Новыя тэхналогіі ў СВК "Гудагай"

14:03 / 11.01.2011

Яшчэ адна сучасная ферма з камп’ютарызаванай даільнай залай здадзена ў эксплуатацыю. На гэты раз у СВК “Гудагай”.


Як расказала галоўны заатэхнік гаспадаркі Вольга Чаславаўна Яцэнка, ферма ў вёсцы Германішкі разлічана на ўтрыманне 600 галоў дойнага статка. Па стану на 10 студзеня ў новыя памяшканні пераведзена 320 галоў. Завяршыць поўнае ўкамплектаванне фермы гудагайскія жывёлаводы плануюць да пачатку ліпеня.
–Даўкамплектоўваць ферму мы будзем нецелямі, – расказвае Вольга Чаславаўна. – Не таму, што няма падыходзячых кароў. Хаця, як высветлілася, для аўтаматычнай дойкі падыходзяць не ўсе рагулі – значэнне маюць не толькі рост, вага, прадукцыйныя здольнасці жывёлы, але і форма вымя. Так што частку кароў, прывезеных у “Германішкі”, давялося вярнуць на месца – не падышлі. Для некалькіх рагуляў  перамена ладу існавання падалася настолькі моцнай, што яны ў некалькі разоў зменшылі свае надоі. Ёсць праблема і з даяркамі – не ўсе згодны аддаваць сваіх лепшых кароў на новую ферму. На выснове ўсяго вышэйсказанага было вырашана далейшую камплектацыю новай фермы праводзіць нецелямі – і без крыўдаў даярак, і жывёлу лягчэй прывучыць да новага распарадку.
Пакуль ідзе засяленне, галоўны заатэхнік ды і многія іншыя спецыялісты літаральна жывуць на ферме – столькі клопатаў і трывог. Усё трэба апрабаваць, абкатаць, упэўніцца ў дакладнасці. Дарэчы, уносіць мясцовыя карэктывы ў імпартны суперпраект давялося амаль адразу – каб каровы не ранілі ногі аб бляху ўкарочаных дзвярэй, паўз якіх жывёла рухаецца на дойку, мясцовыя кулібіны ўдасканалілі іх з дапамогай звычайных дошак.
Але ўсё гэта – працоўныя моманты. Галоўнае, што новыя тэхналогіі крочаць па Астравеччыне з кожным годам усё больш упэўнена.


Ганна ЧАКУР.