Дзень спажыўца: за сумленныя фінансавыя паслугі

15:01 / 15.03.2011
7537

Дзень спажыўца ўпершыню адзначылі ў 1983 годзе – праз 20 гадоў пасля выступлення прэзідэнта ЗША Джона Ф. Кенэдзі, калі ён сфармуліраваў асноўныя правы кожнага спажыўца. Як і ва ўсім свеце, у Беларусі гэты дзень адзначаецца 15 сакавіка на дзяржаўным узроўні. Такое рашэнне было прынята ў 2000 годзе Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.



З нагоды Дня спажыўца мы вырашылі пагутарыць з галоўным спецыялістам аддзела эканомікі Астравецкага райвыканкама Вольгай Раманаўнай СЯЛЮК, якая ветліва згадзілася адказаць на пытанні, якія хвалююць кожнага з нас, таму што ўсе мы – пастаянныя спажыўцы тавараў і паслуг.

– Вольга Раманаўна, нагадайце, калі ласка, якія правы ёсць у спажыўца?
– Кожны спажывец мае права на асвету ў галіне абароны правоў спажыўца, на дакладную інфармацыю аб таварах і вытворцах, на свабодны выбар тавараў і паслуг, на іх належную якасць. А ў выпадку пакупкі няякаснай прадукцыі – на кампенсаванне ў поўным аб’ёме страт, шкоды, у тым ліку маральнага ўрону, і на дзяржаўную абарону сваіх правоў.
– Куды павінен звярнуцца чалавек, калі ён купіў няякасны тавар?
– Спачатку спажывец можа звярнуцца ў магазін, дзе тавар быў набыты. Калі ж прадавец адмаўляецца абмяняць ці адрамантаваць тавар, то трэба звярнуцца ў службу “Адно акно” да ўпаўнаважанай па пытаннях абароны правоў спажыўцоў на тэрыторыі нашага раёна Фаіны Мікалаеўны Блашкевіч. Вы можаце напісаць заяву ці расказаць у вуснай форме аб вашай праблеме.
– І ў які тэрмін скарга павінна быць разгледжана?
– На працягу двух тыдняў. Калі ж справа складаная і патрабуе ўдакладнення якіх-небудзь звестак – то на працягу месяца.
–  З якімі праблемамі звяртаюцца часцей за ўсё жыхары раёна?
– У асноўным – гэта праблема набыцця няякаснай прадукцыі. За 2010 год да нас са скаргамі звярнулася 9 чалавек, за першыя месяцы бягучага года – 4 пакупнікі. У мінулым годзе нараканні тычыліся набыцця бракаванага абутку, няякасных гадзінніка, газавай пліты, рыбалоўнай шпулі, пілы. Яшчэ адна скарга тычылася няякаснай перацяжкі мяккага кутка ў ІП І.А. Гурэевай – людзі заплацілі грошы прадпрымальніку, але дагавор не быў заключаны і чэк не выдадзены. У выніку  справа зацягнулася і зараз перададзена ў суд.
У гэтым годзе тры скаргі былі звязаны з набыццём бракаваных тэлефонаў, і адна – з няякасным рамонтам штаноў.
– Як знаходзіце выйсце з такіх сітуацый?
– Усе справы стараемся вырашыць цывілізаваным шляхам. Так, тэлефоны былі адрамантаваны, няякасныя красоўкі і туфлі  заменены на новыя. Адрамантавалі і газавую пліту. Пакупніку, які быццам бы купіў рыбалоўную шпулю на рынку больш года назад, пры гэтым чэка ў яго не было,  растлумачылі, што без доказаў гэта скарга не можа быць задаволена. Далі растлумачэнне і па справе набыцця адным суседам у іншага няякаснай пілы – зразумела, ніякіх доказаў куплі-продажу ў іх не было.
– Што трэба памятаць кожнаму спажыўцу?
– У адпаведнасці з заканадаўствам пры рэалізацыі спажыўцу тавару прадавец абавязаны выдаць касавы чэк, таму ваша права патрабаваць яго. У выпадку, калі не выкарыстоўваецца касавы апарат, патрабуйце талон формы № 20-ФС ці квітанцыю формы № КВ-1, дзе прадавец павінен напісаць назву арганізацыі, уліковы нумар плацельшчыка, найменне тавару, колькасць, цану за адзінку, суму аплаты, даты рэалізацыі.
– У выпадку адсутнасці ў спажыўца чэка, іншага дакумента, які пацвярджае факт набыцця тавару, ці мае ён права прад’явіць прадаўцу прэтэнзію па якасці тавару?
– Згодна з артыкулам 20 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб абароне правоў спажыўцоў” адсутнасць у спажыўца дакумента, што пацвярджае факт набыцця тавару, не з’яўляецца падставай для адмовы ў задавальненні яго абгрунтаваных патрабаванняў у адносінах да тавару неналежнай якасці. Такім чынам, у выпадку, калі вы зможаце прадставіць доказы набыцця тавару менавіта ў гэтага прадаўца, то вы зможаце абараніць свае правы.
– У мінулым годзе Дзень спажыўца праходзіў пад дэвізам “Якасць тавараў і паслуг – знак якасці жыцця”. Які дэвіз у гэтым годзе?
– “Спажыўцы за сумленныя фінансавыя паслугі” – такі дэвіз быў абраны ў гэтым годзе. Гэтая тэма з’яўляецца актуальнай, таму што нягледзячы на інфармаванасць грамадзян, многія парушэнні базіруюцца менавіта на элементарнай прававой і фінансавай няграматнасці людзей. І зараз ужо вядзецца работа па ўдасканаленні прававых механізмаў, якія рэгулююць гэтую сферу.


Гутарыла Вольга ШОЎКУН.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений