Недастача... Ці як не аказацца без зарплаты?

13:31 / 29.03.2011
7599
1

У Смаргонскую міжраённую інспекцыю працы звярнулася прадавец, якая расказала, што ў ходзе праведзенай у магазіне інвентарызацыі ўстаноўлена недастача ў памеры 19 мільёнаў рублёў. Суму недастачы наймальнік вырашыў падзяліць паміж трыма прадаўцамі і ўтрымліваць яе з зарплаты работнікаў да поўнага пагашэння. Так, з зарплаты прадаўца наймальнік на працягу некалькіх месяцаў утрымлівае недастачу ў памеры 6 мільёнаў 330 рублёў. Пры сярэдняй зарплаце 600 тысяч рублёў у прадаўца ўтрымліваецца недастача такім чынам, што да выдачы вось ужо каторы месяц ёй нічога не застаецца.
Прадавец пацікавілася ў дзяржаўнага інспектара працы: ці законна паступае наймальнік?


Падобныя пытанні – адны з найбольш распаўсюджаных, іх часта задаюць грамадзяне як на асабістым прыёме, так і ў пісьмовых зваротах.
На падставе артыкула 400 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь работнік можа быць прыцягнуты да матэрыяльнай адказнасці пры адначасовай наяўнасці наступных умоў:
- урону, прычыненага наймальніку пры выкананні працоўных абавязкаў;
- проціпраўнасці паводзінаў работніка (паводзінаў, пры якіх ён не выконвае ці не належным чынам выконвае працоўныя абавязкі, ускладзеныя на яго працоўным дагаворам);
- прамой прычыннай сувязі паміж проціпраўнымі паводзінамі работніка і ўзнікненнем у наймальніка ўрону;
-віны работніка ў прычыненні ўрону.
З улікам гэтых умоў і ў мэтах выканання артыкула 408 Працоўнага кодэкса наймальнік мае права ўтрымаць матэрыяльны ўрон (у нашым выпадку – недастачы) з зарплаты работніка пры выкананні наступных умоў:
1. Прычынены наймальніку ўрон не павінен перавышаць сярэднямесячны заработак работніка (п.3 ч.2 арт.107 Працоўнага кодэкса). Значыць, калі сума недастачы (6 330 000) перавышае сярэднямесячны заробак работніка, наймальнік не мае права нават з пісьмовай згоды работніка ўтрымліваць матэрыяльны ўрон з зарплаты;
2. Да выдання загаду аб утрыманні з зарплаты ад работніка трэба запатрабаваць пісьмовае тлумачэнне;
3. Загад аб утрыманні з зарплаты матэрыяльнага ўрону павінен быць выдадзены не пазней, чым за два тыдні з дня выяўлення прычыненага работнікам урону;
4. Утрыманне ўрону павінна быць прынята да выканання не раней, чым праз 10 дзён са дня азнаямлення работніка з загадам аб утрыманні;
5. Работнік павінен быць згодзен з утрыманнем з зарплаты і з памерам выліку;
6. Памер штомесячнага ўтрымання з зарплаты ўрону разам з іншымі ўтрыманнямі не павінен перавышаць 20 працэнтаў налічанай зарплаты (арт. 108 Працоўнага кодэкса) – гэта значыць, што нават пры наяўнасці пісьмовай заявы работніка аб згодзе на ўтрыманне недастачы з усёй налічанай зарплаты наймальнік не мае права парушыць гэтае патрабаванне;
7. Наймальнік не мае права ўтрымліваць матэрыяльны ўрон з прадугледжаных заканадаўствам сум выхадной дапамогі, кампенсацыйных і іншых выплат, на якія не распаўсюджваецца спагнанне (арт.109 Працоўнага кодэкса).
У астатніх выпадках пакрыццё матэрыяльнага ўрону робіцца наймальнікам у судовым парадку. Пры гэтым згодна з ч.2 арт. 242 Працоўнага кодэкса для звароту наймальніка ў суд па пытаннях спагнання матэрыяльнага ўрону, прычыненага яму работнікам, устанаўліваецца тэрмін у адзін год са дня выяўлення ўрону.
Работнікам, якія трапілі ў такую сітуацыю, хочацца паведаміць, што пры парушэнні наймальнікам парадку ўтрымання матэрыяльнага ўрону з іх зарплаты ім трэба з заявай аб вяртанні незаконна ўтрыманых сум звярнуцца ў органы па разгляду працоўных спрэчак (камісію па працоўных спрэчках, у суд) на працягу трох месяцаў з дня, калі яны даведаліся ці павінны былі даведацца аб парушэнні сваіх правоў. Пры разглядзе індывідуальных працоўных спрэчак работнікі вызваляюцца ад выплаты судовых расходаў.
У дапаўненне нагадаем, што згодна з артыкулам 400 працоўнага кодэкса наймальнік абавязаны стварыць работнікам умовы, неабходныя для нармальнай работы і забеспячэння захаванасці давераных каштоўнасцей.


Святлана ШАТОХІНА,галоўны дзяржаўны інспектар працы Смаргонскай міжраённай інспекцыі працы.

Комментарии
0
Гость
итог - лучше воровать побольше, ведь платить будешь копейки......
Имя Цитировать 0
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений