Дэвіз варнянскіх хлебаробаў: «Не для перамогі працуем – дзеля ўраджаю!»

15:03 / 25.07.2018
Сёння на старонках АП стартуе аўтарскі праект Алены Гануліч «Адзін дзень жніва»,  прысвечаны ўборачнай кампаніі – 2018. Мы раскажам нашым чытачам пра адзін дзень з жыцця хлебаробаў, вадзіцеляў, аператараў зернесушылак і тых працаўнікоў, работа якіх, мажліва, не навідавоку – але ад якой залежыць важкасць караваю новага ўраджаю.

Найбольш папацець на ўборцы новага ўраджаю сёлета давядзецца, відаць, варнянцам; у іх самая вялікая пло­шча пад збожжавымі і зернебабовымі – 4 500 гектараў. Нагрузка на камбайн – 125 гектараў. 

IMG_3805.jpg

Некалькі дзён запар масавую ўборку стрымлівалі дажджы. З прыродай дужацца не будзеш: хлебаробы, набраўшыся цярпення, чакалі пагодлівых дзён, каб распачаць уборку. Нябёсы, відаць, пачулі іх просьбы – і змянілі гнеў на літасць: караваны тэхнікі рушылі ў поле…
Убачыць адзін дзень жніва хлебаробаў КСУП «Варняны» дапамог выконваючы абавязкі галоўнага агранома Іван Станіслававіч Дэнюш.
Папярэднюю дамову пра сустрэчу ля майстэрняў у 10 гадзін раніцы, як і выхад камбайнаў у поле, скасаваў дождж. З аграномам дамаўляюся на пасля­абедзенны час, спадзеючыся, што залева  ўсё ж скончыцца, а збажына за некалькі гадзін праветрыцца і падсохне. Так і атрымалася.
З галоўным тэхнолагам палёў сустракаемся каля трох гадзін дня – і едзем аглядаць варнянскія нівы.

IMG_3727.jpg

Выконваючы абавязкі галоўнага агранома Іван Дэнюш

– Учора вечарам разам з дырэктарам і арганомам-аграхімікам аб’язджалі ўчасткі – глядзелі, што і дзе будзем убіраць, – па дарозе расказвае Іван Станіслававіч. – Пад Чэрнішкамі такое трыцікале стаіць – люба-дорага глядзець: колас вялікі, наліты, збажына ўжо галовы схіліла – відаць, добра будзе сыпацца – пад 40 цэнтнераў з гектара. Паціраю рукі, думаю, пойдуць хлопцы з самай раніцы малаціць. Памыліўся: дождж усю ноч і раніцу ліў. Чакалі, пакуль збажына прасохне. Калі сонечна і ветрана – на гэта патрэбна дзве-тры гадзіны.

За Варнянамі, ля аб’язной да­рогі, чатыры камбайны абма­лочвалі рапс, які сёлета вельмі нізкі, прынамсі на гэтым участку. 
– У гэтым годзе рапс  нізкарослы. Яго вышыня ў сярэднім 1,25 сантыметра, тут – каля метра. І падсаду даў,  –   наракае аграном. – Гэта звязана з анамальным веснавым надвор’ем, калі за некалькі тыдняў ні кроплі дажджу не выпала. Яравыя падгарэлі – дзе зямля бяднейшая ці пясок, адразу бачна. Але, як кажуць, ёсць бог на Астравеччыне – засуха нас не так закранула, як іншыя раёны Гродзеншчыны.

На ўборцы рапсу занятыя і сямейныя экіпажы. Родныя браты Валерый і Аляксандр Юркойці на жніве працуюць разам другі год.

IMG_3751.jpg

Валерый Юркойць, камбайнер


IMG_3743.jpg

Аляксандр Юркойць, памочнік камбайнера

– На днях выйшлі ў поле, – расказвае Валерый. – Самі рыхтавалі камбайн: усё «нутро» памянялі, малацільны барабан новы паставілі. Дасць бог, адпрацуем без паломак. 
Цікаўлюся ў братоў, з якімі думкамі і спадзяваннямі яны распачынаюць сёлетняе жніво.
– Хочацца, каб пагода была, каб тэхніка не ламалася, –  дзеліцца Аляксандр Юркойць. – А мы сваю справу зробім! 
З поля да зернесушылкі рапс адвозілі некалькі машын.

 – Як працуецца? кідаю ў бок купкі мужчын.
– Не клімаціць! – у адзін голас адказваюць вадзіцелі.


– Самі бачыце: пагоды няма, –  гаворыць Часлаў Бумбуль, які за абаранкам аўтамабіля ГАЗ-53 ездзіць 30 (!) сезон. –  Сонейка б нам у памочнікі – і работа спорылася б. 
Жадаю хлебаробам пагодных дзён – і разам з аграномам выпраўляемся на іншы ўчастак, дзе абмалочвалі трыцікале.

– Сёлета супалі тэрміны ўборкі і другога ўкосу. На корманарыхтоўцы хлопцы да 9 гадзін вечара працуюць: трэба  назапасіць на зіму кармоў пад патрэбу. Ці атрымаецца? – перапытвае Іван Станіслававіч. – Спадзяюся… Травы першага ўкосу слабыя, усе спадзяванні на кукурузу: яна да восені яшчэ падцягнецца. 1 150 гектараў яе пасеялі на сілас, 100 гектараў – на зерне. Паглядзіце, якая вымахала! З гэтага ўчастка ў 200 гектараў заложым сянажныя траншэі ў Варнянах і Кярнянах. Ёй і азоту хапае, і прапалолі своечасова. Радуе, што сёлета з унясеннем азоту ўгадалі – ён вільгаць утрымлівае.

Своечасова патрэбную порцыю «мінералкі» атрымала і трыцікале, якое ўбіралі некалькі камбайнаў.
– Галоўнае, каб палегліцы не было: тады ў тры разы марудней працуецца, – дзеліцца камбайнер Юрый Мажэйка. – Паглядзіце: здаецца, і збажына невысокая, колас – вялікі!  Азімыя няблага будуць сыпацца, яравыя – слабей… 
Не для перамогі працуем – дзеля ўраджаю. Па сутнасці, ва ўсіх нас сёлета такі дэвіз.

IMG_3775.jpg

Адзін з самых вопытных варнянскіх камбайнераў – Юрый Мажэйка


IMG_3806.jpg

Для Алега Гражуля сёлетняе жніво – першае


IMG_3766.jpg

Камбайнер Браніслаў Сідаровіч адчапляе жатку


IMG_3763.jpg

Падчас сёлетняга жніва  Павел Гасперскі «змяніў» прафесію вадзіцеля малакавоза на «пажарнага»

IMG_3757.jpg

Эдуард Вярбовіч не першы сезон возіць збожжа


IMG_3722.jpg

Сёлетняе жніво ў якасці камбайнера для Ігара Зуева першае. Раней быў толькі памочнікам


IMG_3736.jpg

Бацька і сын Казімір і Уладзіслаў Млынкоўскія не першы год разам убіраюць ураджай




Текст:
Фото: Алена Гануліч