"Паўночны вектар Гродзеншчыны": кірмаш перспектыў

16:15 / 25.06.2010
11880

9-10 ліпеня ў Ашмянах пройдуць Міжнародны эканамічны форум і міжрэгіянальная выстава-кірмаш “Паўночны вектар Гродзеншчыны”, удзел у якім прымуць шматлікія прадпрыемствы Астравецкага раёна. Як праходзіць падрыхтоўка і што чакае ўдзельнікаў і гасцей выставы, расказвае нам намеснік старшыні райвыканкама па эканамічных пытаннях Уладзіслаў Станіслававіч Ластоўскі.







– Уладзіслаў Станіслававіч, ці праводзілася падобнае мерапрыемства раней?
– Гэты праект ажыццяўляецца ўпершыню, ён прадэманструе напрацоўкі ў эканамічнай сферы трох паўночных раёнаў Гродзеншчыны: Ашмянскага, Смаргонскага і Астравецкага. Вырашана, што сёлета ўдзельнікаў, гасцей і проста наведвальнікаў выставы будзе прымаць г. Ашмяны. Мэтай мерапрыемства з’яўляецца наладжванне новых сувязей і падпісанне пагадненняў аб супрацоўніцтве. Увогуле такія форумы праводзяцца не толькі для замежных, але і для ўнутраных, рэспубліканскіх інвестараў, увага якіх не менш важная.
Асноўнае пытанне, якое будзе разглядацца з боку Астравецкага раёна, – гэта перспектывы і новыя ўмовы развіцця бізнесу ў сувязі з плануемым будаўніцтвам у нашым раёне атамнай электрастанцыі.
– Якія прадпрыемствы нашага раёна прымуць удзел у выставе?
– Адбіралі тыя прадпрыемствы, якім ёсць што паказаць і чым ганарыцца. Вялікія надзеі мы ўскладаем на сельскую гаспадарку. Сваю прадукцыю прадэманструюць СВК “Гервяты”, “Страча” і “Варняны”. Акрамя таго, у выставе прымуць удзел Астравецкі завод “Радыёдэталь”, камбінат бытавога абслугоўвання, райспажыўтаварыства, фермерская гаспадарка “Астравецкая”, ІП “Тэхнапласт”, ТАА “Верас”, “Бел-ЭЛСА”, “Клёнпласт”, ПУП “ДзяткоБуд”, лясгас і фермерская гаспадарка “Світанак-Л”.
– Як праходзіць падрыхтоўка да выставы-кірмашу?
– Перад кожным прадпрыемствам стаіць задача як мага лепш прадставіць дзейнасць сваёй арганізацыі. Рыхтуюцца выставачныя стэнды, прэзентацыі, фільмы. Каля выставачных стэндаў СВК “Гервяты”, “Страча” і “Варняны”, райспажыўтаварыства будуць працаваць “зазывалы” – спяваць песні і заклікаць зайсці ў госці. Вельмі цікавыя стэнды зрабіў лясгас. Дарэчы, большасць нашых прадпрыемстваў размесціцца пад адкрытым небам, а камбінат бытавога абслугоўвання і ІП “Тэхнапласт” выставяць сваю экспазіцыю на выставачных стэндах гандлёва-прамысловай палаты ў фае Ашмянскага райвыканкама.
Арганізацыйным камітэтам наладжана работа “гарачай лініі” форуму. Для вырашэння арганізацыйна-тэхнічных пытанняў і каардынацыі дзейнасці вызначаны тэлефон 2-15-23.
– Якіх ганаровых гасцей будзе прымаць выстава-кірмаш “Паўночны вектар Гродзеншчыны”?
– Чакаем паслоў з розных краін. З боку нашага раёна запрошаны прадстаўнікі Швянчонскага раённага самакіравання з Літоўскай Рэспублікі і супрацоўнікі Лідзбаркска-Варміньскага павета з Польшчы. Дарэчы, з Польшчай мы плануем падпісаць пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы эканомікі, культуры, турызму і сацыяльнага развіцця.
– Якая праграма чакае ўдзельнікаў, гасцей і наведвальнікаў выставы?
– Ужо падрабязна распрацаваны план і праграма правядзення форуму. У першы дзень адкрыцця выставы адбудзецца пленарнае пасяджэнне на тэму: “Новыя магчымасці і перспектывы супрацоўніцтва”. Будзе арганізавана работа кантактна-кааперацыйнай біржы па чатырох напрамках – энергетыка, прамысловасць, сельская гаспадарка і турызм, паслугі, сервіс. Гэта так званыя “гурткі па інтарэсах” для вядзення перагавораў паміж прадстаўнікамі прадпрыемстваў, старшынямі райвыканкамаў і дзелавымі коламі, якія выкажуць зацікаўленасць удзельнічаць у сумесных праектах.
Плануецца правядзенне прэс-канферэнцыі для журналістаў з удзелам арганізатараў, прадстаўнікоў раёнаў, Гродзенскага аблвыканкама, Міністэрства эканомікі, пасольстваў, дыпламатаў. А завяршыцца першы дзень канцэртнай праграмай на цэнтральнай плошчы горада.
Сустрэчы старшынь райвыканкамаў з кіраўнікамі дэлегацый, ганаровымі гасцямі, падпісанне пагадненняў аб супрацоўніцтве ў розных сферах дзейнасці, узнагароджанне ўдзельнікаў рэгіянальнай выставы запланаваны на другі дзень.
Запрашаем усіх жадаючых наведаць выставу – праграма даволі насычаная і цікавая.
– Дзякуй за гутарку!




Вольга ШОЎКУН.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений