СВК "Ворняны" в лидерах

10:32 / 30.07.2012

Удала стартанулі на жніве-2012 жнеяры СВК “Варняны” – пакуль іх калегі  з іншых гаспадарак раёна разважалі ды сумняваліся, варнянцы распачалі абмалот сваіх палеткаў. У выніку па стане на 25 ліпеня ў гаспадарцы ўжо ўбрана 285 гектараў збожжавых – а гэта амаль палова агульнай плошчы, абмалочанай у раёне.


Як расказаў галоўны аграном СВК “Варняны” Аляксандр Паўлавіч Грымбоўскі, у сёлетнім жніве будуць удзельнічаць 22 камбайны, на кожны з якіх прыпадае ў сярэднім па 248 гектараў збожжавых і зернебабовых.







–Нагрузка крыху большая, чым у сярэднім па раёне, – гаворыць Аляксандр Паўлавіч. – Але, думаю, сучасным камбайнам яна па сілах. Прынамсі, па разліках эканамістаў, абмалаціць наяўную збажыну мы можам прыкладна за 20 працоўных дзён. Вядома, пры ўмове, што надвор’е не будзе ўносіць свае карэктывы.

Варнянцы ўбіраюць ячмень, кожны гектар якога дае ў сярэднім па 44,6 цэнтнера збожжа. Вільготнасць зерня не перавышае 20-ці працэнтаў – дасушыць яго потым да стандартных 14 працэтаў не так і складана. Тым больш, што сушыльная гаспадарка СВК укамплектавана сучаснымі агрэгатамі з высокай прапускной здольнасцю.


Паралельна з ячменем убіраецца і азімы рапс, сёлетняя ўраджайнасць якога падбіраецца да рэкорднай адзнакі.





–Кожны гектар азімага рапсу дае па 33 цэнтнеры зерня, – радуецца аграном. – Гэта калі браць у сярэднім па гаспадарцы. А на ўчастках, дзе пасеяны гібрыдныя сарты, намалочваем па 40 цэнтнераў з гектара. Атрымліваем практычна на 10 цэнтнераў больш, чым на айчынных сартах. Сёлетні крыжакветны наглядна паказаў, што займацца вырошчваннем гібрыдаў і карысна, і прыбыткова.





Услед за камбайнамі ідуць прэс-падборшчыкі, задача якіх – убраць салому. У цісках дэфіцыту арганічных угнаенняў, які існуе ва ўсіх без выключэння гаспадарках, нарыхтоўцы саломы, якая выкарыстоўваецца на подсціл грамадскаму статку, надаецца асабліва важнае значэнне. А мяккая “ячменка”, якую з гатоўнасцю паядае жывёла, асабліва каштоўная. Таму  ў СВК “Варняны” на ўборцы саломы задзейнічаны адразу шэсць падборшчыкаў.


У вялікай справе не бывае дробязей – для таго, каб на жніве не было грунтоўных праколаў, яго тактыку і стратэгію трэба прадумаць і пралічыць загадзя. Забяспечанасць палівам, арганізацыя харчавання работнікаў, занятых на ўборцы і дапрацоўцы зерня, прагрэсіўная сістэма аплаты і старанна распрацаваныя ўмовы спаборніцтва.


–Умовы спаборніцтва тычацца работы экіпажаў камбайнераў, вадзіцеляў, занятых на адвозцы збожжа ад камбайнаў, і тых, хто займаецца перавозкай дасушанага зерня, а таксама аператараў сушыльных установак, – расказала старшыня прафсаюзнага камітэта гаспадаркі Станіслава Станіславаўна Блашкевіч. – Прэміраванне лепшых работнікаў мы не прывязваем да нейкіх канкрэтных лічбаў – да прыкладу, да праславутай тысячы тон, таму што вытворчасць тэхнікі ў залежнасці ад яе маркі моцна вар’іруе. Вядомая справа, што намалот экіпажа, які працуе на “Меге”, будзе значна больш высокім, чым таго, што працуе на “Лідзе-1300”. Таму падвядзенне вынікаў мы “прывязалі” да выпрацоўкі даведзеных норм.


За выкананне 30 норм намалоту збожжа старшы камбайнер кожнага экіпажа СВК “Варняны” атрымае 450 тысяч рублёў, яго памочнік – 310 тысяч; за 50 норм адпаведна – 530 і 370 тысяч рублёў; за 70 норм – 710 і 510 тысяч рублёў. Гэткая ж сістэма прымяняецца і пры прэміраванні вадзіцеляў і аператараў сушыльных установак: за 30 норм – 270 тысяч рублёў, за 50 – 360, за 70 – 450 тысяч рублёў.





–А пасля “Дажынак” мы падводзім канчатковыя вынікі ўборкі і перадавікоў адзначаем персанальнымі… свіннямі, – усміхаецца Станіслава Станіславаўна. – Камбайнеры трох лепшых экіпажаў атрымліваюць па 100-кілаграмоваму парсюку, іх памочнікі –  па 80-кілаграмоваму. 80-ці і 60-цідзесяцікілаграмовымі свіннямі будуць узнагароджаны камбайнер і яго памочнік, расход паліва ў якіх аказаўся на жніве самым нізкім. Гэткіх жа подсвінкаў атрымае экіпаж, работа якога будзе прызнана самай якаснай. Падобныя “жывыя ўзнагароды” будуць уручаны вадзіцелям і аператарам сушылак – вядома, пры ўмове бездакорнага выканання працоўнай і вытворчай дысцыпліны.





Вялікая ўвага надаецца асвятленню хода спаборніцтва – гэтым у “Варнянах” займаецца намеснік старшыні па ідэалогіі Юрый Аляксандравіч Адула. Яго намаганнямі кожную раніцу свежая інфармацыя аб выніках папярэдняга дня трапляе на стэнды, якія размешчаны на мехдвары, на тэрыторыі зернесушыльнай гаспадаркі, ля канторы. А яшчэ яна перадаецца ў кожнае звяно камбайнераў: глядзі, параўноўвай, старайся быць лепшым. І можа стацца, ганаровы сцяг, які штодня ўзмывае ў паветра ў гонар лепшага жнеяра мінулага дня, залунае, праслаўляючы тваё імя.



Ганна ЧАКУР.

h5 style="text-align: right;"