Сядзіба Шылкаў з Падольцаў

09:23 / 08.11.2010
8948

Калі жадаеце пабачыць шчаслівага чалавека – едзьце ў Падольцы і пазнаёмцеся з Алёнай Шылка. Яна, праўда, не выйгравала ў латарэю, не знаходзіла скарб, не атрымлівала багатую спадчыну. Але яе вочы проста зіхацяць шчасцем. І аб жыцці сваім яна распавядае выключна ў захопленых інтанацыях…


Алёна ўмее знаходзіць радасць нават у самых звычайных рэчах.
—Выйдзеш раніцай на вуліцу – птушачкі спяваюць, водар ад кветак па ўсёй акрузе…
Гэта яна не пра ранішні шпацыр па парку з балонкай на ланцужку, а аб дарозе да кароўкі на золку. А таксама аб перавагах вёскі над горадам.
Сваю птушку шчасця Шылкі спярша намерыліся шукаць у горадзе. Не дзіўная ўвогуле рэч для маладых сем’яў. Хто яго ведае, як склалася б іх жыццё ў каменных джунглях. Магчыма, шчасліва. А можа, папоўніла б маладая сям’я шэрагі вечных вандроўнікаў па здымных кватэрах. Ды лёс склаўся так, што праз невялікі час маладая сям’я вярнулася да роднага парога. Прычым у літаральным сэнсе. Бацькі і Алены, і яе мужа Івана – з Падольцаў. У іх па першым часе і атабарыліся.
Хоць старэйшыя маладых кавалкам хлеба не папракалі і ў жыццёвай прасторы не абмяжоўвалі, Алёна і Іван марылі аб сваім жытле. Праз чатыры гады самастойнага сямейнага жыцця ўзялі ў банку крэдыт і набылі ўласны кут.
Недалёка ад цэнтра вёскі і разам з тым на ўскраіне. Зямлі ўдосталь, суседзі добрыя… Суседзі для кожнай сям’і справа не апошняя, а для Шылкаў – удвая. Нават утрая. Таму што сядзіба, дзе яны вядуць гаспадарку, як бы падзелена на траіх. Адзін на тры сям’і ўчастак. Сарай таксама – тры ў адным. Такі ж склеп. Хочаш ці не, а станеш з суседзямі жыць дружна. Яны і жывуць. У міры і ўзаемнай дапамозе.
Працы Шылкі не цураюцца. Трымаюць карову, гадуюць трое свіней. На гэтым спыняцца не збіраюцца. Плануюць пашырэнне асабістай гаспадаркі.
—А што – месца хапае, з кармамі таксама праблем няма, – робіць выснову гаспадыня.
Калі ўлічыць, што ў доме двое маленькіх дзяцей – старэйшая дачушка пайшла ў першы клас, а сыну толькі два гады – ды яшчэ клопаты па дому… Ці не вялікі цяжар для маладой жанчыны?
—Што вы?! – усміхаецца Алёна – Я яшчэ паспяваю вязаць, шыць, калі ўзнікае патрэба… А летам – у грыбах ды ягадах. Балазе, муж працуе ў лесе. Падчас працоўнага дня згледзіць самыя лепшыя мясціны, а пасля работы – дзяцей да бабуль, а самі – у лес. Вось і капейка ў доме. Без гаспадаркі і працы ў вёсцы не пражывеш! А мне што?! Я ж толькі-толькі з дэкрэтнага водпуску выйшла! Таму часу хапала.
Апошняе было сказана з такой інтанацыяй, нібы гаворка ішла не аб доглядзе за малымі дзецьмі, а аб бесклапотных школьных канікулах.
Дзіўна, але ў Алёны і Івана, аказваецца, ёсць яшчэ і вольны час! І абодва прысвячаюць яго творчасці. Гаспадыня з задавальненнем займаецца мастацтвам арэгамі. Папяровымі падзелкамі застаўлены ўвесь дом. Справа, трэба прызнаць, патрабуе і часу, і цярпення. На іншы выраб, кшталту пальмы, да пяцісот дэталяў патрэбна.
Ну а гаспадар – нездарма ж працуе ў лесе – захапляецца апрацоўкай капу (наростаў на бярозе). Яны ў доме паўсюль. І не толькі ў доме, а і на вуліцы. Пераважна ў якасці падставак пад кветкі. Самыя ж адметныя пазіраюць на гаспадароў і гасцей дома загадкавым поглядам таямнічых лясных істот.
—Нават уявіць сябе не магу недзе ў іншым месцы! – не перастае захапляцца родным мястэчкам Алёна. – Што горад?! Вось у вёсцы… Тут агарод, там кветнік, гаспадарка… Занятак заўсёды знойдзеш. Сумаваць не прыходзіцца!
Знайшла сям’я месца і для ўласнага невялікага саду. Калі мінулым летам вішні далі першыя плады – радасці не было мяжы! А перад домам гаспадары ўвасобілі ўласнае ўяўленне аб ландшафным прысядзібным дызайне. Набытага “фабрычнага” тут няма. Усё выраблена ўласнымі рукамі: дэкаратыўны масток, млынок, студзенька… Любімае месца баўлення часу для дзяцей.
Не наракаць, не зайздросціць… Радавацца таму, што ёсць, з аптымізмам глядзець у будучыню, любіць сваю сям’ю, клапаціцца аб ёй, працаваць, радавацца кветкам, птушыным спевам, хлебу на стале, першым вішням… Ці не ў гэтым і ёсць сакрэт Алёнінага шчасця? Зрэшты, чаму толькі Алёнінага? Усёй сям’і Шылкаў!


Эдуард СВІРЫД.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений