Проблема распространения африканской чумы свиней не теряет своей актуальности

16:42 / 23.01.2017
СвинкаНекалькі гадоў назад тэмай нумар адзін для  вяскоўцаў была афрыканская чума свіней. Гэтая праблема не страціла сваёй актуальнасці і цяпер: вірус ізноў пачаў гуляць па тэрыторыі Расіі. Вакцыны супраць гэтай хваробы вучоныя пакуль не вынайшлі, таму лепшы сродак абароны –прафілактыка.

Хто хварэе на АЧС?


Толькі хатнія і дзікія свінні, незалежна ад іх полу, узросту, і пароды. Захворванне выклікае гібель у 100 працэнтах выпадкаў.

ДЛЯ ЛЮДЗЕЙ ВІРУС АЧС БЯСШКОДНЫ


Прыкметы хваробы:

Адмаўленне жывёліны ад ежы; павышэнне тэмпературы цела да 40-42 градусаў; пасіненне ці пачырваненне скуры вушэй, жывата, хваста; рвота і панос з прымессю крыві. Можа быць раптоўная пагібель без прыкмет захворвання.

Перадаецца праз

непасрэдны кантакт паміж жывёламі, кроў, адходы ежы, у якіх утрымліваецца вірус АЧС; трупы загінуўшых свіней, транспарт, людзей, гной, прадметы догляду, грызуноў і насякомых.

Правілы прафілактыкі:

1. Асабістыя падсобныя гаспадаркі павінны быць агароджаныя так, каб на іх тэрыторыю не маглі трапіць дзікія жывёлы.

2. Не карміце свіней адходамі жывёльнага паходжання.

3. Утрымлівайце жывёлу толькі ў свінарніках і хлявах, для наведвання якіх абавязкова павінны быць выдзелены асобныя адзенне і абутак, а таксама – дэздыванок.

4. Не пускайце ў гэтыя памяшканні старонніх людзей.

5. Набываць зерне і кармы трэба толькі ў дазволеных месцах.

Пра ўсе выпадкі захворвання свіней неадкладна паведамляйце ў ветэрынарную службу ці сельвыканкам.

Кампетэнтна


У тэлефанаваннях у рэдакцыю газеты жыхары Астравеччыны не раз уздымалі пытанне пра тое, калі можна будзе трымаць на падворках свіней, набываць і прадаваць парасят.

Нам адказаў намеснік начальніка Астравецкай раённай ветэрынарнай станцыі Рычард Альбінавіч Турчыновіч:

– Забарона на ўтрыманне свіней на прысядзібных участках тычыцца жыхароў некаторых населеных пунктаў Варнянскага, Гервяцкага і Гудагайскага сельсаветаў, якія знаходзяцца ў так званай буфернай зоне – радыусе 5 кіламетраў ад свінагадоўчага комплексу КСУП “Варняны”. Адказаць на пытанне, калі яна будзе адменена, складана. Магчыма тады, калі вучоныя вынайдуць вакцыну ад афрыканскай чумы свіней.

У суседзяў

Паводле дадзеных інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Рассельгаснагляду, у 2016 годзе значна пагоршылася сітуацыя з афрыканскай чумой свіней у нашых суседзяў. Так, за мінулы год ў Расійскай Федэрацыі зарэгістраваны 291 ачаг гэтага захворвання, што на 206 арэалаў больш, чым у 2015 годзе. З-за заражэння АЧС знішчана 13 буйных свінагадоўчых комплексаў з пагалоўем 246,5 тысячы свіней.

Падрыхтавала Алена ЮРКОЙЦЬ.