і яе правядзенне ў наступным годзе.
На ўсе пытанні журналісты атрымалі вычарпальныя адказы. Канферэнцыя доўжылася крыху больш за гадзіну. А потым слова ўзялі ганаровыя госці з Тарноўскага раёна Польскай Рэспублікі. Яны падзякавалі за сардэчны прыём і ў сваю чаргу запрасілі на падобную выставу, якая адбудзецца ў Польшчы восенню, прадстаўнікоў нашых трох раёнаў і Нясвіжскага раёна, з якімі ўжо супрацоўнічаюць.



Адпачынак

Было чым заняцца і тым, хто завітаў у Ашмяны, каб добра адпачыць і набыць самаробныя вырабы з дрэва, саломкі, гліны і іншых матэрыялаў.


На працягу дня ў Ашмянах працаваў Горад майстроў, на якім выставілі свае творы і нашы таленавітыя мастакі і майстры: свае карціны прадставілі маці і дачка Тарэса Іосіфаўна і Вікторыя Варановічы, кветкі з саломкі выставілі Людміла Міжыгурская і Вольга Тварагаль, вышыўку паказала Дзіяна Лауш з Гудагая. Цудоўныя экспазіцыі з саломкі, бісеру, плеценыя паясы, вышыўку і роспіс прывезлі супрацоўнікі раённага Дома рамёстваў, вырабы з карункаў, сурвэткі і карціны прадставілі майстры з Гервяцкага Дома рамёстваў.

Песнямі і танцамі весяліў народ народны ансамбль народнай песні Варнянскага Дома культуры “Світанак”, які рэкламаваў прадукцыю нашых прадпрыемстваў і арганізацый. А каля краязнаўчага музея забаўляў гасцей народны ансамбль народнай песні “Кемяліна”.
Першы дзень работы “Паўночнага вектара Гродзеншчыны” завяршыўся святочным канцэртам, які арганізавалі работнікі культуры трох раёнаў.
Нашы таленавітыя артысты парадавалі жыхароў Ашмян і гасцей цудоўным канцэртам, падчас якога выступілі народны ансамбль народнай песні “Кемяліна”, вакальныя групы “Міхалінка” і “Авацыя”, сямейны дуэт у складзе Аксаны і Сяргея Сяўко, Святлана Куцько, Руслан Юргелянец, Вікторыя Емяльян і Ёана Чэснуйціце.



Пагадненні

Раніца суботы пачалася з сустрэчы кіраўнікоў раёнаў з ганаровымі гасцямі і прадстаўнікамі дэлегацый.
Падчас яе кожны падзяліўся сваімі ўражаннямі ад работы выставы.


– Прайшло не больш сутак, а ўжо ёсць пэўныя вынікі нашай работы, – адзначыў у сваім выступленні старшыня Ашмянскага райвыканкама Ю.У. Адамчык. – Нашым прадпрыемствам не заўсёды хапае ўпэўненасці на рынку тавараў і паслуг. За гэты дзень яны падраслі, атрымалі вагу ў сваіх вачах. Яны зразумелі, што наша прадукцыя канкурэнтаздольная, і мы можам, умеем і абавязаны самі прадаваць свой тавар.
М.Б. Гой, старшыня Смаргонскага райвыканкама, расказаў пра перспектывы супрацоўніцтва са Славакіяй.
Намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама В.З. Свіла шчыра падзякаваў кіраўніцтву Ашмянскага райвыканкама ад сябе і дэлегацый-гасцей са Швянчонскага самакіравання Літоўскай Рэспублікі і Лідзбаркска-Вармінскага павета Рэспублікі Польшча за цудоўную ідэю правядзення такога мерапрыемства і за яе годную рэалізацыю.
Падчас сустрэчы былі заключаны пагадненні паміж Ашмянскім райвыканкамам і Укмергскім раёнам Літоўскай Рэспублікі, а Смаргонскі райвыканкам падпісаў пагадненне аб супрацоўніцтве са Славацкай Рэспублікай.
А польскія госці, якія завіталі ў наш раён, запрасілі Астравецкую дэлегацыю для падпісання пагаднення аб супрацоўніцтве ў Польшчу восенню гэтага года. Сустрэча адбудзецца пры прадстаўніках, запрошаных з гарадоў-пабрацімаў Літвы, Украіны, Германіі ў Лідзбаркскім замку.



Да новых сустрэч!

Закончылася мерапрыемства падвядзеннем вынікаў і ўзнагароджваннем лепшых прадпрыемстваў.
Арганізацыйны камітэт устанавіў пераможцаў у трох намінацыях: за актыўную работу па асваенню новых відаў прадукцыі, за арыгінальную рэкламу ўласнай прадукцыі і за лепшую дызайнерскую думку пры афармленні выставачных экспанатаў.


Пераможцам у першай намінацыі стала ААТ “Ашмянскі мясакамбінат”, у другой – ААТ “Смаргонскія малочныя прадукты”, у трэцяй – пальма першынства дасталася Астравецкаму лясгасу.
Дыпломамі за актыўны ўдзел і шырокі асартымент прадстаўленай прадукцыі былі ўзнагароджаны таксама СВК “Варняны” і “Гервяты” і Астравецкае райспажыўтаварыства. Усяго ж узнагароды атрымалі 23 прадпрыемствы.

Пасля ўзнагароджвання Ю.У. Адамчык перадаў сцяг выставы з эмблемай “Паўночнага вектара Гродзеншчыны” старшыні Смаргонскага райвыканкама М.Б. Гою, які запэўніў, што ў наступным годзе прадоўжыць добрую традыцыю, што зарадзілася ў Ашмянах, і запрасіў усіх у Смаргонь.


Матэрыялы падрыхтавалі Алена ЯРАШЭВІЧ і Вольга ШОЎКУН.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений