Падарожжа на Балакоўскую АЭС

16:12 / 06.07.2010
15

Такой далёкай вандроўкі ў мяне не было даўно. А што тычыцца Расіі, то далей Масквы я ўвогуле нідзе не бываў. Ды і тое ўжо даўно быллём парасло – два дзесяцігоддзі мінула. Таму калі выдалася нагода выбрацца больш чым за дзве тысячы кіламетраў ад роднай Астравеччыны, на другі бераг Волгі, ды яшчэ ў горад Балакова Саратаўскай вобласці, дзе вось ужо чвэрць стагоддзя працуе атамная электрастанцыя, успрыняў такую перспектыву з вялікім задавальненнем. Усё ж вельмі хацелася на свае вочы ўбачыць, як там “пад плотам” АЭС людзі жывуць? Ды і ўвогуле пазнаёміцца з Расіяй, якая з часоў былога Саюза стала хоць і блізкім, але замежжам.


За акном вагона

Падарожнічаць цягніком – задавальненне, трэба прызнаць, дваякае. З аднаго боку, канешне, ёсць куды ногі выцягнуць, косці размяць пры неабходнасці… А з другога, бачыць за акном бясконцыя палосы лесапасадак, якія ўшчыльную падступаюць да чыгуначнага палатна – не самы лепшы сродак для атрымання запамінальных уражанняў. Добра, што з Гудагая выехалі вечарам – праз некалькі гадзін, калі на зямлю апусцілася цемра, штосьці разгледзець за шклом усё роўна было немагчыма.
З першымі промнямі сонца – не хлушу, у цягніку звычайна сплю дрэнна, ды і прыгнятала пачуцце, што за ўсю дарогу нічога не ўбачу – зноў прыліп да акна.
Цягнік ужо імчаў па расійскай зямлі. Аб гэтым можна было здагадацца па няскошанай траве ля чыгункі. Ні ў якім разе не хачу прыпадабняцца да тых, хто свае ўражанні аб усходняй суседцы грунтуе выключна на растыражыраваных штампах аб паўсюднай неўпарадкаванасці, але з песні слова не выкінеш. Што было – тое было. А чаго не бачыў – аб тым гаварыць не стану.
Хоць бы аб той прыкрай расійскай усеагульнай запушчанасці і неахайнасці, калі ля дома “ні кала, ні двара”. Рознае, канешне, сустракалася. У тым ліку і такое. Але з большага – дамы ў расіян цалкам прыстойныя. Хоць і не такія, як у нашых аграгарадках. І ля дамоў усё што трэба – агарод, хлевушок…
Што ў Беларусі, што ў Расіі людзі розныя жывуць – і працаўнікі, і гультаі. І спрачацца з гэтым не мае сэнсу.


У “белакаменнай”
У Маскве жыццё ад правінцыі зусім адрознае – імклівае, бурнае, нават шалёнае. Гэта “рэчка” не сцішае свой бег ні днём, ні ноччу, ні ў будні, ні ў святы. А прыбылі мы туды з калегам, супрацоўнікам дырэкцыі будаўніцтва АЭС Уладзімірам Петрушкевічам, якраз у панядзелак, святочны дзень. Так-так, ніякай памылкі. Акурат напярэдадні Расія адсвяткавала Дзень Незалежнасці. А калі свята прыпадае на выхадны дзень, то ён аўтаматычна пераносіцца на панядзелак.
Тым не менш “белакаменная” “гула” нібы ўстрывожаны вулей. На вуліцах безліч людзей і яшчэ больш аўто, якія суцэльным патокам праносяцца міма з шалёнай хуткасцю. Прычым вадзіцелі тут са значна большым задавальненнем ціснуць на клаксон, чым на тормаз.
Не стану настойваць на сваім меркаванні, але з “перабудовачных” часоў знешняе аблічча Масквы змянілася мала. Яна, канешне, набыла новы твар у выглядзе нязвыклых для мінулага шыльдаў, якія запрашаюць, “навальваюцца” на людзей, што ідуць міма, напіраюць адна на адну. Танныя і дарагія, яркія і цьмяныя, з ілюмінацыяй і без. “”Банк”, “Ламбард”, “Салярый”, “Купім усё”. А за імі ўсё той жа сціплы фасад з далёкага мінулага. Абшарпаныя сцены, пафарбаваныя ў колер охры, разбіты асфальт…
Але пра цэнтр гэтага не скажаш. Тут бляск і прыгажосць! Гламур, як сёння кажуць. Праўда, нават Цвярская, знакамітая вуліца Горкага, некалі шматлюдная, выглядае ў гэтым бляску неяк пустынна і нелюдзіма. Радавым масквічам рабіць тут няма чаго. Насупраць модных буцікаў з астранамічнымі цэнамі ўнутры, можна хіба што сфатаграфавацца. Вось і сноўдаюць тут такія ж, як мы, праезджыя разявакі, якія марнуюць час ў чаканні наступнага цягніка.
Але ўсё гэта, здаецца, нікога не засмучае. Больш таго, Масква – горад, дзе зручна ўсім!
Каўказцам, якія зычным голасам прапануюць паездку ў любы горад Расіі, і адміністрацыі вакзала, якая па трансляцыі прызывае гэтай паслугай не карыстацца і пры тым глядзіць на “канкурэнтаў” скрозь пальцы.
Гандлярам, што гандлююць прама на асфальце, і міліцыянерам, якія гэтага не заўважаюць.
Спекулянтам ля білетных кас у метро і тым, каму лянота стаяць у даўжэзных чэргах.
Нават папрашайкам. Яны змяняюць адзін аднаго, нібы па раскладу. І ў кожнага свая “праблема” – даехаць да дому, вылечыць бабулю, знайсці дакументы…
Тут нават вераб’і развучыліся здабываць ежу натуральным спосабам! Яны нахабна лезуць проста пад ногі, хоць на любой маскоўскай памыйцы маглі б знайсці харчу на ўсё сваё вераб’інае жыццё! Масква…
І ўсё ж правінцыялу тут няўтульна. Залішне шумна, залішне людна і ўвогуле ўсяго залішне. Таму, збіўшы ўканец ногі, праз некаторы час з задавальненнем плюхаемся на паліцу цягніка на Балакова. Наперадзе яшчэ амаль суткі шляху.


На “атамку”!
– На “атамку” едзеце? – чамусьці адразу здагадалася наша суседка па купэ, жанчына сталых ужо гадоў, як толькі даведалася, што мы з Беларусі накіроўваемся ў яе родны горад. Здагадацца, між іншым, было не так і проста, як можа падацца. Балакова даволі буйны прамысловы горад, супамерны нашаму Гродна. І “атамка” там далёка не адзінае прадпрыемства. Ёсць буйная ТЭЦ, ГЭС, заводы хімвалакна, гуматэхнічных вырабаў, запасных частак, порт… Але замежныя госці, напэўна, часцей за ўсё бываюць менавіта на АЭС. Вось яна і зрабіла правільны вывад.
Разам з намі ў вагоне з дзесятак дзяцей рознага ўзросту.
—Да бабуль у госці едуць! – гледзячы на гаманлівую, непаседлівую дзетвару, удакладняе наша спадарожніца. – Я вось таксама ўнука да сябе вязу. – На суседняй лаўцы самотна пазірае ў акно падлетак. – Паехаў з бацькамі ў Прагу ды захварэў! Вось лячыць буду. Ён і не хацеў у тую Чэхію ехаць! Кожнае лета толькі ў мяне адпачывае, здароўя набіраецца. У нас там горача, сонца паўднёвае… А Волга якая!
З пункту погляду нашага абывацеля, ехаць адпачываць, тым больш лячыцца, “пад плотам АЭС” сама меней – легкадумна. А везці туды дзяцей – гэта ўвогуле вар’яцтва! Зрэшты, дзеля таго, каб разабрацца, вар’яты там жывуць ці нармальныя людзі, мы якраз і едзем.
Між тым кожная гадзіна шляху прыбаўляе ў вагоне гарачыні. Пакрысе змяняецца і знешні пейзаж. Неба становіцца высокім, сінім і празрыстым, без адзінай хмаркі. За стужкамі прычыгуначных лесапасадак бачыцца нязвыклая для нашага вока прастора – стэп. Нягледзячы на пачатак лета, травы ўжо амаль няма. Дажджы тут рэдкасць. Калі і бываюць, то кароткачасовыя. На паверхні зямлі вільгаць зусім не затрымліваецца. Тым, хто займаецца тут сельскай гаспадаркай, не пазайздросціш.


Балакова
Волга ўзнікае перад намі неяк вельмі нечакана. Спачатку ў выглядзе невялікай затокі, а затым разліваецца ва ўсю шырыню і моц проста пад калёсы цягніка, які рухаецца па плаціне гідраэлектрастанцыі. Як даведаліся пазней, даўжыня яе амаль паўтара кіламетра! А шырыня самой ракі ў гэтых мясцінах яшчэ на кіламетр большая!
Горад сустракае нязвыклай гарачынёй. Выпраўляліся з Гудагая, калі слупок тэрмометра не падняўся вышэй за 16 градусаў. Такое ж надвор’е сустрэла ў Маскве. А тут усе +35! Праўда, гарачыня, з-за сухога клімату, пераносіцца даволі лёгка. Прынамсі лягчэй, чым гэта магло быць у нас.
Пірамідальныя таполі на бульварах і абапал гарадскіх вуліц, мясцовы люд у шортах і сланцах на босую нагу, вялікая рака, ад якой вее прахалодай, дадаюць адчуванне курортнага горада. Увогуле, гэтае ўражанне не далёкае ад ісціны. У ваколіцах Балакова 5 баз адпачынку, 6 дзіцячых аздараўленчых лагераў, 7 санаторыяў і прафілакторыяў. А як жа экалогія? Тут жывуць нармальныя, адэкватныя людзі і гэта праблема іх безумоўна хвалюе. Толькі турбуе тутэйшых не столькі АЭС, колькі іншыя прамысловыя гіганты горада. Што ж да “атамкі” і яе шкодных радыеактыўных выкідаў, то аб іх велічыні сведчаць шматлікія інфармацыйныя табло, размешчаныя ў самых людных месцах горада. Пакуль мы тут былі, велічыня гама-фону не перавышала 0,10 – 0,12 мікразіверта ў гадзіну, што адпавядае натуральным значэнням радыяцыйнага фону. Дарэчы, тыя ж самыя адзінкі фіксуюцца сёння спецыялістамі і на Астравеччыне.
Не стану хлусіць, ёсць тут і тыя, хто, нягледзячы на аб’ектыўныя факты, усё роўна не згодны з экалагічнай чысцінёй Балакоўскай АЭС. Маўляў, сядзіць за інфармацыйным табло нейкі механік з адвёрткай і ўстанаўлівае патрэбныя значэнні. І гэта таксама адпавядае нармальным значэнням! Толькі не гама-фону, а грамадскай думкі.


Пад “плотам” АЭС
І ўсё ж абсалютная большасць насельніцтва Балакова станоўча адносіцца да дзейнасці АЭС. І гэта там, дзе ў пачатку 90-х людзі нават дарогу да электрастанцыі перакрывалі, каб спыніць яе дзейнасць. Сёння ж сітуацыя зусім іншая. Стабільная, безаварыйная работа прадпрыемства на працягу чвэрці стагоддзя пераканала мясцовых жыхароў у надзейнасці станцыі. Але гэта далёка не адзінае складаемае пазітыўных адносін насельніцтва да АЭС. У 1995 годзе тут першымі сярод расійскіх атамных электрастанцый стварылі цэнтр грамадскай інфармацыі. Працуе ён у кругласутачным рэжыме. У любы час сюды можна прыйсці альбо патэлефанаваць і атрымаць з кампетэнтных крыніц самую аператыўную інфармацыю. Найперш, канешне, аб тым, што здарылася на станцыі. Нічога тут ніколі не здаралася, але ўявіце сабе такую карціну. Імчаць да АЭС дзесяткі пажарных машын, хуткіх дапамог, вайсковых БТРаў… Невядома што можна падумаць! Насамрэч ідуць планавыя вучэнні. Аб іх супрацоўнікі цэнтра паведамляюць загадзя праз прэсу, тэлебачанне… Нават расцяжкі над гарадскімі вуліцамі размяшчаюць. У выніку з падазронага дзейства, якое магло выклікаць мноства чутак, атрымоўваецца відовішча з дзесяткамі гледачоў.
У цэнтр грамадскай інфармацыі можна прыйсці і без спецыяльнай нагоды. Проста так, пабавіць час. Тым больш, што заняць сябе тут сапраўды ёсць чым. Большасць макетаў – інтэрактыўныя. Круці-вярці колькі хочаш! Што асабліва падабаецца дзецям.
Мяне ж зацікавіў, нават уразіў стэнд з лічыльнікам Гейгера. Тым самым, які вымярае ўзровень радыеактыўнасці. У якасці вопытных узораў прапануюцца чатыры матэрыялы: калійнае ўгнаенне, граніт, мармур і… уранавая руда. Так, самая сапраўдная ўранавая руда ў звычайнай шкляной каробачцы! Шчыра кажучы, нават у мяне, і блізка не абцяжаранага радыефобіяй, адвольна ўзнікла жаданне адысці далей. А вось нашага экскурсавода, супрацоўніцу цэнтра Наталлю Бандарэнка, гэтае суседства з самай вядомай крыніцай радыяцыі, па ўсім відаць, ніколькі не хвалявала. Усміхнуўшыся, Наталля прапанавала расставіць кропкі над “І” тут і зараз. Дапамог гэта зрабіць той самы лічыльнік. Аказалася, што з усіх матэрыялаў найвышэйшую “актыўнасць” мае… калійнае ўгнаенне! Бяспечную для жыцця, канешне. Але дадзены факт, які зафіксаваў бясстрасны навуковы прыбор, як нельга лепш сведчыць аб нашай амаль усеагульнай падуладнасці стэрэатыпам і забабонам.
Вось таму тут, у Балакова, з “насцеж раскрытымі” вачыма ходзяць толькі госці з суседніх абласцей. Маўляў, як жа можна жыць пад самым “плотам” АЭС? Але, пагуляўшы па горадзе, пагутарыўшы з людзьмі, наведаўшы цэнтр грамадскай інфармацыі, у якім працуюць вельмі шчырыя, адкрытыя, зычлівыя супрацоўнікі, пры развітанні мяняюць сваю думку. Жыццё тут ідзе сваім парадкам. Такое ж, як і ў нас. Унукі едуць да бабуль, моладзь тусуецца, горад будуецца, рыбакі ловяць рыбу і ўсе з задавальненнем купаюцца ў Волзе. Праблема толькі з грыбамі. Бліжэйшы лес за 150 кіламетраў. Але гэта ўжо асобная гісторыя. І “атамка” да яе не мае ніякага дачынення!


Эдуард СВІРЫД.