Час запаўняць дэкларацыю. А ці трэба?

09:09 / 16.02.2011

Існуе даволі распаўсюджанае меркаванне, што жыхары Злучаных Штатаў Амерыкі больш за ўсё баяцца падатковага інспектара – аб жорсткасці амерыканскага падатковага заканадаўства ходзяць легенды.
Наколькі ўсё гэта характэрна для нас? Каму не варта “спаць спакойна”? Як не нажыць праблем з інспекцыяй па падатках і зборах? Якія існуюць льготы па аплаце падаткаў і хто можа імі карыстацца? Высвятляем гэта ў начальніка аддзела фізічных асоб  інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Астравецкаму раёну Алены Генадзьеўны Пілецкай.


— Мяркуючы па ўсім, у вашай службы зараз штосьці падобнае на жніво?
— Зусім не – звычайная, руцінная работа.
— А як жа падатковыя дэкларацыі, якія трэба здаць да 1 сакавіка?
— Дэкларацыі здаваць трэба. Аднак паклапаціцца аб гэтым патрэбна не вельмі вялікай колькасці нашых суграмадзян. У адпаведнасці з падаткавым кодэксам Рэспублікі Беларусь, падатковую дэкларацыю за 2010 год абавязаны прадаставіць фізічныя асобы — падатковыя рэзідэнты РБ — якія атрымалі даходы ад іншых фізічных асоб; даходы за мяжой альбо з-за мяжы; даходы, якія перавышаюць устаноўленыя Падатковым кодэксам  межы, што не падлягаюць абкладанню падаткамі; а таксама даходы ў выглядзе вяртання страхавых узносаў пры скасаванні дагавораў дабравольнага страхавання да заканчэння пяцігадовага тэрміну.
— Цудоўна. Але ці нельга было б ўсё гэта перакласці на больш зразумелую мову?
— Без праблем. Падатковымі рэзідэнтамі з’яўляюцца тыя грамадзяне, якія фактычна знаходзіліся на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь больш за 183 дні. Інакш кажучы, больш чым паўгода.
Даход ад іншых фізічных асоб – гэта, напрыклад, даход, які быў атрыманы ад продажу на працягу года больш  чым  аднаго транспартнага сродку. Нават калі грамадзянін прадаў спачатку матацыкл, а затым аўтамабіль – за аўто ён абавязаны заплаціць падатак. Але такі парадак не тычыцца транспартнага сродку, калі яго маса перавышае тры з паловай тоны альбо колькасць месцаў, акрамя вадзіцельскага, перавышае 8. У такім выпадку падатак трэба плаціць, нават калі быў прададзены толькі адзін аўтамабіль.
Даходам, які падлягае падаткаабкладанню, з’яўляецца таксама рэалізацыя на працягу пяці гадоў другога садовага доміка, другога зямельнага надзелу, другога жылога дома альбо кватэры.
Трэба заплаціць падаткі з заробку чалавека за мяжой.
Што да падарункаў і грашовых пераводаў, якія былі атрыманы з-за мяжы, то яны падлягаюць падаткаабкладанню пры ўмове перавышэння памеру ў 500 базавых велічынь. На сённяшні дзень гэта 17 500 000 беларускіх рублёў. Ці калі такія пераводы атрыманы ад блізкіх родзічаў.
— А калі падарунак прыслаў дзядуля?
— Калі ад дзядулі, бабулі, бацькоў, родных братоў і сясцёр, апекуноў – на здароўе. Ніякіх абмежаванняў заканадаўства не прадугледжвае.
— Расія ў сэнсе падатковага заканадаўства – замежжа?
— Так. Таму даход, які быў атрыманы ў гэтай краіне, таксама падлягае падаткаабкладанню.
Зразумела, за выключэннем названых вышэй выпадкаў.
— І наколькі вялікі падатак патрэбна будзе заплаціць?
— З 2009 года дзейнічае адзіная стаўка падаходнага падатку для фізічных асоб у памеры 12% ад сумы рэалізацыі. Такім чынам, незалежна ад таго, што было прададзена – аўтамабіль, садовы ўчастак ці кватэра – трэба будзе заплаціць менавіта гэты працэнт ад атрыманага даходу.
— Наш раён – сельскагаспадарчы. Многія гаспадары рэалізуюць на рынку сельскагаспадарчую прадукцыю са сваіх падвор’яў — тых жа парасят…
— Калі памер прыбытку не перавысіў узгаданых вышэй 500 базавых велічынь – ніякіх падаткаў плаціць не трэба. Дастаткова толькі ўзяць у сельвыканкаме даведку, што прададзеная на рынку прадукцыя сапраўды атрымана з прысядзібнага ўчастка. Калі ж даход перавысіў названую велічыню, ад сумы яе перавышэння трэба заплаціць усё тыя ж 12 %.
Праўда, хачу заўважыць, што дадзены парадак актуальны толькі для 2010 года. З гэтага года ён адменены, усе абмежаванні зняты. Такім чынам, гаспадары могуць рэалізоўваць на рынку любую колькасць уласнай прадукцыі без аплаты падаходнага падатку.
— Ці трэба плаціць падаткі настаўнікам, якія ў вольны час займаюцца рэпетытарствам?
— Канешне, трэба. Аднак гэта не вымушае выкладчыка рэгістравацца ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка. Сам жа падатак спаганяецца па фіксаванай стаўцы – 90 тысяч рублёў у месяц.
— Ці абавязаны чалавек прадастаўляць падатковую дэкларацыю, калі працуе ў двух месцах?
— Не. Ні дэкларацыі, ні іншых дакументаў у падатковую інспекцыю прадстаўляць не трэба. Адзіная стаўка падаходнага падатку будзе вылічана як па месцы асноўнай працы, так і там, дзе грамадзянін працуе па сумяшчальніцтву.
— Якія ільготы па ўплаце падаткаў прадугледжвае заканадаўства?
—Найперш гэта падатковыя вылікі. Іх існуе некалькі відаў: маёмасны, стандартны, сацыяльны.
Маёмасны, як правіла, тычыцца будаўніцтва альбо набыцця жылля – дамоў і кватэр — для тых людзей, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і, зразумела,  знаходзяцца на адпаведным уліку. Ён даецца па месцу асноўнай работы на падставе дакументаў, прадстаўленых падаткаплацельшчыкам, у суме фактычна нанесеных  расходаў на набыццё жылля, а таксама на пагашэнне крэдытаў банкаў РБ.
Сацыяльны вылік прадастаўляецца на аплату вучобы.
Таксама існуе падатковы вылік для пэўных катэгорый насельніцтва. Напрыклад, для ветэранаў вайны ў Афганістане, ліквідатараў наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС – у памеры 410 тысяч рублёў у месяц. Для шматдзетных сем’яў, сем’яў, у якіх гадуюцца дзеці-інваліды, адзінокіх бацькоў – 162 тысячы рублёў у месяц на кожнае дзіця. Дарэчы, з 2011 года да вышэй названай катэгорыі дабаўлены яшчэ і бацькі, якія знаходзяцца ў разводзе.
— Што гэта азначае на практыцы – падатку трэба будзе плаціць менш?
— Так, названыя сумы не абкладаюцца падаходным падаткам.
— Ці многія грамадзяне ведаюць аб гэтых прэферэнцыях і, адпаведна, карыстаюцца імі?
— Па нашых звестках, практычна ўсе, хто набывае, будуе жыллё, вучыцца на платных аддзяленнях, карыстаюцца падатковымі вылікамі.
— Наколькі суровая адказнасць за ўхіленне ад выплаты падаткаў прадугледжана нашым заканадаўствам?
— Згодна з артыкулам 13.6 Адміністрацыйнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, нявыплата альбо няпоўная выплата падаткаў фізічнай асобай, якая не з’яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам, прадугледжвае накладанне штрафу ў памеры 15% ад нявыплачанай сумы, аднак не менш базавай велічыні. І ад 20 да 60 базавых велічынь, калі правапарушэнне здзейснена службовай асобай прадпрыемства альбо арганізацыі.
— Ну, а калі чалавек забыў альбо ўвогуле не ведаў аб сваіх абавязках перад падаткавымі органамі?
— Нагадаем. Вышлем напамінак.
— Значыць, адразу “прэсаваць” не станеце?
— Ну навошта ж?! Мы ідзём толькі туды, дзе маецца наўмыснае парушэнне.  Альбо калі ў нас ёсць звесткі, падмацаваныя аналізам, што там дакладна будзе парушэнне. Інакш кажучы, прысутнічае злы намер. А калі чалавек, індывідуальны прадпрымальнік сумленна працуе, выплачвае падаткі ў адпаведнасці з законам, навошта ісці і перашкаджаць рабоце? Няхай працуе.


Эдуард Іванаў.