По урожаю картофеля островчане занимают четвёртое место в области

10:00 / 19.09.2013
Час скарбашукальнікаў прабіў, і на бульбянішчах, як у свой час на прасторах Кландайку, людзі не разгінаюць спін ад цямна да цямна.
Па стану на 16 верасня ў раёне бульба выкапана на 66 гектарах (33 працэнты ад агульнай колькасці). Валавы ўраджай складае 1748 тон. Сярэдняя ўраджайнасць – 265 цэнтнераў з гектара (чацвёрты паказчык у вобласці!).

Бульбяное поле СВК “Гудагай” “круглае” – раскінулася, хоць і асобнымі ўчасткамі, затое роўна на 100 гектарах. І работнікаў на ім столькі, што тры капалкі гаспадаркі ледзь паспяваюць забяспечваць “запас” – “раскідаць” столькі барознаў, каб не было прастояў “жывой сілы”.
Як расказаў намеснік старшыні вытворчага кааператыва па раслінаводству Андрэй Вайцехавіч Вінча, штодня на ўборцы “другога хлеба” ў гаспадарцы працуе ў сярэднім каля сямідзясяці чалавек – пасланцоў раённага цэнтра па працы і занятасці, прадпрыемства камунальнай гаспадаркі і Гудагайскай сярэдняй школы. А ў другой палове дня на дапамогу прыходзяць навучэнцы Астравецкай гімназіі № 1.
Ёсць і яшчэ адзін “капач” – напэўна, самы выніковы: бульбаўборачны камбайн, які за дзень убірае клубні на плошчы каля трох гектараў.
– Капач гэты сапраўды выніковы, – пагаджаецца Андрэй Вайцехавіч. – Але глебы на Астравеччыне занадта камяністыя, каб можна было яго выкарыстоўваць на поўную магутнасць. Даводзіцца падбіраць участкі, дзе менш камянёў – у сучасны момант, да прыкладу, камбайн працуе на альгінянскім бульбянішчы. А вось на лошскім полі ад цуда-тэхнікі толку было б няшмат – павышаная камяністасць глебы прадвызначае выключна ручную ўборку клубняў.
Што тычыцца набору сартоў, то верхаводзіць на гудагайскім бульбянішчы сёлета сорт “Брыз” – раннеспелы сорт з жаўтабокімі клубнямі акруглай формы і з добрымі смакавымі якасцямі. Не адмовіліся тут і ад стаўшай у апошнія гады традыцыйнай “Журавінкі”, хаця яна паступова здае свае пазіцыі новым, больш урадлівым сартам, два з якіх у СВК “Гудагай” ужо, так бы мовіць, на падыходзе (пасаджаны пакуль у невялікай колькасці – каб атрымаць пасадачны матэрыял) – гэта сарты айчыннай селекцыі “Уладар” і “Рагнеда”.
– Нямала спадзяванняў ускладаем на гэтыя сарты, – гаворыць намеснік старшыні СВК “Гудагай” па раслінаводсту А.В. Вінча. – Наогул мы, як гаспадарка, што спецыялізуецца на размнажэнні элітнага насення, лічым неабходным быць не проста ў курсе сартавой “палітыкі” рэспублікі, але і выпрабоўваць навінкі на сваіх палях. Хоць, вядома, абавязковая акуратнасць пры ўборцы, мэта якой не змяшаць сарты, захаваць іх чысціню, не можа не запавольваць тэмпы.
І тым не менш, у СВК “Гудагай” па стану на 16 верасня бульба ўжо ўбрана на плошчы 27,6 гектара. Валавы ўраджай складае 664 тоны, сярэдняя ўраджайнасць – 241 цэнтнер з гектара.






Самымі запатрабаванымі ў пік “скарбашукальніцтва” становяцца механізатары, якія працуюць на капалках. Смак падобнай папулярнасці не па словах ведаюць Іван Мечыслававіч Грамбоўскі і Мар’ян Іванавіч Адамковіч: іх працоўны дзень пачынаецца на досвітку і заканчваецца амаль у поўнай цемры. “За дзень так па барознах натрасешся, што і свет не мілы. Але няма як адмовіць людзям, – разводзяць рукамі трактарысты. – Кожны спяшаецца выбраць бульбачку як мага хутчэй. І прынараўляецца то да прыезду дзяцей, то да талакі… Не можам жа мы падвесці сваіх суседзяў – не па-людску будзе. Нічога страшнага – зімой адпачнём!”



На адвозцы “другога хлеба” задзейнічаны і транспарт раённай сельгастэхнікі – у СВК “Гудагай”, да прыкладу, гэтым займаецца вадзіцель Андрэй Садоўскі.



Славамір Браніслававіч Трусевіч – камбайнер шырокага спектру. У тым сэнсе, што на працягу года ён перасядае з корманарыхтоўчага камбайна на збожжаўборачны, а ў верасні надыходзіць час кіраваць буракаўборачным агрэгатам. І з усімі камбайнамі Славамір Браніслававіч спраўляецца выдатна.

--------------------------------------------
Ганна ЧАКУР, фота аўтара.