Навіны Астравецкага лясгаса
10:36 / 13.04.2018
Астравецкі лясгас адзін з першых сярод дзяржаўных лесагаспадарчых устаноў пачаў развіваць вальерную гаспадарку і разводзіць ланяў еўрапейскіх, плямістых і высакародных аленяў, муфлонаў. Паспяховае развіццё паляўнічай гаспадаркі дазволіла значна павялічыць папуляцыю гэтых жывёл.
– Рэалізацыя жывёлы, якая ўтрымліваецца ў вальерах, – складаны працэс, – тлумачыць намеснік дырэктара ДЛГУ «Астравецкі лясгас» па ідэалагічнай рабоце Пётр Зянонавіч Крупенчык. – Спачатку зарэгістравалі вальерную гаспадарку ў рэестры Мытнага саюза, потым правялі аналіз крыві на прадмет інфекцыйных хвароб. Пасля ўсіх нюансаў прадпрымальнік уласным транспартам забраў клеткі з жывёлінамі.
Да слова, лані, якія змянілі астравецкую прапіску на смаленскую, прынеслі лясгасу 48 тысяч рублёў.
Многія яшчэ памятаюць навіну аб тым, як на падворак адной з вуліц Астраўца прыйшоў воўк. Барацьбу з гэтым хітрым і моцным зверам працягваюць паляўнічыя.
Так званы жывёльны перапіс, які праходзіць зімой, выявіў на тэрыторыі лесапаляўнічых угоддзяў лясгаса 6 асобін ваўка. За 2018 год ужо здабыта 2 драпежнікі. У лідарах – егер Станіслаў Пашкевіч і апантаны паляўнічы Вадзім Міхцееў.
Экалагічны турызм – адзін з новых перспектыўных накірункаў работы лясгаса, які нядаўна выйграў грант ад акцыянернага таварыства «Інжынірынгавая кампанія «Атамбудэкспарт» на развіццё экалагічнай сцяжыны.
На атрыманыя сродкі былі набыты аб’ёмныя ЗD-мішэні для стральбы з лука. Праверыць сваю трапнасць на «лісе», «кабане», «рысі» і іншых макетах жывёл можа кожны ахвочы.