Новая молочная ферма в Островецком районе

14:00 / 19.07.2012

Прыход новага не можа не трывожыць. Вось і Генавэфа Станіславаўна Харкевіч, якая працуе загадчыцай на ферме “Газа” СВК “Варняны” больш за 28 гадоў, “на зубок” ведае ўсе таямніцы жывёлагадоўчага рамяства, а тым больш – кожны найменшы закуток даручанай ёй фермы, і кожнага з работнікаў, якія тут працуюць, не можа не хвалявацца, гледзячы, як гэтыя самыя, знаёмыя, як свае пяць пальцаў, “закуткі” ператвараюцца ў сучасныя памяшканні будучага малочна-таварнага комплексу.


– На нашай ферме, – расказвае загадчыца, – адбываецца грандыёзная рэканструкцыя. Да канца года ў дзеянне будуць уведзены камп’ютарызаваная даільная зала, новыя памяшканні для ўтрымання кароў са “спальнымі” месцамі для кожнай з іх, з сучаснымі сістэмамі гноевыдалення і водапаення. Малочнае абсталяванне таксама будзе заменена на больш эфектыўнае. Пагалоўе малочнага статка павялічыцца ў два разы – комплекс разлічаны на ўтрыманне 400 кароў. А калектыў даярак наадварот давядзецца скараціць.


– Канешне, хвалюемся, – прызнаецца Генавэфа Станіславаўна. – З камп’ютарамі да гэтага часу працаваць нам не даводзілася. Разумеем, канешне, што не богі апальваюць гаршкі – навучыліся іншыя даяркі раёна, навучымся і мы. Але пэўная ступень неспакою ўсё ж прысутнічае. Толькі, калі дойдзе да справы, з хваляваннем, думаю, справімся…


І яшчэ адна нязвыкласць “стукаецца” ў дзверы фермы “Газа”. На працягу апошніх пяці гадоў яе малочны статак, які ўтрымліваецца па метадзе “шведскага стала”, атрымліваў круглы год так званы аднатыпны корм, у склад якога ўваходзілі сянаж, сілас і канцэнтраты. А цяпер, у сувязі з неабходнасцю вызваліць памяшканні для правядзення  рэканструкцыі, прынята рашэнне выгнаць кароў на пашу.


– Рашэнне было прынята, а пашы не аказалася, – разводзіць рукамі загадчыца фермы. – Пры пераводзе пагалоўя фермы на аднатыпнае кармленне неабходнасць у пашы адпала сама сабой, і кармавыя ўгоддзі былі ўведзены ў севазварот. Але няма невырашальных сітуацый – частку былой пашы вывелі з севазвароту і на ёй пасеялі спецыяльныя травы, якія літаральна за сорак дзён дараслі да фазы, з якой можна пачынаць іх страўленне. Выпас будзем пачынаць дазіравана. Каровы адвыклі ад пасьбы, таму спачатку мы выганім іх літаральна на 1,5-2 гадзіны. Але з кожным днём працягласць знаходжання на пашы будзе ўзрастаць. Да добрага хутка прывыкаюць і людзі, і жывёла – думаю, за тыдзень-паўтара нашы рагулі будуць хрумсцець свежай траўкай як ні ў чым не бывала.


Што, канешне ж, самым станоўчым чынам адаб’ецца на памеры надояў. Сёння ферма “Газа” ў сярэднім на карову надойвае па 15,6 кілаграма малака. Вынік, канешне, не з рэкордных, але прыбаўка… Аказваецца, у параўнанні з мінулым годам сярэднясутачны надой вырас ажно на тры кілаграмы малака. А гэта ўжо салідна!


Тэкст і фота Ганны ЧАКУР.