Клопат дня: пасадзіць соткі...

14:09 / 19.05.2010
12625
Вясна – гэта, канешне, прыгожа: траўка, кветачкі, шпачкі, жаўручкі і іншыя салодкагучныя птушкі.
Вось толькі любавацца ўсім пералічаным сапраўднаму гаспадару няма калі. Не паспее сысці снег, як над яго галавой дамоклавым мячом навісае праблема, якая завецца адным кароткім і вельмі ёмістым словам: “соткі”. Як заараць свой участак? Прычым раней за суседа (не прынцыпова, але важна). А соткі? Божа мой. Гэты калгас зноў дацягне да сярэдзіны чэрвеня – людзі ўжо полюць, а мы толькі садзім! І нерваў спаліцца пры гэтым – не злічыць: то гною няма дзе раздабыць, то калок трэба перасунуць, то бульбу няма на чым на поле падвезці… А гары ён гарам, гэты “другі хлеб”! Апошні год сёлета саджу… Так кажуць многія. Прычым – кожную вясну…

... ВЯСКОВЫЯ
У СВК “Гудагай” пасадка “людской” бульбы ўжо завяршаецца.
–Сёння і заўтра садзім у Палушах, застануцца толькі Байканы ды Міндзяны, – уводзіць у курс спраў старшыня гаспадаркі Эдуард Іванавіч Садоўскі. – У панядзелак, думаю, пасадку бульбы завершым. Пад соткі ў палях севазвароту ў кааператыве выдзелілі 80 гектараў. Кошт апрацоўкі адной соткі – 10 тысяч рублёў. За гэтыя грошы мы ўносім на поле арганічныя ўгнаенні і мінеральны калій, пераворваем, культывіруем, наразаем барозны, нашы грузавікі падворна збіраюць мяхі з падрыхтаванымі клубнямі і дастаўляюць іх на поле, а яшчэ падчас вегетацыі правядзём трохразовае акучванне барознаў і хімічную апрацоўку ад каларадскага жука.
Але для працаўнікоў СВК распрацавана свая сістэма аплаты. Калі ў СВК працуюць два члены сям’і, для пасадкі бульбы выдзяляецца 40 сотак па цане 5 тысяч рублёў за кожную. Калі працуе толькі адзін чалавек – за той жа кошт 25 сотак. Пенсіянерам 50-працэнтная скідка робіцца на 15 сотках. Так запісана ў калектыўным дагаворы, а гэта – унутраны закон, адступаць ад якога ніхто не мае права.
– Сёлетняя пасадка бульбы – думаю, з гэтым пагодзяцца ўсе – ідзе куды больш хуткімі, чым звычайна, тэмпамі, працягвае старшыня. – Гэта атрымліваецца таму, што адмовіліся ад прывычнага размеркавання сотак. Брыгадзіры не бегаюць па палях, не разбіваюць іх на ўчасткі, як раней. Думаю, чытачам вашай газеты добра знаёмая сітуацыя, калі загадчык участка, згодна са спісам, размярае “Літарай “А” будучыя соткі – а за ім цягнецца шлейф вяскоўцаў з калкамі ў руках: кожны пазначае сваю тэрыторыю. Потым падчас пераворвання глебы і нарэзкі барознаў гэтыя знакі руйнуюцца, людзі трацяць арыенціры – і нярэдка даходзіць да скандалаў. Сёлета мы адмовіліся ад падобнай практыкі. Людзі засыпаюць у саджалку сваю бульбу і пасля яе высадкі зазначаюць свае рады. Адлегласць паміж радкамі бульбы 70 сантыметраў, памнажай іх на даўжыню гону – і будзеш дакладна ведаць, колькі сотак пасадзіў. І не бяда, калі калок страціцца падчас акучвання – дастаткова запомніць, якімі па ліку былі выдзеленыя табе барозны, пачынаючы з першай на гэтым полі. Вынік новага метаду – адсутнасць скандалаў і высокія тэмпы пасадкі.
Што тычыцца цаны на апрацоўку, то яна не акупае затрат на пасадку і догляд за раслінамі – “людская” бульба для вытворчага кааператыву стратная. Але яго кіраўніцтва лічыць, што трэба падтрымліваць сваіх працаўнікоў.

...ГАРАДСКІЯ
Хто б спрачаўся: старасць – сінонім мудрасці, але адзін прабел у жыццёвай філасофіі пажылых людзей усё ж відавочны і неназіральнаму чалавеку – іх нецярплівасць. Кожная іх задумка павінна неадкладна ажыццяўляцца тут і цяпер – у момант, калі яны гэта пажадалі. Добра, калі ёсць лист оцинкованный, каб зрабіць забор. Вось дастань і пакладзі на талерачцы тое, што задумалася тваім маме ці тату – а ўвесь астатні свет можа пачакаць…
–На чаргу на пасадку сотак самыя нецярплівыя пенсіянеры пачынаюць запісвацца ўжо ў студзені, – расказвае загадчыца аддзялення тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання Ірына Станіславаўна Пашкевіч. – У лютым у нас ужо стаяла ў чарзе больш за 100 жадаючых пераараць свой прысядзібны ўчастак. А наогул за вясну па гэты від паслуг да нас звярнуліся больш за 200 чалавек. Прычым не толькі з Астраўца – нашы трактары працавалі ў Каменцы, Малях, Ліпнішках, Філіпанах, Субялях… Вядома, не абыходзіцца без прэтэнзій, без нервовых званкоў кшталту: “Суседка на два дні пазней на чаргу запісалася, а трактар прыйшоў да яе першай”. Стараемся растлумачыць, што кампануем заяўкі з такім улікам, каб не ганяць дарэмна тэхніку – пасылаем трактар адразу на цэлую вуліцу, каб зэканоміць паліва хаця б на пераездах. І потым, у нас ёсць катэгорыі людзей, якіх мы абслугоўваем па-за чаргой: ветэраны Айчыннай вайны і прыроўненыя да іх людзі, інваліды І і ІІ груп. Адны выслухоўваюць і разумеюць сітуацыю, другія пераходзяць на крык і крыўдныя словы. Што зробіш – асаблівасці прафесіі…
–Яшчэ год-два таму назад 200 заказаў паставілі б нас у тупік, – укліньваецца ў размову дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльных паслуг Віктар Іосіфавіч Ждановіч. – Падобныя аб’ёмы нашаму адзінаму мотаблоку былі б не пад сілу. Але з дапамогай райвыканкама сёння наш трактарны парк павялічыўся да чатырох адзінак: тры трактары “Беларус 132 Н” і мотаблок. Агульнымі намаганнямі яны за вясну перааралі больш за 100 гектараў глебы. Сёння ў нас на чарзе на гэтую паслугу засталіся ўсяго 18 чалавек – да канца тыдня, думаю, завяршым “пасяўную”.
У пачатку вясны ў пенсійных колах шырока абмяркоўвалася пытанне падаражання паслуг тэрытарыяльнага цэнтра. У выніку аказалася, што для непасрэдных падапечных сацыяльнага цэнтра (ветэраны вайны, інваліды, адзінокія і адзінока пражываючыя старыя людзі) пераворванне стала каштаваць ажно (!) 1080 рублёў за сотку (летась было 900 рублёў). А вось для ўсіх астатніх (заказаць на свой агарод “сацыяльны” трактар можа кожны жадаючы – не абавязкова быць пенсіянерам) кошт гэтай паслугі складае 4120 рублёў за сотку.
–Карыстаючыся выпадкам, дазволю сабе нагадаць, што нашы трактары ўкамплектаваны ўсім неабходным абсталяваннем, – удакладняе дырэктар. – Так што мы можам і прабаранаваць участак, і абагнаць бульбу. Звяртайцеся – дапаможам.


Ганны ЧАКУР.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений