Станислав Рынкевич - человек, которому интересно жить

17:30 / 19.11.2013
Станіслаў Зыгмундавіч Рынкевіч не можа зразумець логіку так званых “летуноў” – людзей, якія зноў і зноў з лёгкасцю мяняюць месца працы. “Як можна? – здзіўляецца ён. – Прывыкаеш жа і да людзей, і да ўмоў, і да самой працы”…

У далёкім 1979 годзе, адразу пасля дэмабілізацыі, ён уладкаваўся вадзіцелем у Астравецкую сельгастэхніку, ды так на ўсё працоўнае жыццё і застаўся ў яе радах. Вось толькі спецыяльнасць памяняў – стаў электрагазазваршчыкам. Рамантуе ўсе гэтыя сістэмы жывёлагадоўчыя водапаення, гноевыдалення, манціруе даільнае абсталяванне. Абслугоўвае сушыльныя ўстаноўкі і халадзільнае абсталяванне.
Пачынаў ён як “самавучка”: перш чым узяцца непасрэдна за зварку, доўга вымяраў, прыкідваў, чарціў на паперы. А сёння Станіславу Зыгмундавічу дастаткова агледзець месца прыкладання сваіх электродаў і – наперад! Ды так роўненька шво выведзе, што і швачка гатова пазайздросціць.
– З сучасным абсталяваннем трэба працаваць вельмі дакладна і вельмі акуратна, – лічыць электрагазазваршчык. – Напартачыць лёгка, а выпраўляць потым давядзецца вельмі доўга.
Да якасці работы Рынкевіча ні з боку заказчыка, ні з боку яго брыгадзіра прэтэнзій не бывае – ён робіць толькі на “пяць”. Так што пяты кваліфікацыйны разрад яму прысвоены нездарма.
А ў пазапрацоўным жыцці Станіслаў Зыгмундавіч – аматар двух паляванняў: ціхага і гучнага. Гэта значыць, займаецца здабычай звера (з 1981 года – член раённага Таварыства паляўнічых і рыбаловаў) і з задавальненнем збірае грыбы. Самая вялікая паляўнічая ўдача – кабан на 180 кілаграмаў. Самая значная грыбная перамога – багажнік белых.
– Сапраўды, люблю і паляванне, і збор грыбоў, – згаджаецца Рынкевіч. – Але справа не толькі і не столькі ў лясных “трафеях”, колькі ў самой магчымасці пабыць у лесе – паблукаць па яго амаль нябачных сцежках, паслухаць шчабятанні птушак, пачытаць сляды звяроў. Таму я час ад часу бяру пуцёўку на здабычу зайца ці качкі і іду ў лес у адзіночку. На адпачынак. Хаця ўдзельнічаць у агульным паляванні (у “загонцы”) таксама вельмі цікава. Жыць – яно наогул вельмі цікава.


--------------------------
НА ЗДЫМКУ: электрагазазваршчык ДУП “Астравецкая сельгастэхніка” Станіслаў Зыгмундавіч Рынкевіч.

---------------------------------
Ганна ЧАКУР, фота аўтара.