Гаспадарка здаровай ежы

16:05 / 07.07.2010
11607
1

Для мяне стала своеасаблівым адкрыццём, што ў нашым раёне ёсць унікальнае прадпрыемства. Прынамсі, унікальнае яно ва ўсіх сэнсах. Фермерская гаспадарка “Астравецкая” – адзіная ў Рэспублікі Беларусь, якая займаецца вырошчваннем індыкоў на мяса. Невялікая гаспадарка плошчай 6,5 гектара, дзе працуе 76 чалавек, мае штогадовую выручку ў некалькі мільярдаў. І нягледзячы на тое, што вытворчасць гэтая даволі складаная, а на кармы, будаўнічыя работы і аплату па крэдытах расходуецца немалая сума грошай, рэнтабельнасць прадпрыемства складае 19 працэнтаў. А ў будучым плануецца выйсці на 25-26 працэнтаў.


А пачыналася ўсё з ідэі: Павел Мікалаевіч Юрмашаў, былы ваеннаслужачы, вырашыў стварыць фермерскую гаспадарку і вырошчваць на ёй тое, што ў Беларусі пакуль не вырошчваюць. І спыніўся ён на новым для нашай краіны накірунку – індыкагадоўлі, чым, уласна кажучы, і зацікавіў мясцовую ўладу, якая пайшла насустрач і аказала падтрымку амбіцыйнаму прадпрымальніку. Пляцоўка для арганізацыі вытворчасці была выбрана ў вёсцы Ізабяліна, дзе засталася недабудаваная калгасная птушкафабрыка, якую і аддалі ў пажыццёвую арэнду Паўлу Мікалаевічу. Была зроблена рэканструкцыя, новае прадпрыемства аснасцілі самым сучасным абсталяваннем, правялі газ і пачалі працаваць, пры тым вельмі паспяхова.
На сённяшні дзень ФГ “Астравецкая” – гэта сучаснае высокатэхналагічнае прадпрыемства, якое ўключае ў сябе такія структурныя падраздзяленні, як участак прыгатавання камбікармоў; 7 птушнікаў для вырошчвання птушкі агульнай пасадачнай плошчай на 61000 галоў (індыкоў, куранят-бройлераў); цэх забою і патрашэння птушкі і склад адгрузкі.
За 2009 год ФГ “Астравецкая” вырабіла амаль 600 тон птушынага мяса, а ў гэтым годзе план вытворчасці вырас да 808,5 тоны.
Індычаняты закупляюцца ў Польшчы і Германіі, пастаўшчыкі самі сюды іх дастаўляюць. Спачатку робіцца высадка ў адзін птушнік, а праз некаторы час, калі індыкі падрастаюць і ім становіцца цесна, іх перасаджваюць у другі – на дарошчванне. Дарэчы, тэхналагічны цыкл вырошчвання індыкоў складае 140 дзён. Варта адзначыць, што ўсе птушнікі цалкам камп’ютэрызаваны: пачынаючы ад падтрымкі мікраклімату да аўтаматычных кармушак і паілак. Тысячы ганарлівых птушак пражываюць у вялізным памяшканні з фіялетавым паўзмрокам. Няяркае святло неабходна для таго, каб індыкі мала рухаліся, не трацілі энергію, а значыць, хутка падрасталі.
Індыкі вельмі дапытлівыя істоты, але тут яны не павінны бачыць нічога “далей свайго носа” ці, іншымі словамі, далей кармушкі.
Калі працягваць тэму мадэрнізацыі і тэхпераўзбраення, то за 7 гадоў зроблена нямала. З 2004 па 2006 год праведзена тэхнічнае пераабсталяванне птушнікаў, устаноўлена нямецкае абсталяванне фірмы “Big Dutchman”. Для прыгатавання ўласных кармоў гаспадарка закупіла і ўвяла ў эксплуатацыю новае абсталяванне фірмы “Dozameh” (Польшча) для прыгатавання камбікорму. А для ажыццяўлення забою, патрашэння і ахаладжэння ўстаноўлены камплектныя лініі вытворчасці польскіх фірм “Z.P.T” і “PZUT”. А зусім нядаўна набыта новая фасовачная машына.
ФГ “Астравецкая” выпускае 29 найменняў прадукцыі, попыт на якую часта перавышае магчымасці. Таму ў бліжэйшай перспектыве – запуск яшчэ двух птушнікаў. У хуткім часе прадпрыемства атрымае сертыфікат якасці ISO 9001 на сваю прадукцыю, што дазволіць выйсці на экспарт у Расію. У планах таксама закончыць рэканструкцыю забойнага цэха (зараз тут робіцца прыбудова, дзе размесціцца камера шокавай замарозкі птушкі і мыйная ўнутрыцэхавай тары), камбікормавага цэха і склада кампанентаў камбікорму.
А ўжо ў пятніцу на выставе-кірмашы “Паўночны вектар Гродзеншчыны” фермерская гаспадарка “Астравецкая” прадставіць багаты асартымент сваёй прадукцыі і правядзе дэгустацыю.
– Нягледзячы на тое, што індычаціна даражэйшая за кураціну, – дзеліцца з намі дырэктар прадпрыемства Андрэй Паўлавіч Давыдаў, – варта памятаць, што гэта дыетычнае мяса з нізкай колькасцю тлушчаў. Яно багата на бялкі, вугляводы, утрымлівае шмат вітамінаў, таму асабліва карысна для дзяцей і пажылых людзей. Увогуле індычка – гэта ежа не для простага абывацеля, а для сапраўдных гурманаў, якія ведаюць смак жыцця і клапоцяцца пра сваё здароўе.


Вольга ШОЎКУН.

Комментарии
0
Гость
Фермерская гаспадарка “Астравецкая” – адзіная ў Рэспублікі Беларусь, якая займаецца вырошчваннем індыкоў на мяса.

а вы в Поставском районе поискать не пробовали. В РБ три производителя, которые выращивают индюков.
Имя Цитировать 0
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений