Будні Астравецкага лясгаса

14:48 / 04.05.2010

Напярэдадні абласнога семінару па ахове лясоў ад пажараў, які будзе праводзіцца 6 мая Гродзенскім дзяржаўным вытворчым лесагаспадарчым аб’яднаннем, мы вырашылі завітаць у Астравецкі лясгас, каб даведацца, чым жыве галоўны вартаўнік і абаронца ляснога фонду нашага раёна, з якімі праблемамі сутыкаецца, якіх вышынь дасягнуў і якія планы на далейшае развіццё намеціў. Пра гэта і многае іншае нам расказаў дырэктар ДЛГУ “Астравецкі лясгас” Рыгор Мечыслававіч Долгі.





– Рыгор Мечыслававіч, раскажыце, калі ласка, пра будні Астравецкага лясгаса.
– Новы год пачаўся для нас даволі напружана. Хаця наша фінансавае становішча палепшылася, з’явіліся дадатковыя сродкі, і цяпер мы можам ажыццяўляць тыя праграмы, якім не было магчымасці ўдзяліць належную ўвагу ў мінулым годзе з-за крызісу і іншых фактараў.
Мы працягваем работу па рэканструкцыі дрэваапрацоўчага цэха, наладжваем новую вытворчасць па выпуску паліўных брыкетаў – у Літве закупілі сучаснае абсталяванне.
Вясна для леснікоў – такая ж гарачая пара, як і для хлебаробаў: гэта час пасадкі лясных культур. Вельмі актыўную падтрымку нашым лесаводам аказвалі школьнікі і настаўнікі, за што ім хочацца сказаць вялікі дзякуй. Усяго мы пасадзілі 301 гектар новага лесу. Правялі нарыхтоўку бярозавага соку – і калі ў мінулым годзе сабралі 130 тон бярозавіку, то ў гэтым годзе – 300. Вельмі добра папрацавалі ў гэтым накірунку Катлоўскае і Палушскае лясніцтвы. Увесь сок паставілі на завод безалкагольных напояў у Мінску.
Шмат сіл укладваем у падрыхтоўчыя работы па будаўніцтву атамнай электрастанцыі. Ужо скончана высечка пляцоўкі пад атамную станцыю, а зараз распачата і вядзецца высечка трас для будаўніцтва дарог.
Асаблівая ўвага надзяляецца навядзенню парадку на зямлі і ў дзяржаўным лясным фондзе – выкананы вялікі аб’ём работ па ачыстцы лясоў, высяканню нежаданай расліннасці, расчыстцы дарог, навядзенню парадку на сядзібах лясніцтваў, лясгаса.
У рамках праграмы развіцця паляўнічай гаспадаркі былі пабудаваны вальеры і набыты жывёлы з мэтай абагачэння складу паляўнічай фаўны – лані еўрапейскія з Літвы і алені высакародныя з Белавежскай пушчы. Працягваем рэалізацыю лані еўрапейскай – у мінулым годзе мы прадалі 20 жывёлін.
– А якія ў вас планы на будучыню?
– Перад намі стаіць задача зрабіць рамонт у чатырох канторах лясніцтваў – Палушскім, Астравецкім, Кямелішкаўскім, Міхалішкаўскім. За тры гады трэба пабудаваць тры новыя канторы – у Катлоўскім, Спондаўскім і Падольскім лясніцтвах. Мы стараемся па магчымасці забяспечваць жыллём нашых маладых работнікаў – будзем будаваць жылы дом для ляснічага Міхалішкаўскага лясніцтва, у планах забяспечыць жыллём і маладога ляснічага ў Гервятах.
Калі за мінулы год аб’ём інвестыцый склаў 1,7 мільярда рублёў, то ў гэтым годзе – прыкладна два мільярды. Нам неабходна замяніць тэхніку для падвозу ляснічых – ужо набылі два УАЗікі і заказалі яшчэ тры. Аб’явілі тэндар на набыццё многааперацыйнай лесанарыхтоўчай машыны “Харвестар”, які выйграла фінская фірма “Сампа”. Гэтая машына можа замяніць працу 15 работнікаў, што павысіць прадукцыйнасць пры мінімуме затрат, у тым ліку і працоўных, і павысіць бяспеку работы.
– Семінар, які пройдзе 6 мая на базе Астравецкага лясгаса, прысвечаны ахове лясоў ад пажараў. З якімі словамі вы б хацелі звярнуцца да жыхароў нашага раёна?
– Лясы – гэта візітная картка, багацце і гонар нашай краіны. У той жа час 90 працэнтаў пажараў выкліканы не прыроднымі стыхіямі, а неразумнымі паводзінамі людзей. Таму я яшчэ раз заклікаю жыхароў нашага раёна акуратна абыходзіцца з агнём і беражліва адносіцца да ўсяго таго, што падарыла нам прырода!


Вольга ШОЎКУН.