З чым уваходзім у зімоўку?

08:45 / 08.11.2010

Травы, хаця і доўга трымаліся, а ўсё ж здаліся кастрычніцкім прымаразкам – страцілі вясёлую ізумруднасць, пажоўклі, скукожыліся. Сям-там яшчэ блукаюць па восеньскіх лугах пярэстыя статкі, але здалёк заўважна, што каровы шчыпаюць траву без энтузіязму – хутчэй па прывычцы. Пройдуць пару метраў – і спыняцца, каб з надзеяй (ці хутка?) аглянуцца на цёплы ўтульны хлеў з поўнымі духмянага сена яслямі.


Да гэтага часу выганяецца на пасьбу жывёла прыватнай гаспадаркі, а грамадскі статак намаганнямі руплівых жывёлаводаў ужо пераведзены на зімне-стойлавы спосаб утрымання.
–Травы таксама рыхтуюцца да зімы і, як гаспадыня нарыхтоўвае ў сваім падвале розныя саленні-варэнні, так расліны назапашваюць пажыўныя рэчывы ў сваіх каранях, – гаворыць загадчык сектара жывёлагадоўлі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Генадзь Іванавіч Малочка. – У вегетатыўнай частцы травы не застаецца амаль нічога карыснага – жывёла, выпасваючыся на такой пашы, больш калорый траціць на абагрэў свайго арганізма, чым атрымлівае іх, паядаючы пустую траву.
Даўно не было такога травянога лета, як сёлетняе. Дажджы ішлі, як па заказу, і травы літаральна бушавалі. Што, вядома, не адмяняла неабходнасці даглядаць пашу: не зрабі своечасова сустрэчнае падкошванне – і статку давядзецца пасвіцца на перастаяўшай, жорсткай траве.
Але, нягледзячы на багацце травастою, сярэднясутачны надой малака ад карову знізіўся – жывёлаводы, выказваючыся іх прафесійнымі клішэ, змінусавалі. За 9 месяцаў бягучага года ў сярэднім ад каровы надоена 3956 кілаграмаў малака, што ніжэй узроўню папярэдняга года. З пачэснага шостага места ў абласной зводцы вытворчасці малака наш раён перамясціўся на куды больш сціплае дзесятае.
Сутнасць падобнай сітуацыі мы паспрабавалі высветліць у таго ж Генадзя Іванавіча Малочкі.
–Нельга падыходзіць да ацэнкі работы жывёлагадоўчай галіны выключна з пазіцыі сярэднясутачных надояў, – адказаў ён. – Існуюць і іншыя паказчыкі, больш важныя. Да прыкладу, валавы надой. Дык вось, за 9 месяцаў мы атрымалі ад грамадскага статка 30328 тон малака, што да мінулагодняга ўзроўню складае 104 працэнты. Рэалізавана 25001 тона малака (106 працэнтаў).
Некаторае падзенне сярэднясутачных надояў выклікана значным прыростам пагалоўя дойнага грамадскага статка – з пачатку года яно вырасла на 597 галоў. Такі рэзкі колькасны скачок непазбежна скарачае магчымасць адбору жывёлы па прадуктыўнасці. Дадайце сюды і фізіялагічныя асаблівасці першацёлак, якія да малочнага максімуму прыходзяць паступова… Тым не менш мы робім усё ад нас залежнае. Ва ўсіх гаспадарках Астравеччыны дойны статак атрымлівае канцэнтраваныя кармы, прыгатаваныя ва ўласных камбікормавых цэхах, вытрымліваецца рэжым і збалансаванасць рацыёну па пажыўных рэчывах, практыкуецца ўтрыманне жывёлы па фізіялагічных групах.
У сярэднім за год, як расказаў Генадзь Іванавіч, запланавана атрымаць ад кожнай каровы па 5100 кілаграмаў малака. За 9 месяцаў года лепшыя фермы надаілі больш, як па 4,5 тысячы кілаграмаў. Так, на ферме “Беразоўка” атрымана ў сярэднім ад каровы па 4852 кілаграмы малака, на ферме “Варона” – па 4794, на ферме “Варняны” – 4665 кілаграмаў (усе – СВК “Варняны”). Па 4681 кілаграм малака атрымалі даяркі фермы “Міцюны” (СВК “Гервяты”), па 4594 кілаграмы малака – фермы “Рукшаны”, па 4586 – фермы “Індрубка” (абедзве – СВК “Гудагай”).
Нельга не ўзгадаць яшчэ адзін вельмі важны паказчык прадаваемай прадукцыі – яе якасць: сортам “экстра” рэалізавана 13 працэнтаў агульнай колькасці малака, атрыманага ў раёне, вышэйшым сортам – 77,6 працэнта, І-ым – 9,4 працэнта. Для параўнання: у сярэднім па вобласці сортам “экстра” рэалізавана толькі 8,1 працэнта здадзенага малака, вышэйшым – 59,8. Астравецкі раён узначальвае абласную “табель рангаў” па якаснасці рэалізаванага малака. І гэта прыносіць не толькі маральнае задавальненне, але і матэрыяльнае – аплата малака адбываецца ў адпаведнасці з яго якасцю.


Ганна ЧАКУР.