Жыццё і дзейнасць прадпрыемстваў: ДП "Астравецкая сельгастэхніка"

14:30 / 19.01.2011
8417

Сярод структурных падраздзяленняў сельскагаспадарчай галіны раёна “Сельгастэхніка” займае сваю канкрэтную нішу – праз яе, так бы мовіць, рукі ў гаспадаркі раёна трапляюць запчасткі і ўгнаенні, спецыялісты прадпрыемства рамантуюць сельскагаспадарчую тэхніку, займаюцца мантажом сістэм водапаення і гноевыдалення на фермах, працаўнікі “Сельгастэхнікі” перавозяць збожжа, цукровыя буракі, мінеральныя ўгнаенні, арганіку і нават… снег.
Сёння на нашы пытанні адказвае дырэктар гэтай арганізацыі Мікалай Пятровіч ХАРКУНОЎ.


–Мікалай Пятровіч, якім, на вашу думку, атрымаўся для вашага прадпрыемства 2010 год.
–Па-мойму, 2010 год аказаўся для нас удалым. Усе вытворчыя паказчыкі мы перавыканалі. Тэмп росту аб’ёму вытворчасці, да прыкладу, у параўнанні з папярэднім годам вырас на  51 працэнт.
–І якія віды работ або паслуг найбольш паўплывалі на рост аб’ёму?
–У адрозненне ад усіх папярэдніх гадоў, калі ў вытворчасці нашага прадпрыемства выразна дамінаваў аўтатранспарт, у 2010 годзе “выстраліў” мехатрад – у структуры аб’ёму вытворчасці на яго долю прыходзіцца 30,9 працэнта. У той час, калі аўтатранспарт напрацаваў толькі 28,3 працэнта, мантажныя работы і тэхнічнае абслугоўванне – 16,6 працэнта, база хімізацыі – 16,2, рамонтныя майстэрні – 5,1 працэнта.
–На пустым месцы падобных “стрэлаў” не бывае – што папярэднічала такой удалай рабоце мехатрада?
–Сакрэт удалай работы ў інвестыцыях. За апошнія пяць гадоў мы набылі 30 адзінак самай рознай тэхнікі і прыстасаванняў: восем грузавых аўтамабіляў МАЗ, тры пагрузчыкі “Амкадор”, два трактары “Беларус 1221”, адзін трактар МТЗ, пяць раскідвальнікаў мінеральных угнаенняў, апырсквальнік раслін, два трактарныя прычэпы і многае іншае. Частка гэтай тэхнікі працавала (і сёння працуе) на будаўніцтве інфраструктуры будучай АЭС. А гэта і аб’ёмы і грошы – у адрозненне ад большасці сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна, кіраўніцтва АЭС з намі разлічваецца.
–Мікалай Пятровіч, па раёне ходзяць чуткі, што “Сельгастэхніка” набыла нейкую цуда-майстэрню на калёсах. Што цяпер вам па плячы самы складаны рамонт любога віду тэхнікі. Наколькі гэта адпавядае ісціне?
–Так ужо і “цуда”… Хаця… У 2010 годзе мы купілі аўтамабіль “Газель”, укамплектаваны дыягнастычным і тэхналагічным абсталяваннем для перасоўнай лабараторыі па абслугоўванню і рамонту энерганасычаных трактароў. Што гэта за абсталяванне, можна меркаваць па яго цане – калі сам аўтамабіль каштуе 50 мільёнаў рублёў, то яго абслугоўваючая “начынка” – 142 мільёны. Канешне, працаваць на такім абсталяванні павінны добра падрыхтаваныя спецыялісты. Таму мы прынялі на працу  пасля заканчэння БАТУ маладога інжынера. Рабочым, якія будуць абслугоўваць перасоўную лабараторыю, таксама патрэбны дадатковыя веды і навыкі, таму ў бліжэйшы час мы накіроўваем іх на перападрыхтоўку.
–Накірунак зоны дзеяння лабараторыі на калёсах акрэслены даволі вузка: энерганасычаныя трактары. Няма апасення, што яна будзе не асабліва запатрабаванай?
–Па першым часе – цалкам магчыма. Таму што асноўная частка энерганасычанай тэхнікі набыта гаспадаркамі нядаўна і знаходзіцца на гарантыйным абслугоўванні. Але даволі хутка тэрмін гарантыі заканчваецца – вось тады наша лабараторыя будзе вельмі дарэчы.






–Нават не ўдаючыся ў падрабязнасці дзейнасці вашага прадпрыемства, можна заўважыць, што вы – у пошуках. Набылі лабараторыю  будучыні, купілі апырсквальнік і пачалі ўносіць ядахімікаты…
–Патрабаванне часу: не стаяць на месцы. Той, хто стаіць, непазбежна аказваецца ззаду. Мы шукаем сваё месца на рынку паслуг. Вучымся новаму, спрабуем невядомае. Можа, не з першага разу, але ўсё атрымліваецца. Той жа апырсквальнік ужо абкатаны на ўнясенні гліфасатутрымліваючых прэпаратаў. Вясной ён будзе актыўна выкарыстоўвацца на ўнясенні гербіцыдаў і іншых ядахімікатаў.
–А якое ваша асабістае стаўленне да таго факту, што расфарміраваны корманарыхтоўчае і збожжаўборачнае звенні, якія існавалі пры “Сельгастэхніцы”?
–Гэтыя звенні былі сфарміраваны ў час, калі ў гаспадарках не хапала адпаведнай тэхнікі, таму яны былі запатрабаваны. Але становішча змянілася – сёння ўсе сельскагаспадарчыя кааператывы і саўгас раёна ўкамплектаваны новай высокапрадукцыйнай тэхнікай. Звенні, улічваючы высокія “накруткі” на кошт іх паслуг, сталі не выгаднымі ні гаспадаркам, ні нам.
–Пры існаваўшай хранічнай дэбіторскай запазычанасці (гаспадаркі не спяшаліся з вамі разлічвацца) звенні не прыносілі асаблівай выгады “Сельгастэхніцы”. Ці не так?
–Калгасы спрабавалі неяк разлічвацца: збожжам, жывёлай, прадуктамі перапрацоўкі. Менавіта таму мы павінны былі адкрыць уласны магазін – праз яго  рэалізоўваем «натуральную аплату» гаспадарак. Дарэчы, для саміх работнікаў нашага прадпрыемства гэта вельмі зручна – у лік зарплаты ў любы час у нашай краме можна набыць муку, крупы, цукар, тушонку, фарш…
–Ці існуе сёння дэбіторская запазычанасць? Калі так, то якая?
–Існуе, канешне. І складае 1 мільярд 250 мільёнаў. Гэта пры тым, што на выплату заработнай платы нам неабходна ў месяц 110 мільёнаў рублёў.

–А які памер сярэднямесячнай заработнай платы на вашым прадпрыемстве?
–Сярэдняя зарплата складае 850 тысяч рублёў. І хаця яе рост у параўнанні з мінулым годам складае 30 працэнтаў, усё ж такі ўзровень не можа задавальняць. Цяжка “заманіць” высокакласнага зваршчыка, вадзіцеля ці майстра па рухавіках такой сумай.
–Мікалай Пятровіч, а вашы наладчыкі прымаюць удзел у аснашчэнні новых камп’ютарызаваных ферм, якія ў апошнія гады ўводзяцца ў раёне?
–На ферме “Рытань” у СВК “Падольскі” мы зрабілі вельмі многае, а на “Германішках” – дробязі, таму што СВК “Гудагай” пабудаваў сваю ферму гаспадарчым спосабам.
–Акрамя сельгаспрадпрыемстваў, з кім вы яшчэ супрацоўнічаеце?
–З многімі арганізацыямі. Да прыкладу, з “Белаграсервісам”, запчасткі якога мы рэалізуем праз нашы склады. З тым жа камунгасам – вывозім снег з вуліц райцэнтра. З мясакамбінатамі. З многімі рамонтнымі заводамі. І вельмі рады, што ў апошні час у нас з’явіўся новы падрадчык – дырэкцыя будаўніцтва АЭС. І сёння на  будаўніцтве інфраструктуры працуюць наш “Амкадор” і 2-3 МАЗ-ы.
–Якія віды рамонтных работ аказвае “Сельгастэхніка”?
–Электразварачныя работы, перамотку рухавікоў, рамонт фарсунак, прычэпаў, аўтамабільных і трактарных рухавікоў і акумулятарных батарэяў. Што тычыцца абслугоўвання ферм, то там устанаўліваем і абслугоўваем сістэмы водапаення,  халадзільнае і даільнае абсталяванне, ёсць таксама iдэя купить холодильную витрину. Дарэчы, самі вырабляем электрапаілкі.
–А якія паслугі  можа атрымаць у вас звычайны жыхар Астраўца або раёна?
–Самыя розныя. Да прыкладу, аўтатранспартныя,  або можна заказаць тую ж электразварку. Нашы спецыялісты праводзяць электрафізічныя вымярэнні – калі ласка. Часта ў нас заказваюць трактар – прывезці дровы або брыкет. Яшчэ мы выкачваем каналізацыйныя адходы. Сёлета, дарэчы, з гэтым відам паслуг была проста запарка – адпаведная тэхніка камунгасе  была няспраўнай, і асноўны цяжар лёг на нас. Усяго за год за аказанне платных паслуг насельніцтву мы атрымалі 25 мільёнаў рублёў. У гэтым годзе плануем пашыраць пералік  паслуг.
– Дзякую за размову.

Гутарку вяла Ганна ЧАКУР.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений