Прошла встреча с инициаторами создания инкубатора малого предпринимательства на территории Островецкого района

09:43 / 02.06.2017
603

bizness.jpgПры падтрымцы раённых і мясцовых на мінулым тыдні улад у кінаканцэртнай зале “Астравец”  прайшла цікавая і змястоўная інфармацыйная сустрэча з ініцыятарамі стварэння першага ў Беларусі інкубатара малога прадпрымальніцтва на тэрыторыі Мядзельскага, Пастаўскага, Смаргонскага і Астравецкага раёнаў. Для людзей, якія хочуць займацца ўласнай справай ці ўжо маюць досвед у вядзенні бізнесу ў сельскай мясцовасці, хутка адкрыецца “Школа сельскага бізнесу”.

Некага, напэўна, можа напалохаць разумнае слова “інкубатар”, якое асабіста ў мяне асацыіруецца з ізаляцый. Насамрэч гэта не так.

bizness2.jpg

Па задуме арганізатараў – МГА “Экапартнёрства” і ГА “Жанчыны за адраджэнне Нарачанскага краю” – на базе чатырох раёнаў, у тым ліку і Астравецкага, будзе створаны ўзгаданы бізнес-інкубатар,  інакш кажучы кластэр, ці сетка дробных прыватных прадпрыемстваў. Гэта можа быць усё што заўгодна: аўтасервіс, пякарня, фітнэс-клуб, вытворчасць мэблі, вядзенне фермерскай гаспадаркі.

Калі вы хочаце пачаць свой бізнес у сельскай мясцовасці, гатовы атрымліваць новыя веды і прымяняць іх на практыцы або ўжо займаецеся бізнесам на вёсцы, але вам не хапае кансультацыйнай падтрымкі –  “Школа сельскага бізнесу” дакладна для вас.

Па словах аднаго з арганізатараў адукацыйнай праграмы, кансультанта Цэнтра развіцця сельскага прадпрымальніцтва “Камарова” Эдуарда Антонавіча Вайцяховіча, час рэалізацыі праект – май 2017 – студзень 2019 года. Запланаваны чатыры наборы слухачоў. Кожны з адукацыйных набораў будзе складацца з 5 сесій. Заняткі ў бізнес-школе будуць праводзіцца ў інтэрактыўнай і трэнінгавай формах па выхадных днях.

Эксперты і бізнес-трэнеры не толькі раскажуць пра асновы бізнес-планавання, маркетынг, менеджмент, але і дапамогуць у індывідуальным парадку напісаць бізнес-план. Па выніках навучання шэсць чалавек выйграюць гранты на рэалізацыю ўласнага бізнесу ў сельскай мясцовасці.

– Ідэя стварэння бізнес-інкубатара выспявала даўно. Вобраз сельскага жыхара ў нас стэрэатыпізаваны, і мне хочацца разбурыць гэтыя міфы. Вясковец нічым не саступае гараджаніну, і займацца ўласнай справай можна гэтак жа паспяхова як ў сельскай мясцовасці, так і ў мегаполісе, – прызнаўся Эдуард Антонавіч. – Да прыкладу, інфраструктура сярэднестатыстнычнай нямецкай вёскі прадстаўлена пякарняй, некалькімі рэстаранамі, невялікі прадпрыемствамі па вытворчасці цэглы, вокнаў, дзвярэй. Нешта падобнае мы зробім у нас. Арганізацыя бізнес-інкубатара дазволіць стварыць новыя працоўныя месцы, паспрыяць развіццю сельскіх мясцовасцей і ўрэшце – прыносіць прыбытак і задавальненне людзям, якія працуюць на сябе і займаюцца любімай справай.

Пасля інфармацыйнай часткі арганізатары бізнес-школы адказалі на пытанні прысутных, а старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Эдуардаўна Тальчук паабяцала, што мясцовая ўлада будзе спрыяць рэалізацыі праекта на тэрыторыі Астравеччыны.


Заўвага!

Паспяшайцеся, вы яшчэ можаце запісацца ў “Школу сельскага бізнесу” і выбраць зручныя для сябе тэрміны праходжання навучання на сайце www.ecopartnerstvo.by.

 

Текст: Алена Гануліч
Фото: Алена Гануліч
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений

Яндекс.Метрика