Дэлегаты з Астравеччыны пабывалі на вучобе-семінары ў Германіі

15:54 / 08.12.2010
8421
1

Беларускі сялянскі савет нядаўна арганізаваў для сваіх членаў вучобу-семінар на тэму “Еўрапейскія стандарты ў сельскай гаспадарцы”, які праходзіў у Германіі і Польшчы. Ад нашага раёна ў склад дэлегацыі ўвайшлі начальнік комплексу па адкорму буйной рагатай жывёлы СВК «Гервяты» Марыя Іосіфаўна Бушмовіч і старшыня СВК “Міхалішкі” Аляксандр Іванавіч Чаплінскі.



Падзяліцца ўражаннямі ад паездкі мы папрасілі Марыю Іосіфаўну Бушмовіч:

–Наша падарожжа доўжылася тыдзень, а ўражанняў яно прынесла – на ўсё жыццё. Нам пашчасціла патрапіць на Міжнародную выстаўку “EUROTIER-2010” у Гановеры, на якой былі прадстаўлены самыя апошнія дасягненні ў галіне сельскай гаспадаркі. Вядома, мяне перш за ўсё цікавіла жывёлагадоўля: пароды жывёлы, абсталяванне для догляду яе, эфектыўныя біядабаўкі і г.д.                                          Хіба можна раўнадушна прайсці міма  кароў, якія за перыяд лактацыі даюць па 14-15 тысяч кілаграмаў малака?! Гэта ж сапраўдныя фабрыкі! Усе каровы, як на падбор, высокія, цяжкавагавыя – па 800 і больш кілаграмаў, чорна-пярэстай або чырвона-пярэстай масці. Вымя ў кожнай – з добры цэбар. Прычым селекцыянеры, выводзячы пароду, працавалі не толькі над павышэннем прадуктыўнасці жывёлы, але і над паляпшэннем яе характару: каровы спакойныя, ураўнаважаныя: пагладзіш такую – яна і вухам не павядзе.








А быкі! Па 1,3-1,5 тоны кожны. Вядома, у гэтых прыгажуноў некалькі іншая місія, чым у здатачных экземпляраў – яны прызначаны для паказу на выстаўках і для пастаўкі семя. Асабліва здзівілі быкі бельгійскай бела-блакітнай пароды. Канешне, селекцыянеры папсавалі ім “фігуру”, але выхад мяса з тушы ў такога быка самы высокі ў свеце. Вось бы асемяніць нашых кароў семенем такога быка – зусім іншымі атрымліваліся б вынікі нашай працы!
А якое абсталяванне дэманстравалі “фірмачы”! Адыходзіць не хацелася. Да прыкладу, робат для выдалення гною, які сам ездзіць па “спальнях” жывёлы і акуратна вычышчае памяшканне. Або станок для аперыравання  кароў і коней, пакласці на які жывёлу можа адзін чалавек без старонняй дапамогі. Многасасковыя “няні” для цялят. А яшчэ – з улікам таго, што цяляты ў Германіі круглы год знаходзяцца на вуліцы – для іх на выстаўцы прадаваліся (і карысталіся попытам у вытворцаў) спецыяльныя камізэлькі з плашчовай тканіны на сінтэпоне.
На выстаўцы мы знаходзіліся цэлы дзень – з 8 гадзін раніцы да 18-ці. І было настолькі цікава, што не адчувалася ні стомы, ні цяжару ў нагах.
Але выстава – гэта своеасаблівая вітрына, дзе, так бы мовіць, прадаецца будучыня. А з сельскагаспадарчай рэчаіснасцю Германіі мы сустрэліся ў вытворчым кааператыве “Фаберлін”. Гэта сельскагаспадарчае прадпрыемства – уласнасць 51-го пайшчыка. Яшчэ ў 2000 годзе ў ім працавалі 580 чалавек, сёння, дзякуючы механізацыі і аўтаматызацыі многіх вытворчых працэсаў, з тымі самымі аб’ёмамі спраўляецца ўсяго 51 работнік. Хаця пагалоўе дойнага статка ў гаспадарцы  – шэсць тысяч кароў.





Мы пабывалі на некалькіх фермах “Фаберліна”. Дзякуючы больш мяккаму клімату, вялізныя затраты на ўцепленыя памяшканні не патрэбны – каровы ўтрымліваюцца пад павецямі. Але ў якасці подсцілу яны маюць заўсёды сухую здробненую салому, якая пасля ўборкі збожжавых закручваецца ў цэлафанавую плёнку, і захоўваецца пад павецямі.  Немцы лічаць (і не без падстаў): сухасць подсцілу – гэта асноўная гарантыя адсутнасці хвароб у жывёлы.
Даенне адбываецца па-рознаму: праз даільную залу (гэтым нас ужо цяжка здзівіць) і з дапамогай робата. Канешне, нас больш зацікавіў робат. Ён працуе кругласутачна, і каровы самі, калі адчуюць у гэтым патрэбу, ідуць на дойку. Робат вытворчасці фірмы “Дэлаваль” абмывае вымя рагулі, кожны сасок старанна выцірае чыстай сурвэткай, надзявае даільныя стаканы, а пасля заканчэння дойкі  пакрывае саскі спецыяльнай эмульсіяй. Вядома, усе каровы падабраны не толькі па росту, вазе і лактацыі, але яшчэ і па форме вымя. Кожная з іх пазначана чыпам, і камп’ютар старанна фіксуе надой, тлушч і бялок у кожным з іх. На такой ферме працуе ўсяго адзін чалавек.
Надоі, з нашага пункту гледжання, фантастычныя, але і догляд кароў адпаведны. Кармы па складу не асабліва адрозніваюцца ад нашых, толькі апроч прывычных нам дабавак немцы дадаюць яшчэ рапсавы жмых, сланечнікавы і кукурузны шрот.  Рапс наогул выкарыстоўваецца ў жывёлагадоўлі вельмі актыўна – у 10 разоў больш, чым сланечнік.  Ад нашых кармы адрозніваюцца высокай якасцю і раздаюцца дробнымі порцыямі – 10 разоў на дзень. Паядаюцца, вядома, чыста – страты зведзены да мінімуму.







Дарэчы, пра страты. Як у нас загружаецца той жа сянаж? Пагрузчык каўшом выдзірае яго з ямы і перакідвае ў трактарную цялежку або непасрэдна ў кормараздатчык “Гаспадар” – дзве адзінкі тэхнікі ў сянажнай яме, раскіданы і расціснуты калёсамі корм... У “Фаберліне” ў яму заязджае кормараздатчык, аснашчаны спецыяльнай фрэзай, з дапамогай якой ён, нібы брытвай, зразае патрэбны пласт сенажу і загружае яго ўнутр свайго механічнага тулава – ні жменькі змарнаванага корму плюс эканомія адной трактарнай адзінкі.
І яшчэ адно адрозненне. Немцы не адмовіліся ад кармавых караняплодаў. Захоўваюць іх у буртах, закрытых плёнкай. Каровам буракі даюцца ў выглядзе сухой жамерыны, якая рыхтуецца загадзя і захоўваецца ў спецыяльных поліэтыленавых рукавах.
Рацыён строга збалансаваны па макра- і мікраэлементах. І ўсё адно пры 15-тысячных надоях адбываецца моцнае вымыванне патрэбных рэчываў з арганізма каровы, таму кожнай з іх рэгулярна робіцца разгорнуты аналіз крыві, у адпаведнасці з якім рэгулюецца рацыён. Догляд кароў –  як  малых дзяцей. Але пасля трох гадоў максімальнага выкарыстання (нашы рагулі на трэцім годзе толькі дасягаюць піку сваёй лактацыі) кароў мяняюць – здаюць на мяса, а ў статак уводзяць новых. Лічыцца, што свой патэнцыял жывёліна вычарпала.
Талент селекцыянераў адчуваецца і ў паводзінах быкоў, якія ўтрымліваюцца разам, не праяўляючы ніякай агрэсіі ні  адзін да другога, ні ў адносінах да чалавека. У іх нават не зрэзаны рогі. Электрасетка таксама не выкарыстоўваецца.
Напэўна, такі падкрэслена спакойны характар быка – адна з састаўляючых высокіх прываг. Дарэчы, такі паказчык, як сярэднясутачная прывага, немцам не зусім зразумелы. Яны ставяць перад сабой задачу: за 15-16 месяцаў атрымаць з цяляці 800-кілаграмовага быка. І яго ў выніку вырашаюць – сярэдняя здатачная вага быкоў у “Фаберліне” складае восем цэнтнераў. “Прадаваць меншай вагой нявыгадна”, – сцвярджаюць пайшчыкі кааператыву.
Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы актыўна падтрымліваюцца дзяржавай: штогод выдзяляецца датацыя: на кожны гектар сельгасугоддзяў выдзяляецца па 200 еўра, крэдыты выдаюцца пад 6 працэнтаў гадавых.
Ёсць розніца і ў аплаце працы. У нас яна прывязана да вытворчых паказчыкаў – жывёлавод атрымлівае заработную плату ў залежнасці ад надояў або прываг. Немцы плацяць пагадзінную плату ў залежнасці ад складанасці і цяжкасці канкрэтнага віду работ ад 10 да 30 еўра ў гадзіну. Працоўны дзень работніка доўжыцца 8 гадзін, выхадныя – па графіку.
“Хто добра працуе, той добра жыве”, – кажуць немцы.
Прывычны нам кантроль за працай жывёлаводаў адсутнічае з-за непатрэбнасці – няма сэнсу кантраляваць работнікаў, у падсвядомасці якіх на генным узроўні закладзены добрасумленныя адносіны да сваіх абавязкаў. І потым, усе працаўнікі кааператыву – пайшчыкі. Хіба на сябе будзеш працаваць, спусціўшы рукавы?
Знаёмячыся са спосабам вядзення сельскай гаспадаркі ў Германіі, разумееш, як шмат нам трэба змяніць – не толькі на фермах,  але і ў саміх сабе. У сваіх адносінах да працы.
А што тычыцца непасрэдна адкормачнай галіны, у якой працую я, то ўпор тут трэба рабіць, як мне здаецца, на два накірункі: якасць кармоў і селекцыйная работа з пародай жывёлы. Не адразу, не за адзін дзень, але паступова, думаецца, усё гэта нам удасца.








Запісала Ганна ЧАКУР.





Комментарии
0
Гость
"Канешне, селекцыянеры папсавалі ім “фігуру”, але выхад мяса з тушы ў такога быка самы высокі ў свеце. Вось бы асемяніць нашых кароў семенем такога быка – зусім іншымі атрымліваліся б вынікі нашай працы!" Быки то конечно хорошие, но наших местных коров если покрыть, то СПК может остаться без коров!!!  Дело в том, что по отцовской линии передадутся  мясные формы и уже телята будут более крупными, не всякая корова сможет разродиться, и корове тогда уже дорога в одно место... ведь, даже если у нас будут видеть, что корова не сможет родить, то произвести качественное извлечение плода(он уже будет мёртвым, живым его не достанут) не каждый наш ветеринар сможет, ну а кесоровосечение у нас точно не делают, как в зарубежных странах. Таких быков и получают от "больших" коров, а не от наших.
Имя Цитировать 0
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений