В сельских хозяйствах района продолжаются посевные работы

17:00 / 16.04.2014

Пашчасціла земляробам з сёлетняй вясной! Цяпла асаблівага на вуліцы, канешне, не назіраецца, і травы “адпіваюцца” пасля зімоўкі марудна і пакутліва, затое з правядзеннем пасяўной – ніякіх загваздак: як выйшлі ў поле ў апошняй дэкадзе мая, так і працавалі амаль без перапынку.


У выніку па стану на 15 красавіка ў гаспадарках раёна пасеяна 10569 гектараў азімых збожжавых і зернебабовых культур, што складае 92 працэнты да запланаванага. Па сутнасці, у глебу пакуль не патрапіла толькі насенне цеплалюбівых кукурузы, грэчкі і проса – зярняткі ўсіх астатніх культур ужо спрабуюць прабіцца скрозь зямлю да сонца. Узначальвае раённы “табель рангаў” СВК “Гудагай”, у якім пасеяна 95 працэнтаў яравых збожжавых і зернебабовых, замыкае – саўгас “Падольскі” (87 працэнтаў).
Калі разглядаць пасяўную ў “асобах”, то найбольшая плошча ў ячменю – па раёне яна складае 5046 гектараў. На долю яравой пшаніцы прыпадаюць 2947 гектараў, аўса – 1225, зернебабовых – 1268 гектараў.
Але не збожжам адзіным жывуць сейбіты Астравеччыны. На павестцы дня цукровыя буракі. У высокай акупнасці гэтай тэхнічнай культуры паспелі ўпэўніцца ўсе. Нездарма плошча вырошчвання “цукровікаў” узрасла сёлета на 200 гектараў – да цукраводаў раёна далучыліся ў 2014 годзе і земляробы СВК “Варняны”.
Дарэчы, сяўба гэтай “стратэгічнай” культуры ўжо распачалася: засеяны 341 гектар (31 працэнт плана). Лідзіруюць тут цукраводы СВК “Міхалішкі”, якія высеялі 140 гектараў караняплодаў, іх калегі з СВК “Гервяты” – 119, з СВК “Гудагай” – 82 гектары. Варнянцы да сяўбы цукровых буракоў пакуль не прыступалі.
Яшчэ адной “культурай дня” стаў на сённяшні дзень яравы рапс, план сяўбы якога складае 328 гектараў. Па даных дыспетчарскай райсельгасхарчу, па стану на 15 красавіка крыжакветкавы пасеяны на плошчы 49 гектараў (15 працэнтаў).
Пакуль яравыя сеюцца, азімыя ўжо – у фазе актыўнага кушчэння. І догляд за імі набірае абароты: не паспела завяршыцца першая падкормка мінеральнымі ўгнаеннямі, як распачалася другая, якую атрымалі 2983 гектары азімых культур (37 працэнтаў) і 222 гектары азімага рапсу.
Шматгадовыя травы падкормлены на плошчы 2658 гектараў (47 працэнтаў), сенакосы і паша – на 4653 гектараў (35 працэнтаў).
План перазалужэння лугапашавых угоддзяў складае сёлета 3170 гектараў, пакуль яно праведзена на 954-ох.
Шматгадовыя травы падсеяны на плошчы 2194 гектары (78 працэнтаў).


Францішка КРАСКО.