Тыдзень postfactum: эканоміка – лепшая палітыка

09:03 / 16.02.2011
8311
Мінулы тыдзень вачамі галоўнага рэдактара Ніны Рыбік

Мінула амаль два месяцы пасля адбыўшыхся прэзідэнцкіх выбараў. І неадбыўшайся, хоць некім і вельмі жаданай, “каляровай” рэвалюцыі ў беларускім варыянце, пра якую марылі  некаторыя як у роднай краіне, так і ў блізкім і далёкім замежжы. Адбылося тое, што адбылося, коп’яў за гэты час зламана з аднаго і другога боку нямала – і яны працягваюць ламацца.
Прадстаўнікі і аднаго, і другога боку, як могуць, адстойваюць сваю пазіцыю: апазіцыя, якая ў чарговы раз прадэманстравала, як страшэнна далёка знаходзіцца яна ад народа, кінулася шукаць маральнай і матэрыяльнай падтрымкі ў сваіх ідэйных натхняльнікаў і спонсараў — ЕС і ЗША – і знайшла яе. А “няправільны” народ, які, на думку апазіцыі, заўсёды галасуе “не так”,  заняўся сваімі паўсядзённымі справамі — бо ўласны дабрабыт яму ж і ствараць уласнай працай.
Паступова вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і масавых беспарадкаў вечарам 19 снежня выцеснілі з першых радкоў сусветных навін іншыя падзеі: масавыя беспарадкі ў Тунісе і Егіпце, якія скончыліся тым, што прэзідэнт першай краіны ўцёк,  другой – падаў у адстаўку; выбух у маскоўскім аэрапорце Дамадзедава, у выніку якога пацярпелі дзесяткі людзей з розных краін…
І на фоне гэтых глабальных падзей – паўсядзённыя навіны мінулага тыдня з эканамічнага блока. Буйнейшы ў Германіі банк “Deutsche Bank” – адзін з 26 банкаў з удзелам замежнага капіталу, якія дзейнічаюць у нашай краіне, — пашырае сваю прысутнасць у Беларусі і плануе інвесціраваць сродкі ў будаўніцтва аўтадарог і вытворчасць… У Іране адкрываецца зборачная вытворчасць МАЗаў… Турцыя выказвае зацікаўленасць у будаўніцтве энергетычных аб’ектаў на тэрыторыі Беларусі… У Брэст даставілі новую хуткасную электрычку са Швейцарыі… Літва падчас сёлетняй снежнай зімы павялічвае колькасць закупляемай у Беларусі тэхнічнай солі для апрацоўкі дарог падчас галалёдзіцы… Суседнія Ашмяны наведалі дэлегацыі Польшчы і Літвы – сустрэча з кіраўніцтвам раёна прайшла ў рамках ажыццяўлення праграмы «Добрасуседства і партнёрства. Літва-Латвія-Беларусь. Польшча-Украіна-Беларусь».
Звычайныя, далёкія ад сенсацыйных, навіны, на якія, магчыма, і не варта было б звяртаць асаблівай увагі, калі б не адбываліся яны на фоне істэрыі з нагоды падзей у Беларусі ў палітычных колах некаторых краінах Еўрасаюза, у ЗША, заклікаў спыніць ці звесці да мінімуму ўсялякія адносіны з афіцыйнымі ўладамі Беларусі. І якія пры ўсім пры тым сведчаць: палітыка – палітыкай, а эканоміка – эканомікай. І што б там ні крычалі ў еўрапарламенце аб парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, калі нямецкаму банку выгадна ўкладваць свае сродкі ў беларускую эканоміку, калі нямецкія фінансісты ўпэўнены ў стабільнасці сітуацыі ў нашай краіне і вяртанні ўкладзеных фінансаў з прыростам, то яны будуць гэта рабіць, якія б там рэзалюцыі не прымаў Еўрасаюз. І вельмі сумніўна, што калі б на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі перамог нехта з апазіцыйных кандыдатаў, яны б рызыкнулі ісці са сваімі грашамі ў нашу краіну.
Яшчэ адно сведчанне таму – інфармацыя з суседняй Літвы, размешчаная на сайце TUT.BY, які пры ўсім жаданні нельга назваць прапрэзідэнцкім. Буйныя прадстаўнікі літоўскіх дзелавых колаў заяўляюць, што пасля перавыбрання на пост прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ўмовы для вядзення бізнесу ў Беларусі не змяніліся, а палітычныя хваляванні аказалі ўплыў толькі на апазіцыю. Наадварот – умовы для бізнесу, па меркаванню літоўцаў, паляпшаюцца – і няма падстаў думаць, што сітуацыя нейкім чынам зменіцца. “Усё па-ранейшаму. Добра было б, каб так усё і заставалася – па-ранейшаму. Ведаеце, палітыка застаецца палітыкай, але валіць усё ў адну кучу немагчыма і немэтазгодна”, – гэта словы віцэ-прэзідэнта групы прадпрыемстваў Arvi Сігітаса Тамашчунаса. І яго падтрымалі іншыя буйныя бізнесмены, у тым ліку і дырэктар дэпартамента эканомікі Канфедэрацыі прамыславікоў Літвы Сігітас Бесагіркас, які сцвярджае, што ні ад літоўскіх, ні ад беларускіх бізнесменаў не чуў, каб пасля палітычных хваляванняў і перавыбараў Лукашэнкі на чацвёрты тэрмін нейкім чынам пагоршыліся ўмовы для бізнесу – наадварот , яны хоць і памалу, крок за крокам, але паляпшаюцца.
Усё гэта пацвярджае справядлівасць выведзенай яшчэ класікамі марксізму формулу: быццё вызначае свядомасць. І вынікі выбараў у нашай роднай Беларусі, і падзеі ў далёкім Егіпце – лішняе таму сведчанне. Дэманстранты больш як два тыдні патрабавалі адстаўкі прэзідэнта Егіпта Хосні Мубарака  і ўрэшце дамагліся свайго зусім не таму, што ён узначальваў краіну 29 гадоў, а таму, што ўзровень жыцця пераважнай большасці народу быў “ніжэй плінтуса”. Пагадзіцеся, калі б беларускай сям’і давялося існаваць на два долары ў дзень, як сёння егіпцянам, то вынікі прэзідэнцкіх выбараў  былі б зусім іншымі, і апазіцыі не спатрэбілася б ісці на правакацыі, каб паспрабаваць  дарвацца да ўлады. Але ж ніхто ні ў краіне, ні за яе межамі не патрабуе адстаўкі прэзідэнта Сінгапура, які правіць краінай каля трыццаці гадоў – і вывеў яе за гэты час з неверагодна адсталай у лік найбольш перадавых у свеце. І нікога не хвалюе ні тэрмін яго знаходжання на прэзідэнцкім пасту, ні тое, што па колькасці смяротных пакаранняў на тысячу насельніцтва гэтая краіна займае адно з першых месцаў у свеце.
Так што не варта аспрэчваць справядлівасць ісціны: эканоміка – лепшая палітыка. Гэта, зрэшты, паказалі і нашы выбары. І хоць Беларусі пакуль далёка да Сінгапура, але вось што сказаў мне нядаўна юнак з так званых маладых прагматыкаў, які таксама ўваходзіць у лік той самай часткі “няправільнага” з пункту гледжання апазіцыі народа:
—Я тут неяк прааналізаваў, хто з маіх знаёмых і сяброў за каго галасаваў на выбарах. Цікавая заканамернасць атрымліваецца… Супраць Лукашэнкі, акрамя прафесійных апазіцыянераў, якія заўсёды супраць, і лайдакоў, якія працаваць не жадаюць у прынцыпе, – былы аднакурснік, які цяпер жыве ў Расіі і сваю “штуку” баксаў будзе мець у любым выпадку. Другі  працуе ў Беларусі, але на расійскую кампанію – яго больш цікавіць стабільнасць у суседняй краіне, чым у нас. Трэці ўвогуле цяпер жыве ў Італіі – ён там, за мяжой, таксама лепш ведае, што нам тут трэба. А тыя мае знаёмыя, якія працуюць у дзяржаўнай сферы ці больш таго — “сядзяць” на бюджэце, маюць стабільную зарплату, хоць і не ў тысячу еўра, галасавалі за сённяшняга прэзідэнта. Бо лепей дробнымі крокамі рухацца наперад і кожны дзень мець што палажыць на свой бутэрброд, чым, як пераконваюць мае замежныя сябры, перш апынуцца ў яме, а ўжо потым, гадоў праз дваццаць, жыць, як сярэднестатыстычны еўрапеец – і яшчэ пры ўмове, калі моцна пашанцуе…
Ну што тут скажаш? Маладое пакаленне выбірае…

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений