Дом камфортнага быту

15:55 / 16.06.2010
11311

На выстаўцы-кірмашы “Паўночны вектар Гродзеншчыны-2010”, якая пройдзе ў Ашмянах 9-10 ліпеня, прымуць удзел адзінаццаць прадпрыемстваў нашага раёна. Сярод іх – Астравецкі камбінат бытавога абслугоўвання, які прадставіць шырокі асартымент швейных вырабаў. З гэтай нагоды мы вырашылі завітаць да дырэктара УКПБА Валянціны Міхайлаўны Ляцкай, каб пацікавіцца вынікамі работы і даведацца аб перспектывах.





Паслугі. Вытворчасць. Гандаль
Асноўная работа Астравецкага УКПБА заключаецца ў аказанні платных і бытавых паслуг насельніцтву раёна, прадпрыемствам і арганізацыям. Варта адзначыць, што асартымент паслуг пастаянна пашыраецца. Так, калі яшчэ ў мінулым годзе прадпрыемства аказвала іх 24 віды, то ў 2010 годзе ўкаранілі яшчэ адну – ачыстка дахаў і фасадаў будынкаў з выкарыстаннем сучаснага абсталявання маркі “Кёрхер”.
Акрамя таго, Астравецкі камбінат бытавога абслугоўвання значна пашырыў асартымент рытуальных паслуг (арганізацыя пахавання памерлага, прадастаўленне катафалка, афармленне і догляд за магілкамі).
Не абдзелена ўвагай і сельскае насельніцтва: касіры-прыёмшчыкі сельскіх КПП ажыццяўляюць выязное абслугоўванне грамадзян згодна з распрацаваным графікам. Усяго ў раёне дзейнічае 13 сельскіх комплексных прыёмных пунктаў. Работнікі бытавога абслугоўвання наведваюць адзінокіх пажылых людзей. За пяць месяцаў 2010 года аказана 171 паслуга, у тым ліку 10 – па льготных тарыфах ветэранам і інвалідам Вялікай Айчыннай вайны.
Выконваюцца сацыяльныя стандарты па абслугоўванню насельніцтва: Астравецкі УКПБА аказвае 11 сацыяльна значных паслуг – рамонт абутку, мэблі, бытавой тэхнікі, тэлерадыёапаратуры, хімчыстка, клінінг, мыццё, чыстка падушак, рытуальныя паслугі, фотапаслугі, цырульня.
Акрамя аказання паслуг, камбінат бытавога абслугоўвання ажыццяўляе выпуск швейных вырабаў, рытуальных прылад, калодзежных кольцаў. Тут прадпрыемства таксама не стаіць на месцы – пастаянна распрацоўваюцца новыя віды прадукцыі. У прыватнасці, нашы бытавікі навучыліся шыць прыгожыя офіснае адзенне, школьную форму, вырабы з льняных тканін, вырабляюць рытуальныя кошыкі і вянкі.
– У планах – павялічыць колькасць аказваемых платных паслуг, – расказвае Валянціна Міхайлаўна. – У нас ёсць ліцэнзія на правядзенне вогнеахоўнай апрацоўкі драўляных канструкцый, і ў гэтым годзе мы плануем правесці такую апрацоўку на 61 мільён беларускіх рублёў. Мы гатовы выконваць работы па зборцы мэблі. Збіраемся правесці рамонтныя работы ў трох сельскіх КПП – у Варнянах, Рымдзюнах, Міхалішках, а таксама ў нашай цырульні, дзе, дарэчы, таксама плануем пашырыць спектр паслуг – асвоіць манікюр, педыкюр, нарошчванне і дэкаратыўнае афармленне пазногцяў.


Швейны цэх
Пра швейны цэх хацелася б расказаць асобна – хаця б таму, што ён працуе ў поўную моц, а рэалізацыя швейных вырабаў займае 60 працэнтаў абароту. Працуюць тут 13 швачак, дзве з якіх займаюцца шыццём і рамонтам адзення для індывідуальных заказчыкаў. А кіраўніцтва ажыццяўляюць тэхнолаг Ганна Яскулоўская і мадэльер Кацярына Гродэль, якія сочаць за якасцю вырабаў.
Новы напрамак – вырабы з лёну, якія высока цэняцца нават за межамі нашай краіны. Юная і таленавітая мадэльер распрацавала летнюю калекцыю моднага адзення – льняныя блузы, шорты, штаны, сукенкі.
Пасцельныя рэчы, сталовыя наборы з лёну і бязі заслугоўваюць самай высокай ацэнкі. Тканіны для іх заказваюць на такіх буйных прадпрыемствах краіны, як “Магатэкс”, Баранавіцкае баваўнянае аб’яднанне “Блакіт”, Аршанскі льнокамбінат.
У бліжэйшай будучыні КБА збіраецца здзівіць пакупнікоў вырабамі са штучнага футра – пледы, пакрывалы, дэкаратыўныя падушачкі, шубкі. Штучнае футра вызначаецца не вельмі высокай цаной, і Валянціна Міхайлаўна спадзяецца, што такія тавары будуць карыстацца попытам у пакупнікоў.
– Мы распрацоўваем мадэлі офіснага адзення, ужо ёсць заяўкі з Белпошты і Астравецкага лясгаса, – расказвае Валянціна Міхайлаўна. – А па заказу гімназіі №1 пашылі ўзор школьнай формы – штаны, жакет і спадніца. Карыстаецца попытам і спецадзенне (касцюмы, рабочыя курткі, камбінезоны), якое шыем не толькі для прадпрыемстваў нашага раёна, але і вобласці. На якасць ніякіх нараканняў у заказчыкаў не ўзнікала – швачкі выконваюць сваю работу акуратна і своечасова.
А яшчэ Астравецкі камбінат бытавога абслугоўвання – удзельнік шматлікіх выстаў і конкурсаў. Так, на абласным конкурсе мадэльераў “Люстэрка стылю”, які пройдзе 19 чэрвеня, будуць прадстаўлены пяць мадэляў у дзвюх намінацыях – “Вячэрняя сукенка” і “Этна”.

Мовай лічбаў
За пяць месяцаў бягучага года насельніцтву КБА аказана паслуг на суму 213,6 мільёна рублёў, у тым ліку сельскім жыхарам — на 109,8 мільёна рублёў.
Па афіцыйных заяўках прадпрыемстваў і арганізацый аказана паслуг на суму 183,3 мільёна рублёў.
Найбольшую ўдзельную вагу ў аб’ёме бытавых паслуг займае рэалізацыя швейных вырабаў (41,9%), рытуальныя паслугі (12,3%), цырульніцкія паслугі (24,7 працэнта).
У бягучым годзе значна ўзрасла рэалізацыя калодзежных кольцаў – у 2,7 раза, паслугі пральні – у 1,2 раза, клінінгавыя паслугі (чыстка дываноў і падушак) – у 2,6 раза.


Вольга ШОЎКУН.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений