Кто станет первыми тысячниками на Островетчине?

09:36 / 30.07.2012

Чарговы выяздны пленум прэзідыума Астравецкай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу адбыўся на базе СВК “Варняны”.


Асноўнай тэмай абмеркавання старшынь пярвічных прафсаюзных арганізацый стала распрацоўка “Палажэння аб арганізацыі раённага спаборніцтва на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур у 2012 годзе”.


З мэтай каардынацыі дзеянняў на час жніва было вырашана стварыць штаб пры раённым камітэце прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, які будзе курыраваць пытанні арганізацыі забеспячэння ўдзельнікаў жніва гарачым харчаваннем, захавання тэхнікі бяспекі ўборачных работ, нагляднага адлюстравання хода ўборкі, а таксама  арганізацыю раённага спаборніцтва сярод камбайнераў, аператараў сушыльных установак і вадзіцеляў, занятых на адвозцы збожжа.


Пасля дэталёвага абмеркавання прэзідыум райкама прафсаюза работнікаў АПК прыняў Палажэнне аб арганізацыі раённага спаборніцтва на ўборцы. Яно праджугледжвае, што пераможцамі сярод камбайнераў, вадзіцеляў на адвозцы збожжа і аператараў сушыльных установак будуць прызнаны работнікі, якія дабіліся максімальнага намалоту, адвозкі або сушкі збожжа пры ўмове захавання працоўнай дысцыпліны і высокай якасці працы.


Дзесяць экіпажаў камбайнераў, якія першымі ў раёне намалоцяць тысячу тон збожжа, будуць  узнагароджаны падарункамі на суму 500 тысяч рублёў і Падзячнымі лістамі райкама прафсаюза работнікаў АПК. Гэткі ж па кошце падарунак атрымае і маладзёжны экіпаж камбайнераў, які першым сярод аналагічных экіпажаў, намалоціць тысячу тон збожжа.


Пяцёра вадзіцеляў, якія першымі ў раёне перавязуць ад камбайнаў па 1 тысячы тон збожжа, будуць узнагароджаны падарункамі на суму 250 тысяч рублёў і Падзячнымі лістамі райкама прафсаюза работнікаў АПК.


Кожная з пяці брыгад машыністаў зернесушыльных комплексаў, якія першымі ў раёне дасушаць да кандыцыйнай вільгаці 2 тысячы тон збожжа, будуць узнагароджаны падарункамі на суму 600 тысяч рублёў і Падзячнымі лістамі райкама прафсаюза работнікаў АПК.


Намалоты, дасягнутыя на ўборцы рапсу і шматгадовых траў, а таксама на іх адвозцы і дасушцы, залічваюцца ў агульны вынік.



Ганна ЧАКУР.