Тыдзень рostfactum: семінары – рухавік прагрэсу

08:53 / 03.11.2010
8801
Мінулы тыдзень вачамі галоўнага рэдактара Ніны РЫБІК

Мінулы тыдзень усіх – хто хацеў і хто не – закрануў пераходам на зімовы час і традыцыйнай вялацякучай, з абвастрэннямі перад заканчэннем кастрычніка і сакавіка, спрэчкай: ці варта пераводзіць стрэлкі гадзінніка ўвогуле, чаго ў гэтым больш – эканоміі энергарэсурсаў ці шкоды для здароўя? Прычым і адно, і другое сцвярджэнне базіруюцца ў асноўным на ўласным вопыце і міфічных “даследаваннях вучоных” – ніхто не можа назваць тых вучоных і канкрэтную тэму даследаванняў.


Праціўнікаў і прыхільнікаў пераходу на летні і затым вяртання на зімовы час прыкладна пароўну – як “соў” і “жаваранкаў” у нашым грамадстве. Але вось напрыканцы тыдня ў праграме “Весці” расійскага тэлеканала паказалі карту свету, дзе блакітным колерамі былі пазначаны рэгіёны, дзе пераходзяць на летні час, чырвоным — дзе ніколі гэтага не рабілі, аранжавым — дзе ў свой час мелі такі вопыт, але адмовіліся ад яго. Апошнія, дарэчы — рэдкія астраўкі. “Чырвоныя” ж рэгіёны, дзе стрэлкі гадзінніка туды-сюды ніколі не пераводзілі, — пераважна ў Афрыцы (ці многія там увогуле ведаюць, што такое гадзіннік?). А вось блакітным застаецца практычна усё заходняе паўшар’е, з рэдкімі плямкамі экстравагантных краін, што адмовіліся да гэтай практыкі. Вось я і думаю: няўжо вучоныя ў заходнееўрапейскіх краінах ды Амерыцы горш навучаныя? Ці мы разумнейшыя за ўсіх, каб адмаўляцца да сусветнай — калі мець на ўвазе цывілізаваны свет — практыкі?
Тым больш, што, калі не будзе пераходу на зімовы час, то ў нас знікне такі цудоўны падарунак, як магчымасць раз у год з абсалютна чыстым сумленнем паспаць на гадзіну больш. Нехта можа сказаць, што вясной у нас гэтую гадзіну адбіраюць – і гэта сапраўды так. Але ж як прыемна атрымаць нешта, што лічыў беззваротна страчаным…
Другая падзея мінулага тыдня, якая прымусіла паразважаць, была галінова-абласнога маштабу: у сераду ў Зэльве праводзіўся семінар галоўных рэдактараў раённых газет нашай вобласці.
У чарговы раз пераканалася на ўласным вопыце ў ісціннасці жартаўлівага выразу, што семінары – рухавік прагрэсу. І нават не ў тым сэнсе, што гаспадары да іх традыцыйна рыхтуюцца і наводзяць “марафет” – ну а як жа інакш, калі чакаеш гасцей? Але і для саміх гасцей вельмі важна бываць у іншых рэгіёнах – часам хаця б для таго, каб, як гаворыць адзін мой знаёмы, “здуць шчокі”, надзьмутыя ад самазадаволенасці і ўсведамлення ўласнай беззаганнасці, і паглядзець, чаму новаму, цікаваму і карыснаму можна павучыцца ў іншых.
Зэльвенскі раён яшчэ меншы, чым Астравецкі – 19 тысяч насельніцтва. Багатых прамысловых прадпрыемстваў (чытай: патэнцыяльных спонсараў) там няма ўвогуле. Юбілей горада яны адзначалі ў тым жа годзе, што і Астравец і нават амаль у той жа дзень. Гарадок, як і наш, прыхарашыўся да юбілею – зрэшты, мне цяжка меркаваць, наколькі, бо да гэтага ў Зэльве бываць не выпадала. І тым не менш астраўчанам застаецца толькі пазайздросціць таму раённаму Дому культуры, што, рыхтуючыся да юбілею, як нам расказалі, аднавілі амаль што з руін. Пра “руіны” сёння не нагадвае нішто, вакол – шык і бляск: прасторна, утульна, камфортна для працаўнікоў і наведвальнікаў. А ў вёсцы Елка ў рамках будаўніцтва аграгарадка сельскі Дом культуры ўвогуле пабудавалі “з нуля” – стаіць, як цацачка (уяўляю, як уздыхнулі варнянскія жыхары, якія ўсё яшчэ чакаюць наваселля ў сваім “ачагу культуры”).
У Зэльве, як і ў нас, чакаюць пачатку “будоўлі стагоддзя”. І зайздросцяць астраўчанам, бо ў нас плануецца ажыццявіць больш маштабны праект: АЭС – гэта ўсё ж не цеплавая электрастанцыя, хай нават вялікай магутнасці і пабудаваная за грошы польскага інвестара і прызначаная працаваць на польскім жа вугалі. Калі ж я паспрабавала высветліць, ці непакояць мясцовых жыхароў магчымыя экалагічныя наступствы, мая зэльвенская прыяцелька, уздыхнуўшы, сказала, што ім не да экалогіі: прыстойную працу ў гарадку знайсці вельмі цяжка, і таму новую электрастанцыю чакаюць з вялікай надзеяй на развіццё рэгіёна. Тым больш, што, кажуць, большую небяспеку яны будуць ўяўляць для тых, хто жыве за межамі 70-кіламетровай зоны ад месца будаўніцтва – вось хай Слонім з Ваўкавыскам і турбуюцца…
Многае мяне парадавала ў Зэльве, многаму я па-добраму пазайздросціла. Да прыкладу, таму, што ў трох гарадскіх школах і цэнтры пазашкольнай работы створаны так званыя ўчасткі малой паліграфіі, дзе педагогі не толькі самастойна выдаюць з дапамогай камп’ютараў, прынтараў, лічбавых фотакамер патрэбныя метадычныя матэрыялы, абагульненні вопыту і г.д., але і маюць магчымасць ламінаваць і брашураваць неабходныя дакументы. Што ў развіцці агратурызму, пра неабходнасць якога мы пакуль толькі размовы размаўляем, яны далёка наперадзе – і на сядзібе Лаўрыновічаў удзельнікі семінара пераканаліся, што не трэба вялікіх затрат, каб зрабіць звычайную вясковую хаціну прыдатнай для прыёму турыстаў, і тыя, хто тут адпачывае, атрымліваюць сапраўдную асалоду, а гаспадары – прыбытак.
Вядома, зайздросціць таму, што ў Зэльвенскім раёне ёсць такі старажытны помнік архітэктуры і гісторыі, як Сынкавіцкая царква, не варта – трэба радавацца, што гэты дыямент духоўнасці і культуры, помнік 12 стагоддзя, захаваўся ў нашай краіне, што храм існуе, дзейнічае, што па веры людзей яўляе цуды цудатворная ікона Маці Божай “Усецарыца” – і не так важна, дзе ён знаходзіцца.
Хоць увогуле, зайздрасць, нават белая, — пачуццё не самае лепшае. Куды важней не крывіцца: “Добра ім…”, а паспрабаваць пераняць хоць нешта з таго, што паказалі-расказалі, не хаваючыся, сябры-суседзі.
Што мы і пастараемся зрабіць у паўсядзённай дзейнасці рэдакцыі.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений