Поедем ли этой зимой за кормами в другие области?

11:23 / 05.10.2018
3409

Мінулую зімоўку жывёлаводы некаторых гаспадарак раёна доўга будуць успамінаць, хрысцячыся: не прывядзі бог такой яшчэ! Ды і як не быць таму, калі кармы пачалі купляць за межамі раёна ледзь не з паловы зімы – а хто ж прадасць лепшае? Жывёла літаральна галадала, а гэта не магло не адбіцца на яе прадуктыўнасці.

IMG_2432.jpg

Што і хто ў гэтым вінаваты? Ці не паўторыцца мінулагодняя сітуацыя сёлета? Якія меры прымаюцца ў раёне, каб выйсці з зацяжнога корманарыхтоўчага крызісу? Адказ на гэтыя і многія іншыя пытанні шукалі на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, на якім разглядалі пытанне забяспечанасці трывалай кармавой базы на зімова-стойлавы перыяд 2018-19 года. Асаблівую значнасць пасяджэнню надаваў удзел у ім першага намесніка старшыні Дзяржкантролю Рэспублікі Беларусь Івана Рамановіча і старшыні Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці Анатоля Дарожкі.

– Прадукцыя жывёлагадоўлі – гэта аснова эканомікі любой гаспадаркі, – сказаў, адкрываючы пасяджэнне, старшыня райвыканкама Ігар Шалудзін. – У структуры выручкі ад 37 да 63% складаюць даходы ад рэалізацыі малака. А кармы займаюць каля 60% у яго сабекошце. Таму важнасць пытання, якое вынесена на разгляд выканкама, цяжка пераацаніць. Хацелася б сёння пачуць аналіз прычын дапушчаных у мінулым годзе пралікаў і высветліць, што чакае нас у сёлетнюю зімоўку.

Такі аналіз паспрабаваў зрабіць першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Руслан Сачко. Праўда, у яго інфармацыі размова ішла найперш аб тым, што зроблена сёлета і з якім фуражным запасам увойдуць у зімоўку жывёлаводы.

Галоўную выснову, якая вынікала з інфармацыі Руслана Сачко, можна абазначыць словамі: сёлета астравецкія гаспадаркі кармоў за межамі раёна купляць не будуць Хоць, на словах Анатоля Дарожкі, гэта не можа быць падставай для гонару і нават для заспакоенасці, бо сёння задача стаіць зусім іншая – не выжываць, а мець паўтарагадавы запас кармоў, каб атрымліваць дастатковую колькасць высакаякаснай жывёлагадоўчай прадукцыі. Ці па сілах гэта астравецкім аграрнікам, -- пытанне пакуль з разраду рытарычных.

заготовка кормов.jpg

Па словах начальніка упраўлення сельскай гаспадаркі, на гэты год планавалася нарыхтаваць 99,6 тысячы тон кармавых адзінак усіх відаў кармоў, ці 41 цэнтнер кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы, з іх травяністых – 30,8 цэнтнера.

Але разлікі звялі планавую лічбу да чакаемых 29,8 цэнтнера кармавой адзінкі. А па стану на 25 верасня травяністых кармоў было нарыхтавана 18,4 цэнтнера кармавой адзінкі на ўмоўную галаву жывёлы. Так, на той час у полі стаяла яшчэ палова плошчаў добра ўрадзіўшай сёлета кукурузы, працягвалася нарыхтоўка сенажу ў стрэйч-плёнку – тым не менш, наўрад ці ўдасца дасягнуць “кантрольнай” лічбы. Ва ўсякім выпадку, на павелічэнне запасаў сена, якога нарыхтавана 2,7 тысячы тон, ці 64 % да плана, і сенажу – 75 % ад запланаванага – разлічваць не даводзіцца.

Не мае праблем з кармамі – і, адпаведна, з вытворчасцю жывёлагадоўчай прадукцыі – толькі КСУП “Гудагай”: на 25 верасня тут мелі 23,1 цэнтнера кармавой адзінкі на ўмоўную галаву жывёлы, план нарыхтоўкі сена выкананы на 110%, сенажу і зернесенажу – на 97%, сіласу на гэтую дату было назапашана 69% да плана.

IMG_7349.jpg

Найбольш вострая сітуацыя з кармамі – у КСУП “Варняны”, дзе нарыхтавана толькі 15 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы – 45% плана, і ў РУП “Саўгас “Падольскі” – адпаведна 12,2 цэнтнера і 37%.

Але колькасць кармоў – гэта нават не палова справы. Галоўнае, на думку Анатоля Дарожкі – іх якасць. А гэтае пытанне ў дакладзе начальніка ўпраўлення было абыдзена ўвагай. І ўвогуле, па меркаванні прадстаўнікоў дзяржкантролю, інфармацыя Руслана Сачко насіла хутчэй інфармацыйны, нават статыстычны, чым аналітычны характар.

Зразумець, як жа будуць зімаваць сёлета гаспадаркі, у якіх найбольш складаная сітуацыя з фуражом паспрабавалі, выслухаўшы інфармацыю кіраўнікоў саўгаса “Падольскі” Дзяніса Кірпы, КСУП Гервяты” Ігара Жданава і “Міхалішкі” Аляксандра Чаплінскага. Малады дырэктар саўгаса, які некалькі месяцаў назад прыняў гаспадарку ў плачэўным стане, бачыць перспектывы выхаду з яго перш за ўсё ў кармавой базе. Для гэтага ў гаспадарцы сёлета перазалужылі 900 гектараў, у наступным годзе збіраюцца перасеяць не менш тысячы гектараў састарэлых і нізкаўраджайных траў – і сёлета намалацілі для гэтых мэт 48,5 тоны насення, у тым ліку 11,4 тоны – канюшыны. Плануюць тут займацца і перспектыўнай, хоць і дарагой люцэрнай, не збіраюцца адмаўляцца і ад высокапажыўнай кукурузы.

о видам.jpg

 А вось за словамі кіраўніка “Міхалішак” – гаспадаркі, дзе мінулай зімой закупілі 2700 тон фуражу – аб тым, што грамадская жывёла больш галадаць не будзе, рэальна стаіць 60 гектараў (10% ад запланаванага) перазалужаных сёлета сенажацей і усяго 16,9 тоны – менш за ўсё ў раёне – сабранага насення траў.


– Дзякуйце бога, што ў вас сёлета ўрадзіла кукуруза, – сказаў Анатолій Дарожка. – Калі б не яна, то мінулагодняя сітуацыя з кармамі ў Астравецкім раёне дакладна паўтарылася б.


Старшыня райвыканкама пагадзіўся з прадстаўнікамі дзяржкантролю ў тым, што мінулагодні недабор кармоў ні ў якім разе нельга спісваць адно на дажджлівае надвор’е: яно было такім не толькі на Астравеччыне, а і ў тых раёнах, дзе мы куплялі кармы. Вінаваты ў гэтым найперш уласныя недапрацоўкі.

Ігар Шалудзін даручыў перапрацаваць вынесены на разгляд райвыканкама праект рашэння: унесці ў яго ацэнку работы тых кіраўнікоў, хто і сёлета не парупіўся пра трывалую кармавую базу, і выпрацаваць канкрэтныя меры па выпраўленні становішча.


Текст: Нина Рыбик
Фото: Алена Гануліч
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений