В совхозе "Подольский" выращивают лён

11:00 / 29.04.2014
Лён – адзін з сімвалаў Беларусі. І таму, што спрадвеку апранаў чалавека, атуляў яго ад холаду і спёкі. І таму, што карміў і лячыў яго сваім цудатворным алеем. А яшчэ таму, што наўрад ці знойдзецца ў прыродзе (прынамсі, у прыродзе нашай краіны) штосьці больш кранальнае, чым квітнеючае поле ільну – нібы неба ўпала і разбілася на мірыяды блакітных вочак…





Але адна справа – любавацца ільном, і зусім іншая – яго вырошчваць. Працэнт папулярнасці гэтай культуры ў земляробаў блізкі да нуля – ад яго, як ад пракажонага, спяшаюцца адхрысціцца. І не дзіва: рэнтабельнасць вырошчвання блакітнавокага ў апошнія нават не гады – дзесяцігоддзі, з мінусам.
У 2014 годзе вырошчваць лён згадзілася ў раёне толькі адна гаспадарка – саўгас “Падольскі”. І не проста згадзілася, а павялічыла пасяўную плошчу гэтай культуры адразу ўдвая: з мінулагодніх 150 гектараў да сёлетніх 300.
Галоўны аграном саўгаса Раман Эдмундавіч Лапата – самы вопытны з тэхнолагаў раённых палёў. Стаж яго працы ўжо перавысіў 30 гадоў. А гэта значыць, што і вырошчваннем лёну ён займаецца таксама больш за тры дзесяцігоддзі. Раману Эдмундавічу, такім чынам, і карты (тэхналагічныя, вядома) у рукі.
– Гаспадаркі раёна перайшлі на вырошчванне цукровых буракоў, – гаворыць Р.Э. Лапата. – У эканамічным сэнсе гэта бяспройгрышная культура. Прасцей было б і нам ёй заняцца – але нехта ж павінен вырошчваць і лён: льняная тканіна – самая экалагічная ў свеце, а набор карысных рэчываў у яго алеі ўніверсальна лекавы. У той час як цукровыя буракі – сыравіна для так званай “салодкай” смерці.
Выдаючы (з палёгкай!) “Падольцам” карт-бланш на вырошчванне лёну, гаспадаркі раёна перадалі саўгасу і патрэбную для гэтага тэхніку.
– Нам перадалі дзве сеялкі і сёе-тое з уборачнай тэхнікі, – кажа Раман Эдмундавіч. – Аднак нельга сказаць, што цяпер мы ўкамплектаваны “пад завязку”. Патрэбна варушылка і ўспушвацель для догляду за трастой. І хаця б два прэс-падборшчыкі. Існуе праблема з льноўборачнымі камбайнамі. У саўгасе ёсць два, але яны выраблены яшчэ ў савецкія часы – даўно састарэлі маральна і фізічна. Ёсць яшчэ адзін, практычна новы, але ён не ачэсвае галоўкі, і льносемя траціцца ўпустую.
Саўгас не можа дазволіць сабе падобныя страты, асабліва цяпер, калі пачаў займацца вырошчваннем алейнага лёну.
– Упершыню мы ўзяліся за яго ў мінулым годзе, – працягвае аграном. – Вырошчвалі германскі сорт “лерына”. І хаця з-за спаспешлівасці пры сяўбе быў дапушчаны шэраг промахаў, што справакавала зніжэнне ўраджайнасці, усё ж рэнтабельнасць алейнага лёну аказалася плюсавой, што само па сабе ўжо добры вынік.



Але чаму ж лён – культура, якой беларусы займаюцца спрадвеку, – раптам трапіў у аўтсайдэры сельскагаспадарчых культур?
– Прычын – цэлы ланцужок, – адказвае тэхнолаг палёў. – Першая і галоўная з іх – эканамічная неадпаведнасць вырошчвання лёну, “закручаная” на яго нізкай закупачнай цане. Слабая перапрацоўчая і тэхналагічная здольнасць льнозаводаў, абсталяванне якіх сёння знаходзіцца ў стадыі паступовага пераўзбраення. І агуль-нае падзенне зацікаўленасці ў льносыравіне – думаю, гэтая праблема самая галоўная… Канешне, цана на лён у першую чаргу залежыць ад яго нумарнасці. Яшчэ ў 70-ыя гады сярэдняя нумарнасць валакна вагалася ў межах 1,2 – 1,5. Сёння цяжка дацягнуцца і да “адзінкі”…
– Корань падзення якасці валакна, думаю, у механізацыі яго ўборкі, – разважае Раман Эдмундавіч. – У тыя ж 70-ыя ўздымалі яго ўручную, перабіралі сцябло да сцябла… Канешне, тэхналогіі мяняюцца, і свет рашуча адмаўляецца ад ручной працы. Толькі ёй на змену павінна прыйсці адпаведная тэхніка, якая не зніжала б якасць сыравіны. Пакуль жа агрэгаты, якімі мы падымаем лён, пакідаюць жадаць лепшага.
Але ж не тэхнікай адзінай!



– Безумоўна, – згаджаецца аграном. – Тэхналогія вырошчвання лёну мае свае асаблівасці. Да прыкладу, ён любіць больш звязаныя глебы: супесі, якія падсцілаюцца суглінкамі, і суглінкі. У нас жа ў асноўным лёгкія супесі. Таму вельмі старанна падыходзім да падбору ўчасткаў, на якіх будзе расці “блакітнавокі”. Зноў жа тэрмін яго сяўбы не павінен расцягвацца больш, чым на месяц. Да таго ж трэба вельмі акуратна працаваць з угнаеннямі. Калій мы ўнеслі з восені пад ворыва. Перад сяўбой уносім амафос з наборам спецыяльных мікраугнаенняў з такім разлікам, што на гектар трапляе 10-15 кілаграмаў дзеючага рэчыва азоту. Менавіта з гэтым элементам пры вырошчванні лёну трэба працаваць ювелірна: не дадай – не атрымаеш ураджаю, перадай – не атрымаеш якасці… Таму стараемся эксперыментаваць: сёлета дадатковую колькасць азоту збіраемся ўнесці ў выглядзе КАСу, разбаўленага вадой, – да 30 кілаграмаў фізічнай вагі на гектар.
– З 2014 года стартавала рэспубліканская праграма “Лён”, у адпаведнасці з якой льносеючым гаспадаркам выдзяляюцца сродкі на набыццё якаснага насення і эфектыўных пестыцыдаў. Тэрмін сяўбы, лічу, мы вытрымалі аптымальны. Вось атрымалася б яшчэ з набыццём тэхнікі – і справа скранулася б з месца, – гаворыць Раман Эдмундавіч.
І крыху памаўчаўшы, дадае:
– Можа, усё ж і мы будзем насіць нарэшце ільняныя кашулі?..


--------------------------------------
Тэкст і фота Ганны ЧАКУР.