Па чутках і аўтарытэтна: фабрыка "Альхоўка" будзе жыць!

15:19 / 03.12.2010
8521
1

“А вы чулі — фабрыка “Альхоўка “ закрываецца? Кавалька сказаў.” “Ага, а на яе месцы пабудуюць санаторый”. “А куды людзі падзенуцца?” “А людзі бастуюць!” “А вы чыталі, што ў інтэрнэце пра “Альхоўку” пішуць?”
...Чуткі, адна страшнейшая за другую, распаўзліся не толькі па Альхоўцы, але і па ўсім раёне.



…Такія размовы нагадваюць дзіцячую гульню ў “сапсаваны тэлефон”. Гэта калі першы ўдзельнік гаворыць на вушка другому нейкае слова, скажам, “карова”, той перадае яго другому, той — наступнаму… А “на выхадзе” атрымліваецца зусім іншае, часам самае нечаканае слова – да прыкладу, “паравоз”. І ўсе ўдзельнікі гульні, калі даведваюцца, як “карова” ператварылася ў “паравоз”, смяюцца да колікаў.
У дадзеным  выпадку было не да смеху, асабліва работнікам кардоннай фабрыкі “Альхоўка”. Як жа: кажуць, што сам старшыня райвыканкама А.Д. Кавалька ў  сваім выступленні на раённым сходзе сказаў, што іх прадпрыемства будзе закрыта, а на яго месцы пабудуюць санаторый. На адным з апазіцыйных сайтаў тут жа з’явілася выступленне аднаго з нашых дамарослых апазіцыянераў пад красамоўнай назвай: “Дэмарш, які пакуль удалося адлажыць…” Аўтар пачаў з сенсацыйнай заявы, што “чырвоны дзень календара… ледзь не быў азмрочаны масавым дэмаршам працоўнага калектыву ААТ “Кардонная фабрыка “Альхоўка”. І ў чым жа выразіўся “дэмарш”? Аказваецца, “у масавай незадаволенасці рабочых фабрыкі”, а гэтая “масавая незадаволенасць”, у сваю чаргу – у зборы подпісаў пад калектыўным зваротам. Праўда, як аказалася, у тым калектыўным звароце, копію якога пазней размясціў на тым жа сайце той жа аўтар, ні пра які дэмарш размовы не ідзе, а ў праекце калектыўнага звароту толькі выказваецца пераканаўчая просьба растлумачыць пытанне аб закрыцці прадпрыемства і далейшым працаўладкаванні членаў працоўнага калектыву. Больш таго: і зварот гэты рабочыя нікуды не адправілі, бо іх просьбу задаволілі раней: растлумачылі будучыню прадпрыемства. Так што атрымалася, як выказаўся ў каментарыі на тым жа сайце Алесь Ю., што “аўтар крыху перагнуў палку з загалоўкам і тэкстам артыкула “Дэмарш…” Як і ў любой падобнай сітуацыі, рабочыя просяць растлумачыць пазіцыю кіраўніцтва і лёс прадпрыемства. Без ультыматуму, шантажу, выстралаў “Аўроры” і г.д. Прачытаўшы артыкул, склалася ўражанне, што аўтар з браневіка руліў пераваротам на фабрыцы”.
А што ж паслужыла першапрычынай гульні ў “сапсаваны тэлефон”, у якой такі актыўны ўдзел прынялі нашы апазіцыянеры, як цяпер ідуць справы на фабрыцы “Альхоўка” зараз і што яе чакае ў далейшым – пра ўсё гэта мы папрасілі расказаць намесніка старшыні  райвыканкама У.С. Ластоўскага.
—Чацвёртага лістапада, выступаючы на раённым сходзе ўпаўнаважаных, на якім выбіраліся дэлегаты на Усебеларускі народны сход, старшыня раённага выканаўчага камітэта А.Д. Кавалька, аналізуючы стан спраў на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёне, закрануў і становішча фабрыкі “Альхоўка”: абсталяванне там састарэла, прадпрыемства патрабуе пераўзбраення, а гэта, у сваю чаргу, — прыцягнення інвестыцый. Як адзін з варыянтаў разглядаецца магчымасць будаўніцтва тут санаторыя ці нейкай іншай аздараўленчай установы для работнікаў будучай АЭС – мясціны тут маляўнічыя. Гэта і была тая “муха”, з якой потым некаторыя пажадалі раздуць “слана”, — сказаў напачатку Уладзіслаў Станіслававіч.
А затым намеснік старшыні райвыканкама прывёў лічбы і факты, якія характарызуюць сённяшні стан прадпрыемства:
—Напачатку года на фабрыцы “Альхоўка” з-за адсутнасці сыравіны нейкі час прастойваў участак па выпуску кардону. Гэта паўплывала на паказчыкі і істотна папсавала гадавую карціну. Цяпер прадпрыемства выйшла з крызісу і працуе стабільна: у лістападзе тэмп просту вытворчасці ў параўнанні з папярэднім годам склаў 142,9 працэнта, з’явіўся прыбытак. Прадукцыя карыстаецца попытам: асноўная доля кардону пастаўляецца ў Польшчу: за 9 месяцаў на экспарт адгружана прадукцыі на 818 тысяч долараў ЗША, тэмп росту да папярэдняга года склаў 167,2 працэнта. Па выніках году фабрыка выйдзе на ўзровень папярэдняга года, хоць запланаванага тэмпу росту – 110 працэнтаў – наўрад ці зможа дасягнуць. Змяншаецца і паказчык стратнасці прадпрыемства, ёсць надзея, што справаздачны год фабрыка закончыць хоць і з невялікім, але ўсё ж з прыбыткам. Заказаў на прадпрыемстве на сённяшні дзень дастаткова – і на кардон, і на прадукцыю дрэваапрацоўкі, хапіла б магчымасцей усе іх выканаць, запасаў на складах амаль  няма.
Гэта што тычыцца сённяшняга стану спраў. А што з перспектывамі, якія так хвалююць ўсіх жыхароў Альхоўкі?
—Адам Дзмітрыевіч Кавалька на сходзе гаварыў абсалютна правільна — пра гэта ведаюць усе, хто мае хоць нейкае дачыненне да фабрыкі: абсталяванне па выпуску кардону на прадпрыемстве даўно старэла і маральна, і фізічна. Такіх станкоў ужо даўно нідзе не выпускаюць – ні ў Расіі, ні ў Еўропе, запчастак для іх — таксама. І толькі дзякуючы кіраўніцтву фабрыкі і рабочым-умельцам яго ўдаецца падтрымліваць у рабочым стане. Але зразумела, што вечна так працягвацца не можа. Таму прапрацоўваецца некалькі варыянтаў, каб захаваць фабрыку. Адзін з іх – пошук інвестараў, якія б захацелі ўкласці сюды сродкі, набыць новае абсталяванне па выпуску кардону і стварыць сумеснае прадпрыемства. Пэўныя зрухі ў гэтым накірунку ёсць, але пра нейкія канкрэтныя рашэнні гаварыць пакуль рана. Другі накірунак – далейшае развіццё дрэваапрацоўкі, чым  кіраўніцтва фабрыкі, дзякуючы фінансавай падтрымцы з інавацыйнага фонду “Паперлеспрама”, актыўна займаецца. Сёння тут набыта і паспяхова працуе спецыяльная лінія, дзве сушылкі. І прадукцыя дрэваапрацоўкі карыстаецца нязменным і пастаянным попытам.
—Так што закрываць фабрыку і выкідваць рабочых на вуліцу, як пужаюць некаторыя, ніхто не збіраецца – ні сёння, ні заўтра, ні да выбараў, ні пасля іх, ні с пачаткам будаўніцтва атамнай станцыі. Наадварот: вышукваюцца магчымасці, каб дапамагчы прадпрыемству абнавіцца і наладзіць выпуск новай прадукцыі.
“А пры чым тут санаторый?” – спытае чытач.
—А што дрэннага, калі недзе ў раёне Альхоўкі і сапраўды пабудуюць санаторый? – паціснуў плячыма Уладзіслаў Станіслававіч. – На Балакоўскай АЭС у Расіі, наколькі я ведаю, такіх аздараўленчых устаноў ажно сем – спатрэбяцца яны і нашым энергетыкам.  І калі санаторый ці прафілакторый з’явіцца ў тутэйшых мясцінах, то гэта, я думаю, пойдзе толькі на карысць развіццю пасёлка Альхоўка і паспрыяе дабрабыту яго жыхароў: будуць створаны новыя рабочыя месцы, дадатковая інфраструктура.
Так што, як аказалася, чуткі аб заўчаснай смерці фабрыкі “Альхоўка” — гэтак жа, як і аб “дэмаршы” яе работнікаў, — аказаліся моцна перабольшанымі.

Комментарии
0
Гость
В этой отповеди - черт голову сломит. Кроме саморекламы - ноль полезной информации! Так и не понятно, чего автор хочет?! Закрыть фабрику - плохо! Инвестировать в производство - плохо! А что хорошо? Оставить все как есть?
Имя Цитировать 0
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений