Островетчина готовится к весенне-полевым работам

15:00 / 12.03.2014
3
Пракаменціраваць сітуацыю з падрыхтоўкай да вясенне-палявых работ мы папрасілі выконваючага абавязкі начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Валянціна Часлававіча Далговіча.

– Валянцін Часлававіч, размову аб веснавых справах давайце пачнём з падвядзення зімовых вынікаў. У якім стане выйшлі з зімоўкі азімыя збожжавыя культуры і рапс?

– Ну, аб адназначным завяршэнні зімоўкі яшчэ гаварыць ранавата – метэаролагі сцвярджаюць, што тэмпература паветра ў бліжэйшай будучыні яшчэ апусціцца да мінус 10 градусаў. Але не думаю, што гэта ўсур’ёз і надоўга. Так што пэўныя вынікі ўжо можна падводзіць.
Як паказала абследаванне, азімыя збожжавыя знаходзяцца ў нармальным стане. І перасеў, які ў мінулым годзе склаў больш як дзве тысячы гектараў, нам не пагражае. Асабліва, насуперак усім тэхналагічным правілам, радуюць вока ўчасткі позніх тэрмінаў сяўбы. А вось палі, занятыя азімым рапсам, выглядаюць значна горш – адсутнасць снегу адбілася на яго стане не самым лепшым чынам. Але кропка росту жывая, так што, як толькі распачнецца вегетацыя, думаецца, рапс акрыяе. Тым больш, што пры першай магчымасці дадзім яму мінеральную падпітку…


– А ёсць чым падкарміць? Якія запасы мінеральных угнаенняў?

– Забяспечанасць мінеральнымі ўгнаеннямі пакуль складае 45 працэнтаў агульнай патрэбнасці. Калі ў лічбах, то на складах гаспадарак знаходзіцца 3,7 тысячы тон “мінералкі” ў пераліку на дзеючае рэчыва.
Паспяхова ў гэтым накірунку працуе СВК “Гудагай”, які набыў амаль 100 працэнтаў неабходнай яму колькасці ўгнаенняў. Самая небяспечная сітуацыя ў гэтым сэнсе назіраецца пакуль у СВК “Варняны”. Калі браць у цэлым па раёне, то найбольш назапашана азотных тукаў, менш – калійных, яшчэ менш – фосфарных.
На ўзроўні ўраду прынята пастанова аб выдзяленні гаспадаркам рэспублікі спецыяльнага крэдыту, з якога на наш раён прыпадае 16 мільярдаў рублёў. Пры гэтым пастаўлена канкрэтная ўмова: усе выдзеленыя грошы выкарыстаць на набыццё мінеральных угнаенняў. Праўда, пакуль крэдытныя сродкі ў раён не паступілі.


– Пры ўмове, што абяцаныя грошы паступяць у гаспадаркі, ці хопіць іх для правядзення вясенне-палявых работ у поўным аб’ёме?

– Не хопіць, канешне. Але існуюць і іншыя рычагі выпраўлення сітуацыі. Маю на ўвазе надбаўку да цаны на малако. Замест раздрабнення ўсялякага роду датацый было вырашана вярнуць “малочную” – за кожную рэалізаваную тону малака гаспадарка цяпер атрымлівае 340 тысяч даціраваных рублёў. За студзень, да прыкладу, агульнараённая сума датацыі склала 1,2 мільярда рублёў.


– Каб крыху сарыентавацца ў непрывычна высокіх лічбах, параўнайце атрыманую датацыю з іншымі даходамі гаспадарак, калі ласка.

– Напрыклад, агульная выручка ад рэалізацыі за студзень у гаспадарках раёна склала 29 мільярдаў рублёў, у тым ліку ад рэалізацыі прадуктаў жывёлагадоўлі – 26 мільярдаў.


– Цяпер давайце пяройдзем да рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі. Наколькі яна гатова да выхаду ў поле?

– Хацелася б, каб было лепш. Хаця… Гатоўнасць трактароў складае прыкладна 77-85 працэнтаў. У першую чаргу мы падрыхтоўваем энергаёмістую тэхніку кшталту “Джон Дзір” і “Беларус 30-22”, таму што сёння своечасовасць правядзення сяўбы вызначаюць менавіта яны. І ў асноўным гэтая група трактароў ужо гатова да выхаду ў поле. За выключэннем “Джон Дзіра” з СВК “Варняны”, у якога праблема з рухавіком. Горшая сітуацыя пакуль назіраецца ў падрыхтоўцы пасяўных агрэгатаў, цана на запчасткі да якіх сёння завоблачная. Непакоіць стан іх падрыхтоўкі ў СВК “Гервяты” і саўгасе “Падольскі”. Для завяршэння рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі патрэбна 3,5 мільярда рублёў. Шукаем, канешне, шляхі… Да прыкладу, частку неабходных вузлоў і дэталяў узялі з “Белаграсэрвісу” праз нашу сельгастэхніку, але пакуль пытанне з рамонтам пасяўных агрэгатаў у поўным аб’ёме не вырашана.


– А якая сітуацыя з насеннем?

– Пытанняў няма – забяспечаны насеннем пад патрэбнасць. І нават са страхавым фондам. Засталося толькі частку фуражу памяняць на элітнае насенне, але з гэтым, думаю, праблем не ўзнікне. Яравыя збожжавыя культуры будуць пасеяны якасным насеннем не ніжэй першай рэпрадукцыі.


– Якія змены адбудуцца ў структуры пасяўных плошчаў?

– Кардынальных змен не адбудзецца. СВК “Варняны” надумалі паспрабаваць сябе ў вырошчванні цукровых буракоў, таму іх плошча ў раёне вырасце на 300 гектараў. Памер раённага ільнянішча застанецца на мінулагоднім узроўні – 300 гектараў, але цяпер увесь лён будзе вырошчвацца ў адной гаспадарцы – у саўгасе “Падольскі”. Паколькі на працягу многіх гадоў гэтая культура была для земляробаў нерэнтабельнай, сёлета да цаны на прадукцыю льнаводства прадугледжаны высокія надбаўкі, але дзейнічаць яны будуць пры ўмове, што нумернасць рэалізаванага лёну будзе не ніжэй “адзінкі”. Так што для таго, каб зарабіць на даўгунцы нармальныя грошы, трэба вырасціць яго якасным.


– Адна з прычын “галаўнога болю” кіраўнікоў сельскагаспадарчых арганізацый – і кіраўніцтва раёна, безумоўна, таксама – забяспечанасць гаруча-змазачнымі матэрыяламі. Колькі іх патрэбна на правядзенне вясенне-пасяўной кампаніі? І якімі шляхамі гэтая патрэбнасць будзе рэалізавана?

– На правядзенне вясенне-палявых работ гаспадаркам раёна спатрэбіцца 1700 тон дызельнага паліва, 210 тон бензіну і 80 тон масла. У грашовым вылічэнні гэта каля двух мільярдаў рублёў. Асноўнай крыніцай для набыцця гаруча-змазачных матэрыялаў лічым абяцаны крэдыт. Часткова бензін і салярку сельскагаспадарчыя кааператывы будуць набываць за ўласныя сродкі. Сваё “плячо” падставіць, канешне, і раён – з раённага бюджэту на правядзенне сяўбы таксама будуць выдзелены сродкі.


– Вашы прагнозы на пасяўную, калі ласка.

– Хвалюемся. Зрэшты, ніводзін год не абыходзіўся без хвалявання – заўсёды чагосьці не хапае. Працуем у стане пэўнага напружання, але пасеем, я ўпэўнены, у аптымальныя тэрміны і з захаваннем тэхналагічных патрабаванняў.


– Дзякуй за размову.

----------------------------------
Гутарыла Ганна ЧАКУР
.