Животноводы фермы "Ворняны" раскрыли секреты прироста надоев молока

08:00 / 01.04.2014
Трыццаці васьмі кілаграмаў малака на карову не хапіла жывёлаводам гэтай фермы, каб перакрочыць запаветны шасцітысячны рубеж – за год у сярэднім ад каровы тут атрымалі 5962 кілаграма малака.

Жывёлаводы СВК “Варняны” зацікаўлены ў пастаянным росце паказчыка таварнасці вытворчасці малака (на ферме ён складае 87,3 працэнта), таму што ў адпаведнасці з распрацаванымі ўмовамі ён аказвае ўплыў на фарміраванне заработнай платы. Так пры дасягненні таварнасці 85 працэнтаў і вышэй жывёлаводы фермы атрымліваюць 10-працэнтную надбаўку да зарплаты. Калі ж паказчык дасягае 90 працэнтаў, надбаўка “вырастае” да 20 працэнтаў.
Сёння ў сярэднім па ферме ад кожнай са 190 кароў надойваюць па 17 кілаграмаў малака ў дзень, што на 1,2 кілаграма больш, чым у 2013 годзе. І гэта адзін з лепшых паказчыкаў у раёне.
Загадчыца фермы Ірына Чаславаўна Буркевіч адным з фактараў прыросту надою лічыць аптымальнае вырашэнне арганізацыйных пытанняў вытворчасці: трохразовая дойка, падтрыманне адпаведнага мікраклімату, дакладнае выкананне распарадку дня з абавязковым і своечасовым кармленнем і выгулам жывёлы на спецыяльных пляцоўках. А другім, і як яна сама гаворыць, самым-самым вызначальным, – калектыў фермы, які складаецца з 22-х чалавек, кожны з якіх надзейны і адказны работнік. “Такіх падганяць не трэба – самі бачаць фронт работ”, – гаворыць Ірына Чаславаўна.
Таму, адзначым, і парадак на ферме, і надоі растуць. А яшчэ павялічваецца тэрмін выкарыстання кароў – некаторых, самых прадуктыўных кароў утрымліваюць на ферме “Варняны” па 7-8 лактацый. Гэта пры тым, што на сучасных комплексах карову выкарыстоўваюць на працягу 3-4 лактацый…
– Яшчэ адзін складальнік добрых надояў – нармальная забяспечанасць кармамі, – лічыць Ірына Чаславаўна. – Хапае і сіласу, і сенажу. Праўда, калі высокая якасць першага сумненняў не выклікае, то да якасці другога пэўныя прэтэнзіі ўсё ж ёсць. Што тычыцца канцэнтраваных кармоў, то кожная рагуля атрымлівае іх з разліку 370 грамаў канцэнтратаў на кожны надоены літр малака.
– Не мнагавата? – перапытвае ў загадчыцы выконваючы абавязкі начальніка райсельгасхарчу В.Ч. Далговіч. – Можа, хапіла б па 300 грамаў на літр малака?
– У самы раз, – уступае ў размову старшыня праўлення гаспадаркі Аляксандр Паўлавіч Грымбоўскі. – Па сумесных разліках заатэхнікаў і эканамістаў, павінна хапіць. Тое ж тычыцца і сакавітых кармоў… Тым больш, што ў сярэдзіне мая спадзяёмся на вегетатыўную массу азімай свірэпіцы, 24 гектары якой будуць выкарыстаны на выпас (статак фермы “Беразоўка”), а яшчэ 109 патрапяць на кармавыя сталы дойнага статка ў якасці здробненай падкормкі.
– Якая сітуацыя назіраецца ў асемяненні на вашай ферме? – пытаецца Валянцін Часлававіч. – Які выхад цялят?
– З асемяненнем у нас асаблівых праблем няма, – адказвае загадчыца фермы. – А выхад цялят з разліку на 100 кароў складае 87 галоў.
– І ў гэтым вялікая заслуга нашага асемянатара Уладзіміра Уладзіміравіча Буркевіча, – дапаўняе яе старшыня. – Ветурач па адукацыі, ён займаецца не толькі штучным пакрыццём кароў, але і іх лячэннем. І падобны комплексны падыход дае добрыя вынікі.
Дарэчы, Уладзімір і Ірына – муж і жонка, так што на ферме “Варняны” дзейнічае свайго роду сямейны падрад.
Таварнасць вытворчасці малака складае тут 87,3 працэнта. Дарэчы, жывёлаводы СВК “Варняны” зацікаўлены ў пастаянным росце гэтага паказчыка, таму што ў адпаведнасці з распрацаванымі ўмовамі ён аказвае ўплыў на фарміраванне заработнай платы. Так, пры дасягненні таварнасці 85 працэнтаў і вышэй жывёлаводы фермы атрымліваюць 10-працэнтную надбаўку да зарплаты. Калі ж паказчык дасягае 90 працэнтаў, надбаўка “вырастае” да 20 працэнтаў.
Акрамя таго, існуе матэрыяльная зацікаўленасць у павышэнні якасці малака: калі 90 працэнтаў прадукцыі фермы рэалізуецца вышэйшым гатункам, зарплата жывёлаводаў павялічваецца яшчэ на 10 працэнтаў. Ясная справа, пры такой пастаноўцы пытання ўсё малако фермы рэалізоўваецца вышэйшым гатункам.
Старанны кантроль наладжаны і за працэсам раздою, вынікі якога фіксуюцца ў адпаведных дакументах, і на аналізе атрыманых даных вырашаецца далейшы лёс рагулі.
Цялят на першых этапах іх жыцця даглядаюць самі даяркі, за што таксама атрымліваюць даплату.
Даплата на даплаце… Не ўтрымліваюся і задаю адно з самых некарэктных пытанняў:
– Колькі атрымлівае даярка фермы “Варняны” за месяц?
– Памер заработнай платы залежыць ад надоенага малака… – зусім не бянтэжыцца Ірына Чаславаўна. – У сярэднім даяркі атрымліваюць ад 6 мільёнаў рублёў і вышэй…
– За добрую працу людзі павінны атрымліваць адпаведную плату, – не разумее майго здзіўлення Аляксандр Паўлавіч. – Як жа інакш? Тым больш, што ў агульнай валавой прадукцыі нашага прадпрыемства 75 працэнтаў прыпадае на прадукцыю жывёлагадоўлі.


---------------------------------
Ганна ЧАКУР, фота аўтара.