Гервятские консервы европейского качества

05:30 / 13.09.2012
5

Сапраўдную вартасць любога пачынання дакладна вызначыць здольны хіба што час – калі і праз дзесяць гадоў распачатае працягвае жыць і выклікаць цікавасць, значыць, выбар зроблены правільна.


Першую партыю мясных кансерваў мясаперапрацоўчы цэх СВК “Гервяты” выпусціў у 1994 годзе. За 18 гадоў - пры ўмове, што ў месяц тут вырабляецца ў сярэднім каля 30 тысяч бляшанак – на ўмоўны стол спажыўца паступіла 540 тысяч бляшанак.
Гервятцы выпускаюць шэсць відаў кансерваў: “Ялавічына тушаная вышэйшага гатунку”, “Ялавічына тушаная І гатунку”, “Свініна”, “Каніна”, “Ялавічына рубленая”, “Каша з пярловай крупы з ялавічынай” (крупы, зазначым, свае, гервяцкія – зроблены ў мукамольным цэху гаспадаркі).
– Гатунак кансервы вызначае мяса, з якога яна зроблена, – гаворыць начальнік мясаперапрацоўчага цэха Валянцін Пятровіч Кулеўскі. – Для вырабу вышэйшага гатунку выкарыстоўваецца ялавічына вышэйшай укормленасці, для першага – першай і другой ступені ўкормленасці. З мяса худой жывёлы мы робім “Ялавічыну рубленую”. Што тычыцца “Свініны”, то ў адпаведнасці з рэцэптурай, закладка свініны ў бляшанку складае 93 працэнты ад агульнай масы змесціва.
Каніна, як высветлілася, – самы дарагі від кансерваў з гервяцкай лінейкі. Таму што дыетычны, цалкам без тлушчу і, на думку гурманаў, вельмі смачны. Прынамсі, заказы на “Каніну” распісаны на квартал наперад.
А наогул продаж кансерваў адбываецца праз сетку магазінаў вобласці – СВК “Гервяты” заключыў двухбаковавыгадны кантракт з 62 крамамі Гродзеншчыны. А яшчэ гаспадарка актыўна выкарыстоўвае кансервы ў бартэрных здзелках – многія патрэбныя рэчы набываюцца з дапамогай прадукцыі мясаперапрацоўчага цэха.
Акрамя гатовага прадукта, мясаперапрацоўчы цэх СВК “Гервяты” пастаўляе ў гандлёвыя кропкі паўфабрыкаты. Па-першае, фаршы: свіна-ялавічны (30:70) і цалкам з ялавічыны (гэты ў пакупнікоў карыстаецца асаблівай папулярнасцю). А па-другое, мяса: ялавічына бескасцёвая, ялавічына філейная, рэбры ялавічныя, свіная разрубка, кумпяк, субпрадукты.
Асаблівы гонар у работнікаў перапрацоўчага цэха выклікае безадходнасць іх вытворчасці – сухажыллі, страўнікі і іншыя нетаварныя часткі яны прасуюць у дваццацікілаграмовыя пакеты і рэалізоўваюць зверагаспадаркам. Продаж адных толькі адходаў у месяц дае 10 мільёнаў рублёў выручкі.
У сучасны момант у мясаперапрацоўчым цэху СВК “Гервяты” заканчваюцца рамонтныя работы – хутка сюды прыбудуць спецыялісты стандартных службаў, якія правераць адпаведнасць абсталявання і работы цэха. У выпадку, калі стан спраў іх задаволіць, цэху будзе выдадзены сэртыфікат НАССР, дзякуючы якому СВК “Гервяты” зможа пастаўляць свае тавары непасрэдна на рынак Расіі, краін Еўрасаюза і інш. Вось тады мэтазгодным будзе пашырыць вытворчасць кансерваў.
А пакуль у планах гаспадаркі адкрыць свой магазін у Астраўцы. Першыя два ўжо плённа і прыбыткова працуюць у Гервятах і Дайлідках. Крама ў райцэнтры па разліках таксама абяцае стаць прыбытковай. Тым больш, што ў ёй можна будзе прадаваць не толькі кансервы, але і пярловую крупу, пшанічную муку вышэйшага і першага гатунку, якія выпускаюцца ў мукамольным цэху кааператыва.
Можна пастаўляць і гародніну, і рассыпчатую бульбачку – гервяцкая прадукцыя ў гараджан карыстаецца асаблівым попытам.


---------------------------------------------
Ганна ЧАКУР, фота аўтара.