Большие перспективы малого бизнеса Островетчины

14:26 / 04.10.2012

Невялікі горад – сапраўдны “кландайк ” для прадпрымальнікаў, яго магчымасці сапраўды вялікія. Пачынаць тут уласны бізнес прасцей, чым у вялікіх гарадах. У першую чаргу таму, што большасць дастаткова прыбытковых галін у сферы бізнесу ў невялікіх населеных пунктах не асабліва развітыя, і “вольных ніш” для прадпрымальнага чалавека больш чым дастаткова.
Як развіваецца малы бізнес у Астравецкім раёне, якія перспектывы адкрываюцца ў прадпрымальнікаў у сувязі з будаўніцтвам Беларускай атамнай электрастанцыі, якія нішы ў бізнесе застаюцца свабоднымі – пра гэта і многае іншае мы пацікавіліся ў намесніка старшыні Астравецкага райвыканкама па эканамічных пытаннях Уладзіслава Станіслававіча Ластоўскага.


– Уладзіслаў Станіслававіч, раскажыце, як развіваецца малы бізнес у нашым раёне?


– Я б сказаў – паступова.
У Астравецкім раёне зарэгістраваны і працуюць 92 малыя камерцыйныя арганізацыі, што складае трэцюю частку ад усіх суб’ектаў гаспадарання раёна, і 309 індывідуальных прадпрымальнікаў. За бягучы год свой бізнес распачалі 36 індывідуальных прадпрымальнікаў. Акрамя таго, у раёне адкрыты 15 суб’ектаў малога прадпрымальніцтва.
Акрамя развіцця канкурэнцыі, укаранення новых тэхналогій і папаўнення рынку таварамі і паслугамі, прадпрымальніцтва здымае напружанасць на рынку працы, а таксама забяспечвае папаўненне бюджэту раёна. За 2012 год прадпрымальнікі забяспечылі на 16,6 працэнта ад агульнага паступлення ў раённы бюджэт. Гэта сярэдні паказчык сярод раёнаў вобласці. Для параўнання: у Гродне ён складае 16,5 працэнта, затое ў Смаргоні, Іўі, Ашмянах – амаль у два разы вышэйшы.


– І ў якім бізнесе ў асноўным заняты нашы прадпрымальнікі?


– Большая частка – у рознічным гандлі. Аднак у сувязі з тым, што наш горад у перспектыве будзе расці і развівацца, з’яўляецца нямала прадпрымальнікаў, занятых рамонтам і аддзелкай памяшканняў, аказаннем паслуг насельніцтву. Апошнім часам стаў папулярным і такі бізнес, як здача ў арэнду жылля камандзіраваным.


– Ці праяўляюць зацікаўленасць прадпрымальнікі да вытворчай сферы?


– Наладзіць буйную вытворчасць у невялікім гарадку не так проста, таму такіх прыватных прадпрыемстваў у нас няшмат. Але яны ёсць. Гэта “ДзяткоБуд”, фермерская гаспадарка “Астравецкая”, “Бел-ЭЛСА”, “Клёнпласт”, “Тэхнапласт”, “Верас”, “Еўрабрыкет”. Сёння дзяржава вялікую ўвагу ўдзяляе вытворчасці імпартазамяшчальнай прадукцыі. Такую прадукцыю ў нас вырабляюць на “Тэхнапласце” – гэта ўпакоўка для кандытарскіх вырабаў і харчовай прадукцыі з палістырольнай плёнкі. “Верас” выпускае тросавыя прыводы, “Еўрабрыкет” – паліўныя брыкеты з драўнінных адходаў.


– Стварэнне спрыяльных умоў для заняцця прадпрымальніцкай дзейнасцю прадугледжвае дапамогу дзелавым людзям у знаходжанні яшчэ не занятых бізнес-ніш. Якія ідэі вы можаце падаць прадпрымальнікам для адкрыцця бізнесу ў нашым раёне?


– У сувязі з будаўніцтвам Беларускай атамнай электрастанцыі і горада энергетыкаў Астравецкі райвыканкам прапаноўвае ўкладваць інвестыцыі ў развіццё сферы гандлю, абслугоўвання, сэрвісу, малых вытворчасцей, у банкаўскую сферу.
Калі гаварыць больш канкрэтна, то ў раёне не дастаткова асвоена такая сфера, як рамонт і тэхнічнае абслугоўванне аўтамабіляў. Пры тым, што колькасць насельніцтва паступова расце, а значыць, павялічваецца і колькасць машын у раёне, усе віды работ па іх рамонце ажыццяўляе толькі СТА “СтАлВіСт-аўта”.
Карысталіся б попытам у насельніцтва паслугі па рамонце складанай бытавой тэхнікі. Не лішнім было б адкрыць у горадзе прыватную фірму, якая б займалася рамонтам абутку, дзе можна было б выканаць работу любой складанасці, а не толькі элементарнае – паставіць набойку ці штосьці падклеіць. Тое самае тычыцца атэлье па пашыве і рамонце адзення.
У маленькім гарадку заўсёды будуць запатрабаваны магазіны гаспадарчых і будаўнічых матэрыялаў. Крылаты выраз, што “рамонт заўсёды можна пачаць, але ніколі нельга закончыць”, павінен усяліць упэўненасць у многіх прадпрымальнікаў, якія прыглядваюцца да гэтай бізнес-ідэі.
Кожны жыхар раёна зацікаўлены ў тым, каб дынамічна развівалася сфера аказання паслуг насельніцтву. І для таго, каб вырашыць якую-небудзь праблему – адрамантаваць кухонны камбайн ці фен, памяняць абцасы ў туфлях, пашыць сукенку ці купіць плітку для кухні – чалавеку не даводзілася б ехаць у вялікі горад.


– Дзяржава ўдзяляе значную ўвагу развіццю прадпрымальніцтва ў малых гарадах. Але многія нават не ведаюць аб дапамозе і прэферэнцыях, на якія можна разлічваць.


– Сапраўды, дзяржава праяўляе зацікаўленасць у развіцці прадпрымальніцкай дзейнасці. Сёння прадпрымальнік можа атрымаць інфармацыйную, маёмасную і фінансавую падтрымку ў мясцовых органах улады. Мы пастаянна інфармуем насельніцтва аб наяўнасці маёмасці, якая не выкарыстоўваецца ці выкарыстоўваецца не эфектыўна.
Інфармацыйную падтрымку пачынаючы прадпрымальнік можа атрымаць і ў цэнтрах падтрымкі малога прадпрымальніцтва, якіх у Гродзенскай вобласці ўжо шэсць – бліжэйшы знаходзіцца ў Смаргоні. Задача цэнтра – інфармацыйная падтрымка прадпрымальнікаў, кансультаванне па арганізацыі бізнесу, прававое і бухгалтарскае забеспячэнне. Пачынаючыя прадпрымальнікі могуць звярнуцца ў цэнтр падтрымкі малога бізнесу, дзе ім дапамогуць скласці бізнес-план, падрыхтаваць дакументы для атрымання крэдытаў, выбраць найбольш выгадную сістэму падаткаабкладання, акажуць паслугі па перакладзе, бухгалтарскія паслугі.
Грамадзяне, якія стаяць на ўліку як беспрацоўныя, могуць прэтэндаваць на незваротную субсідыю для адкрыцця свайго бізнесу ў сферы аказання паслуг насельніцтву. Ім можа быць прадстаўлена дапамога ў памеры 11 бюджэтаў пражытачнага мінімуму для займання прадпрымальніцкай дзейнасцю ў горадзе і 15 бюджэтаў пражытачнага мінімуму – у сельскай мясцовасці. На сённяшні дзень гэта складае 9,2 мільёна і 12,6 мільёна рублёў адпаведна.
Тым, хто адкрывае бізнес у малых і сярэдніх гарадах, прадастаўляюцца льготныя стаўкі падаткаабкладання, розных узносаў і плацяжоў. Да прыкладу, калі вы вырашылі заняцца бізнесам у сферы гандлю, то сума адзінага падатку для адкрыцця сваёй справы ў Мінску будзе істотна большай, чым у Астраўцы.


– Давайце ўявім канкрэтную сітуацыю: я хачу адкрыць, да прыкладу, сваё кафэ. З чаго мне пачынаць свой бізнес? Ці многа часу спатрэбіцца, каб аформіць усе дакументы?


– Спачатку вам неабходна зарэгістраваць сваю фірму. Сёння гэта працэдура спрошчана – рэгістрацыя праводзіцца за адзін дзень. Індывідуальным прадпрымальнікам неабходна заплаціць паўбазавай велічыні (50 тысяч рублёў), а юрыдычным асобам – пяць базавых (500 тысяч рублёў). Але юрыдычным асобам трэба сабраць большы пакет дакументаў.
Затым трэба знайсці памяшканне – сёння ў Астраўцы гэта не такая простая задача. Дастаткова сказаць, што ў першым і другім мікрараёнах зямельныя ўчасткі, прызначаныя для размяшчэння аб’ектаў гандлю і сферы бізнесу, амаль усе ўжо выкуплены. Яшчэ адзін варыянт – купіць зямельны ўчастак, які не выкарыстоўваецца, на аўкцыёне і пабудаваць там тое ж кафэ.
Калі гэта будзе дзіцячае кафэ, то дастаткова ўзгадніць рэжым работы з райвыканкамам. Калі ж вы плануеце там прадаваць спіртныя напоі і тытунёвыя вырабы, то трэба будзе атрымаць ліцэнзію.
Ну а затым – наймаеце персанал, купляеце мэблю, абсталяванне – і можаце працаваць.
Калі ж гаварыць пра час, які патрабуецца для адкрыцця сваёй справы, то магу сказаць, што на дзяржаўным узроўні створаны ўсе ўмовы для заняцця прадпрымальніцкай дзейнасцю. Таму сёння ўсё залежыць хутчэй ад самога чалавека. У нас ёсць прадпрымальнікі, якія адкрываюць свой бізнес за пару дзён і пачынаюць працаваць, а ёсць і такія, якім і некалькіх месяцаў не хапае. Ваша актыўнасць, ініцыятыўнасць і кемлівасць – вось складальнікі поспеху.


-------------------------------------------
Гутарыла Вольга ШОЎКУН.