Островецкий район занимает третье место в области по уборке сахарной свёклы

09:00 / 20.09.2013
У цукраводаў (чытай – у земляробаў, якія займаюцца вырошчваннем цукровых буракоў) ёсць нагода парадавацца: па ўраджайнасці гэтай культуры, якая ў Астравецкім раёне складае 504 цэнтнеры з гектара, астраўчане займаюць трэцяе (!) месца ў вобласці.

Уборка “цукровікаў” сёлета пачынаецца рана. Настолькі, што старэйшыя, вопытныя людзі, бачачы “сам працэс”, з жалем канстатуюць: “Яшчэ цэлы месяц маглі б расці бурачкі. Некалі мы ўбіралі іх у сярэдзіне кастрычніка. Убіраць у першай дэкадзе верасня – свядома заніжаць ураджайнасць”…
З падобным сцвярджэннем не паспрачаешся – буракі сапраўды яшчэ маглі б спакойна набіраць вагу. Але раннія тэрміны ўборкі – не прыхамаць аграномаў. Іх правакуюць транспартныя праблемы, а дакладней, магчымасць пастаўляць на загрузачныя пункты чыгункі не больш шасці-васьмі вагонаў у суткі. Такімі тэмпамі буракі, калі б іх уборка пачыналася ў традыцыйныя тэрміны, вывозіліся б літаральна да каляднай зоркі, а можа, і дольш.
Паколькі цукровыя буракі адносяцца да так званых стратэгічных культур, іх вытворцам з боку дзяржавы аказваецца паўсюдная дапамога і падтрымка. Да прыкладу, страты на ранняй уборцы цалкам (а можа, і з плюсам?) кампенсуюцца: вага буракоў, адгружаных да 10 верасня, аўтаматычна ўзрастае на 20 працэнтаў, адгружаных з 10 да 20 верасня – на 15 працэнтаў.
…Адным з першых у нашым раёне распачаў капаць “цукровікі” СВК “Гудагай”. З 65 гектараў (агульная плошча вырошчвання буракоў – 200 гектараў) тут ужо накапана 3273 тоны караняплодаў, якія ў поўным аб’ёме дастаўлены на загрузачны пункт чыгуначнай станцыі “Гудагай”.
Дарэчы, у адрозненне ад іншых гаспадарак-цукраводаў, буракі якіх цэнтралізавана загружаюцца ў вагоны з дапамогай пагрузчыка з сельгастэхнікі, СВК “Гудагай” традыцыйна займаецца гэтым сам – будучы цукар ён адгружае з дапамогай калгаснага “Маніту”.






І за перыяд з 7 верасня на Слуцкі цукроваперапрацоўчы камбінат гудагайцы адправілі больш за 60 вагонаў цукровых буракоў.
– Тэмпы адгрузкі маглі б быць і больш высокімі, – лічыць механізатар Віктар Іванавіч Лыскойць, які працуе на “Маніту”. – Тут усё вызначаецца колькасцю пастаўляемых вагонаў – па першасці мы адгружалі па 5-6 вагонаў, а ў апошнія дні нам прадастаўляюць па восем. Гэта значыць, што мы маем магчымасць адпраўляць перапрацоўшчыку па 400 тон цукровых буракоў у суткі. Спяшаемся ўхапіць як мага больш, таму што ў адпаведнасці з распрацаваным у раёне графікам адгрузкі надыходзіць чарга іншых гаспадарак: СВК “Міхалішкі” і “Гервяты”.







------------------------------------------------
Ганна ЧАКУР, фота аўтара.