Што можна паспець зрабіць да 1 красавіка, каб сэканоміць грошы?

08:05 / 13.02.2012

1 красавіка 2012 года ўступае ў сілу Пастанова Савета Міністраў РБ ад 30.12.2011г. №1785 «Аб устанаўленні памеру базавай велічыні» – і гэта зусім не першакрасавіцкі жарт.  Па стану на сённяшні дзень базавая велічыня складае 35 000 рублёў, з 01.04.2012 г. яна павялічыцца да 100 000 рублёў.









Што можна паспець зрабіць да  1-га красавіка, каб сэканоміць грошы?

*Можна памяняць пашпарт, калі тэрмін яго дзеяння заканчваецца (зараз гэта працэдура каштуе 17500, будзе – 50 тысяч рублёў).
*Узяць у ЗАГСе дублікаты дакументаў (калі нешта – пасведчанне аб нараджэнні, шлюбе ці смерці вы страцілі). Сёння дублікат каштуе 35 тысяч беларускіх рублёў, з 1 красавіка такое задавальненне абыдзецца ўжо ў 100 тысяч;
*Аформіць дакументы ў натарыуса. Напрыклад, афармленне дагавора дарэння кватэры або машыны сваяку – зараз за гэта трэба заплаціць 70 тысяч, а праз два месяцы – ужо 200 тысяч. Калі ж вы збіраецеся нешта падарыць не родзічу, а чужому чалавеку, то натарыяльна засведчыць такі дагавор дарэння будзе каштаваць вам 500 тысяч рублёў.
*Паўторная выдача копій судовага рашэння, прысуду, вызначэння і пастановы суда сёння каштуе 35 тысяч рублёў, будзе – 100 тысяч рублёў.
*У застаўшыся час можна зарэгістраваць нерухомасць або прывесці дакументы ў адпаведнасць. Да прыкладу, пацвярджэнне дагавору продажу, дарэння, арэнды... нерухомасці сёння абыдзецца ад 70 да 140 тысяч. Пасля 1 красавіка – ад 200 да 400 тысяч рублёў.
*Выдача замежнаму грамадзяніну дакумента аб запрашэнні ў Рэспубліку Беларусь сёння абыходзіцца 105 тысяч рублёў, а з 1 красавіка будзе каштаваць 300 тысяч.
*Дзяржаўная рэгістрацыя камерцыйных арганізацый цяпер каштуе 175 тысяч рублёў, з 1 красавіка яна павялічыцца да 500 тысяч.


Акрамя вышэйпералічанага, ёсць яшчэ шэраг плацяжоў, якія «прывязваюцца» да памеру базавай велічыні. Але тым не менш усё трэба рабіць з розумам і своечасова, не варта назапашваць дакументы “на потым, можа, спатрэбяцца” – хоць бы таму, што асобныя з іх сапраўдныя толькі пэўны час і пасля яго заканчэння страчваюць сваю сілу. І тым не менш, пакуль ёсць час, падумайце, на чым можна сэканоміць – асабліва калі ведаеце, якія паперы пара прывесці ў парадак або замяніць на новыя.